Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плятформа»: Баранкоў ведаў пра махінацыі з нафтапрадуктамі


Суд Эквадора адмовіў афіцыйнаму Менску ў экстрадыцыі грамадзяніна Беларусі, былога супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў Аляксандра Баранкова, і пастанавіў вызваліць яго з-пад варты. Суд таксама пакінуў у сіле рашэньне даць Баранкову ў Эквадоры статус уцекача.

У кастрычніку 2011 году Нацыянальны суд Эквадора адмовіў уладам Беларусі ў выдачы Аляксандра Баранкова. Аднак сытуацыя зьмянілася ў чэрвені, напярэдадні візыту ў Эквадор кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйны Менск запатрабаваў яго экстрадыцыі, і Баранкоў з чэрвеня знаходзіўся пад арыштам. Камэнтуючы цяперашняе рашэньне эквадорскага суду, Баранкоў, як перадае агенства AP, заявіў, што ён шчасьлівы, бо яму ўратавалі жыцьцё.

У беларускім зьнешнепалітычным ведамстве, у Міністэрстве ўнутраных спраў, а таксама ў КДБ пакуль не камэнтуюць рашэньне Эквадора адносна Баранкова. Начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч сказаў:

«Пакуль ніякіх камэнтароў я ня буду даваць, бо літаральна на 15 хвілін заскочыў і зноў зьбягаю. Заўтра, не раней».

У Беларусі супраць Баранкова пачатая крымінальная справа ў сувязі з падазрэньнем у махлярстве і вымагальніцтве. Баранкоў заяўляў, што яго жыцьцю і здароўю пагражае небясьпека ў выпадку экстрадыцыі на радзіму, і прасіў палітычнага прытулку. Старшыня праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка вітае рашэньне эквадорскага суду:

«Мы як праваабаронцы зрабілі ўсё, што ад нас залежала, і мы рады, што эквадорскі ўрад трымаецца міжнароднага заканадаўства. І было абсалютна зразумела, што пры пазбаўленьні Аляксандра Баранкова статусу ўцекача і перадачы яго беларускім уладам ён тут будзе падвергнуты катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму, прыніжальнаму для чалавечай годнасьці абыходжаньню. Таму, ужо зыходзячы з гэтага, мы настойвалі, што перадаваць яго беларускім уладам немагчыма. Да гэтага прыйшоў і эквадорскі суд, чаму мы вельмі рады і вітаем такое рашэньне».

Бандарэнка паведаміў: праваабаронцам удалося ўстанавіць, што Баранкову, які працаваў у памежных войсках, стала вядома пра махінацыі з нафтапрадуктамі.

«І пра датычнасьць да гэтых махінацыяў вышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля гэтага ён пакінуў тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, і потым на яго было заведзена некалькі спраў. Гэта махлярства і хабар у буйным памеры. Эквадорскі суд прыйшоў да таго, што доказы, прадстаўленыя беларускім бокам, няпоўныя і ня могуць быць прынятыя для выдачы Баранкова. Беларускія ўлады, хутчэй за ўсё, не валодалі дастатковай інфармацыяй для таго, каб прад’явіць абвінавачаньне Баранкову. У новых запытах беларускага боку сталі фігураваць такія артыкулы, як здрада радзіме і разгалошваньне зьвестак, якія ўтрымліваюць дзяржаўную таямніцу. Гэта даволі жорсткія артыкулы, якія пагражаюць Аляксандру пакараньнем ажно да вышэйшай меры».

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец
Рашэньне адносна Баранкова прынятае прыкладна праз два месяцы пасьля візыту кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Эквадор. Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных сказаў карэспандэнту «Свабоды», што візыт і рашэньне па Баранкову — «гэта не зьвязаныя між сабой рэчы». Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, рашэньне па Баранкову паказвае, што ў Эквадора мала агульнага з рэжымам у Беларусі:

«Яны сёньня знаходзяцца ў такой спэцыфічнай сытуацыі і наагул дбаюць пра рэчы, якія важныя для іх. У эквадорскай амбасадзе ў Лёндане зараз знаходзіцца заснавальнік Wikileaks Джуліян Асанж, якога патрабуюць выдаць ЗША і Швэцыя. Ня так даўно Эквадор заяўляў, што ня будзе выдаваць гэтага дзеяча. І тут Эквадор, відаць, ня хоча, каб сытуацыя з экстрадыцыяй была павернута супраць яго. Нават некаторыя эўрадэпутаты мабілізаваліся ў падтрымку гэтага беларуса».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG