Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: Алянд ці Сарказі?


Пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі лідэрам стаў прадстаўнік апазыцыі сацыяліст Франсуа Алянд, які атрымаў 28,6 працэнта галасоў.

Дзейны прэзыдэнт Нікаля Сарказі адстаў ад яго на паўтара працэнта. На трэцім месцы з 18 працэнтамі галасоў апынулася лідэр правых Марын Ле Пэн. Другі тур выбараў адбудзецца 6 траўня.

Беларускія палітыкі і палітолягі ацэньваюць шанцы двух кандыдатаў на перамогу і разважаюць, хто зь іх больш увагі аддаваў бы беларускаму пытаньню.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў згадвае, што, як і ў 2010 годзе ў Беларусі, на выбарах у Францыі супраць дзейнага прэзыдэнта змагаліся 9 апазыцыйных кандыдатаў. Але і ход выбараў і вынік зусім іншы, чым у Беларусі:

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў
«Па ўсім астатнім былі вялікія адрозьненьні з нашымі выбарамі: на перадвыбарчыя сустрэчы Сарказі лятаў прыватна, за свой кошт, ня езьдзіў зь мігалкай па Парыжы падчас агітацыйных мітынгаў. Там былі жорсткія абмежаваньні ў СМІ на ўсіх, у тым ліку на дзейнага прэзыдэнта».

Андрэй Фёдараў зазначае, што вынікі першага туру фактычна пацьвердзілі папярэднія сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх абодва фаварыты прэзыдэнцкай гонкі ў Францыі мелі атрымаць прыблізна роўны вынік. Сацапытаньні таксама паказваюць, што ў другім туры Алянд апярэдзіць Сарказі на 10–15 працэнтаў. Няма падставаў не давяраць францускім сацыёлягам, кажа Андрэй Фёдараў і таксама прагназуе паражэньне дзейнага прэзыдэнта Францыі.

А палітык Вінцук Вячорка кажа, што сёньня яшчэ складана рабіць прагноз, хто пераможа 6 траўня:

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка
«Шмат што залежыць ад паводзін выбарнікаў з настроямі, правейшымі за цэнтар. Калі яны пойдуць на другі тур наагул і прагаласуюць за правацэнтрыста Сарказі, то тады ён перамагае, бо драматызаваць гэты адсотак розьніцы ніяк не выпадае, хаця Алянд усяляк пазыцыянуе сябе як пераможцу. Цікава, што Марын Ле Пэн фактычна ня вызначылася і казала штосьці пра патрыётаў Францыі, няважна, левага ці правага кірунку».

Вінцук Вячорка мяркуе, што, ацэньваючы стаўленьне абодвух кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта Францыі да Беларусі, важна ўлічваць традыцыйнае стаўленьне Парыжу да цяперашняга ўсходняга ўзьмежжа Эўразьвязу як да тэрыторыі ўплыву Расеі:

«Зрэшты, для францускай палітыкі абодвух кірункаў, што правага, што левага, такая завядзёнка даўно была характэрная. Іх болей цікавіла Міжземнамор’е, Арабія, чым такія краіны, як Украіна і Беларусь. Але, ведаючы дзіўную завядзёнку эўрапейскіх левых сябраваць з дыктатарскімі рэжымамі, заплюшчваць вочы на іхнія дзівацтвы, то мяркую, што лепей быў бы Сарказі».

Беларускі сацыял-дэмакрат Мечыслаў Грыб мяркуе, што прэзыдэнт-сацыяліст у Францыі быў бы больш карысны для Беларусі. Пры гэтым Франсуа Алянд мае вялікія шанцы на перамогу. Беларускія сацыял-дэмакраты даўно кантактуюць са сваімі аднадумцамі з Францыі праз «Сацінтэрн», кажа спадар Грыб:

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб
«Хоць такіх цесных стасункаў няма, як, напрыклад, з сацыял-дэмакратамі Нарвэгіі, Швэцыі, Нямеччыны. З Францыяй у нас былі значна слабейшыя адносіны. А калі Алянд прыйдзе да ўлады, а ён ужо пра сябе моцна заявіў, трэба будзе выходзіць, сябраваць з гэтымі людзьмі, знаходзіць нейкае паразуменьне».

Палітоляг Андрэй Фёдараў падкрэсьлівае, што францускія сацыял-дэмакраты шмат увагі аддаюць правам чалавека ў сьвеце, у тым ліку ў былым СССР:

«Але ў іх там столькі сваіх унутраных праблем, што ніхто зь іх ня будзе зьвяртаць на Беларусь увагі і надта клапаціцца пра тое, што тут адбываецца. У гэтым сэнсе, я думаю, вялікай розьніцы няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG