Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранкоў стварае ў Эквадоры фонд дапамогі вязьням-замежнікам


фота: La Hora
фота: La Hora

Беларускі палітычны ўцякач у Эквадоры Аляксандар Баранкоў, якога эквадорскія ўлады адмовіліся дэпартаваць у Беларусь, якая патрабавала яго выдачы, вырашыў заняцца праваабарончай дзейнасьцю, паведамляе эквадорская газэта La Hora --> http://www.lahora.com.ec/index.php/noticias/show/1101404046/-1/Barankov_crear%C3%A1_fundaci%C3%B3n__para_presos_extranjeros.html#.UHU-HrD9HSg .

84 дні, якія правёў у эквадорскай турме былы беларускі вайсковец 30-гадовы Аляксандар Баранкоў перш чым улады ў Кіта адмовіліся выдаць яго Беларусі, зьмянілі ягонае жыцьцё. Цяпер ён плянуе адплаціць за салідарнасьць на свой адрас і стварыць фонд для дапамогі вязьням-замежнікам, а таксама дзецям, якія жывуць у эквадорскіх турмах разам з сваімі маці.

Галоўная паплечніца Баранкова ў арганізацыі праекту — ягоная нявеста Мабэль Андрадэ, эквадорка, якая была блізкім сьведкам зьняволеньня і працэсу падрыхтоўкі да экстрадыцыі свайго сябра. Апрача гэтага сваю дапамогу запрапанавалі замежныя праваабарончыя арганізацыі, эквадорскія ўнівэрсытэты, спэцыялісты і людзі добрай волі, якія думаюць над тым, як скіраваць дапамогу ў эквадорскія турмы.

Баранкоў кажа, што замежныя вязьні ў эквадорскіх турмах знаходзяцца ў складаным становішчы, на іх часта нажываюцца адвакаты, якія прапануюць свае паслугі, атрымліваюць грошы і больш ніколі не паказваюцца.

«Кожны зьняволены мае сваю гісторыю і незалежна ад таго, учынілі яны нейкае злачынства ці не — гэта людзі, якім патрэбны шанец, каб вярнуцца ў грамадзтва, каб не вярнуцца на злачынны шлях і зноў ня трапіць у турму», — кажа беларус, які не атрымаў амаль ніякай дапамогі ад эквадорскіх праваабарончых арганізацыяў.

Менавіта з гэтай прычыны ён вырашыў арганізаваць бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для замежных вязьняў, якія ня маюць свайго адваката, назіраньне за судовымі працэсамі, а таксама дапамогу дзецям, пазбаўленым свабоды разам з сваімі маці.

Баранкоў зазначыў, што хоць эквадорскія ўлады і гарантуюць дзяржаўнага адваката тым вязьням, якія ня ў стане аплаціць паслугі прыватніка, аднак у рэальнасьці справы выглядаюць інакш. Часам замежныя вязьні да двух гадоў чакаюць за кратамі рашэньня аб дэпартацыі, хоць паводле закону гэты тэрмін ня можа быць даўжэйшы за два месяцы, і пры гэтым не атрымліваюць ні ад кога ніякай дапамогі.

Цяпер вырашаюцца юрыдычныя пытаньні адкрыцьця фонду. Першымі запрапанавалі сваю дапамогу студэнты ўнівэрсытэту Сьвятога Францыска ў Кіта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG