Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А дзе ж пісьменьнікі?


Агітбрыгада расейскіх журналістаў пасьля чарговага прэс-туру па Беларусі засталася, як заўсёды, задаволенай. Прадстаўнікам пераважна правінцыйных СМІ спадабалася ў нашай краіне ўсё – і новая агратэхніка на дагледжаных палетках, і спарткомплексы, і больніцы, і чыстыя вуліцы. Прыяжджае да нас зьнядоленая газэтчыца з якога-небудзь Урупінска ці Казадоеўска і захоплена ўсьплёсквае ручкамі: ах, у Беларусі дворнікі падмятаюць, камбайнэры жнуць, а даільныя апараты дояць… Дзівосы для расейскай глыбінкі.

Аднак гэтым разам у расквітнелай Беларусі гасьцям не хапіла адной дробязі. А менавіта – беларускай літаратуры. Усе прафэсіі навідавоку, а пісьменьнікі – кудысьці прапалі. Вымерлі ўсе да аднаго за дваццаць гадоў? У гастарбайтары за мяжу падаліся? Перакваліфікаваліся ў тыя самыя дворнікі? З удаванай прастадушнасьцю адна журналістка на прэс-канфэрэнцыі бязь лішніх выкрунтасаў так і спыталася: “А где же ваши писатели, Александр Григорьевич?”.

І Аляксандар Рыгоравіч, таксама ўдавана ўздыхнуўшы, патлумачыў, што за часы ягонага кіраваньня ў беларускай літаратуры нічога вартага, на жаль, не зьявілася. Так што няма каго ўзьнімаць на катурны.

Журналістка з хітрынкай у вачах выслухала даволі блытаную тыраду і ўдакладняць нічога ня стала. А ўдакладніць ня шкодзіла б.

Калі нічога вартага не зьявілася, то каго друкуюць на сваіх старонках
Калі ў прыўладным і шматлюдным Саюзе пісьменьнікаў Беларусі няма сапраўды маштабных творцаў, то навошта і каму такая арганізацыя патрэбная?

тыднёвік “Літаратура і мастацтва” і часопіс “Полымя”? Адных графаманаў? Калі ў прыўладным і шматлюдным Саюзе пісьменьнікаў Беларусі няма сапраўды маштабных творцаў, то навошта і каму такая арганізацыя патрэбная? Мікалаю Чаргінцу – дзеля прыробку да пэнсіі? Калі той саюз – пустое месца, то чаму ўсе ягоныя функцыянэры сядзяць на дзяржаўных акладах і ў вус ня дзьмуць?

Чаргінец у інтэрвію “Нашай ніве” нядаўна прызнаўся, што яго ягоныя ж саюзьнікі змушаюць абярэмкамі насіць Аляксандру Лукашэнку іхнія кнігі. Цягнуць спачатку ў саюз – з патрабаваньнем перадаць прэзыдэнту. Той пачытае і ацэніць. Нешта пакуль не ацаніў.

Па іроніі лёсу мне аднойчы давялося прысутнічаць пры перадачы кнігі прэзыдэнту. Анатоль Сыс падчас нейкага пісьменьніцкага сходу схапіў Мікалая Чаргінца за рукаў і дэманстратыўна ўручыў яму свой новы паэтычны зборнік з гэткім надпісам: “Алесь, любі Беларусь, любі сваю маці. Яна ў цябе старэнькая, як і ў мяне. Дык беражы яе!”. Ці перадаў Чаргінец кнігу таму, каму яна падпісвалася? Сумняваюся. І рэкамэндую калегам несьці свае шэдэўры адразу на Маркса, 38. Бо на Фрунзэ, 5 – перадатчык ненадзейны. Нясіце, але будзьце гатовыя да лупцоўкі амапаўскімі дручкамі, бо любыя несанкцыянаваныя шэсьці ў раёне рэзыдэнцыі прэзыдэнта разганяюцца імгненна.

Беларуская літаратура ў нашай краіне – занятак, трэба прызнаць, небясьпечны. Паколькі з гэтай самай літаратурай улада вядзе вайну. І
Беларуская літаратура ў нашай краіне – занятак, трэба прызнаць, небясьпечны. Паколькі з гэтай самай літаратурай улада вядзе вайну.

аўтару гэтых радкоў нават давялося прысутнічаць пры яе абвяшчэньні. Я маю на ўвазе першую і апошнюю сустрэчу кіраўніка краіны з пісьменьнікамі, якая праходзіла ўлетку 1998 году ў тым самым вядомым будынку на Маркса, 38. Тады перамовы (заініцыяваныя Ўладзімерам Някляевым і задуманыя як мірныя) працягваліся чатыры гадзіны, з якіх тры з паловай гаварыў гаспадар кабінэту. Ён параўноўваў літаратуру з вялікай палітыкай, напорыста перабіваў пісьменьнікаў, і было зразумела, што яны для яго – як змабілізаваныя ў палітычнае войска жаўнеры. А ў войску не пярэчаць – выконваюць каманды. Чаго толькі ні наслухаліся пісьменьнікі на той сустрэчы! І што “писательское перо – острое оружие”, і што “президент готов поддержать тех писателей, которые поддерживают власть”, і што “учебник по литературе должен быть, как с хорошей стали отточенный меч”. Усім прысутным адразу стала ясна, што літаратуры, якая не жадае станавіцца “ва фрунт”, беларуская ўлада абвяшчае вайну. І вайна сапраўды пачалася.

Спачатку беларускіх пісьменьнікаў выціснулі з дзяржаўнага тэле- і радыёэфіру. Затым закрылі ім доступ на старонкі масавых грамадзка-палітычных газэтаў. Потым улады стварылі свой Саюз пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Мікалая Чаргінца і паспрабавалі ў судовым парадку ліквідаваць ня свой. Потым адбылася гвалтоўная касьцянізацыя айчыннай літаратуры, калі літаратурнымі пэрыёдыкамі быў пастаўлены кіраваць чыноўнік па прозьвішчы Касьцян. Потым міністар адукацыі А. Радзькоў (сёньня – намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі) разаслаў у падведамасныя ўстановы адмысловае распараджэньне, якое забараняла
Школьнікі вывучаюць на ўроках творчасьць народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, а сустракацца мусяць з графаманам N., які за ўсё жыцьцё тры разы надрукаваўся ў раёнцы

сустрэчы вучняў і студэнтаў з пісьменьнікамі, што належалі да “няправільнага” саюзу. У тым жа міністэрскім рэскрыпце рэкамэндавалася наладжваць сустрэчы з “правільнымі”. Па-мойму, гэта самы ганебны дакумэнт, які выходзіў калі-небудзь са сьценаў Міністэрства адукацыі. Вымалёўвалася проста абсурдная сытуацыя: школьнікі вывучаюць на ўроках творчасьць народных паэтаў Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, а сустракацца мусяць з графаманам N., які за ўсё жыцьцё тры разы надрукаваўся ў раёнцы, але ў прыўладны Саюз пісьменьнікаў быў прыняты безадкладна.

Абсурдную сытуацыю ўзяўся выпраўляць усё той жа чаргінцоўскі саюз – з дапамогай дырэктыўных органаў. Цытую паводле афіцыйнага сайту СПБ:

Наш Саюз мае права рэкамэндаваць Інстытуту адукацыі і Міністэрству адукацыі найбольш таленавітыя творы, якія былі надрукаваныя і набылі станоўчы водгук на працягу апошніх 10–15 гадоў. Прыйшлі новыя пакаленьні, новыя творцы: М.Башлакоў, З.Марозаў, М.Мятліцкі, Г.Пашкоў... Чаму іх творчасьць павінна заставацца ў тэндэнцыі замоўчваньня, а з клясы ў клясу дзеці павінны вывучаць толькі Р.Барадуліна і Г.Бураўкіна? Што тычыцца журналісткі С.Алексіевіч, дык яна ніколі ня мела адносінаў да беларускай літаратуры. Гэта расейскамоўны журналіст, і з яе творчасьцю павінны знаёміцца па праграме “Расейскамоўныя пісьменьнікі Беларусі”.
Пасьля такой цытаты мне хочацца зьвярнуцца да швэдзкіх акадэмікаў, каб пачакалі з разглядам творчасьці Сьвятланы Алексіевіч. Нобэлеўскую прэмію яшчэ не атрымалі Зьмітрок Марозаў, Мікола Мятліцкі, Міхась Башлакоў і Генадзь Пашкоў. Іх вершы, як і проза яшчэ аднаго актывіста СПБ Георгія Марчука, ужо запакоўваецца на менскім паштамце для высылкі ў Стакгольм. Творы іх надзіва зьмястоўныя і высокамастацкія, як напрыклад, верш пад назвай “Трактарыст”:

З-за нікчэмнай прэміі – ватоўкі,
Што табе па праву не далі,
Нібы дэзэртыр вінтоўку,
ты пакінуў трактар на ральлі…


Магчыма, радкі пра пакрыўджанага трактарыста ня ўразяць швэдзкіх акадэмікаў. Тады ім нічога не застанецца, як прачытаць вершы яшчэ аднаго беларускага паэта, які своечасова зьмікіціў, за каго аддаць свой паэтычны голас на старонках часопіса, які сам і рэдагуе. Паэт нібы зьвяртаецца да Беларусі, але зь яўным разьлікам, што будзе пачуты і там, дзе трэба:

А ты галасуеш па клічу сэрца,
А ты галасуеш душой і зрокам.
Ня трутняў спажывы, а аднаверцаў
маеш у сьвеце шырокім.


Ну, хто цяпер паверыць, што чарговы рэфэрэндум ці выбары ў Беларусі сфальсыфікаваныя? “Пропечатал в газете, и порядок”, – як гаварыў незабыўны Паліграф Паліграфавіч Шарыкаў.

“А што вы хочаце? Каб пісьменьнікі-апазыцыянэры вывучаліся ў школах!?” – чую я злараднае хіхіканьне калегаў па пяры, што прысягнулі на вернасьць уладзе. Але няўжо вы, пільнавокія і чуйнавухія, ня бачыце, што ўлада ваюе не з імёнамі, не з “няправільнымі” аўтарамі, а з усёй беларускай літаратурай?

Для гэтай улады і Янка Купала – апазыцыянэр, бо ў трагікамэдыі
Для гэтай улады і Янка Купала – апазыцыянэр, бо ў трагікамэдыі “Тутэйшыя” вывеў на сьвятло рампы прыстасаванца і прайдзісьвета Мікіту Зноска.

“Тутэйшыя” вывеў на сьвятло рампы прыстасаванца і прайдзісьвета Мікіту Зноска. І сёй-той, между протчым, пазнаў у ім сябе. А каму ахвота глядзецца ў крывое люстэрка? Вось і вылецелі “Тутэйшыя” са школьных хрэстаматый – па камандзе баязьлівых чыноўнікаў, якім у самім спалучэньні словаў “Купала Янка” няйначай чуецца “лаянка”.

Сёньня ўжо ўсе забыліся пра незавершаныя выданьні збораў твораў Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка і Віктара Карамазава. З часу, калі выйшлі першыя тамы, прайшло ўжо больш за пятнаццаць гадоў, а пра наступныя – і гаворкі няма. У маім кнігазборы ёсьць маскоўская “Литературная энциклопедия” ў 12 тамах (гады выданьня 1929-1939). Яна некамплектная – няма дзясятага тому. Доўгі час я дапільноўваў у букіністычных аддзелах той дзясяты том. Пакуль не даведаўся, што ён і не выходзіў. Аказваецца, там быў артыкул пра Сталіна, які не спадабаўся самому правадыру. І – дзясяты том быў забаронены. Сталін забараніў самога сябе, а разам і сотні другіх пісьменьнікаў… Хто забараніў Адамовіча з Адамчыкам?

Падобных прыкладаў я мог бы прывесьці безьліч. Распачатая ўладай вайна з беларускай літаратурай працягваецца і сёньня. На яе перадавых пазыцыях не грымяць гарматы. Затое пагрымваюць друкарскія варштаты, якія ў мільёнах асобнікаў друкуюць літаратуру ўсіх часоў і народаў – па-расейску. Зайдзіце ў любую кнігарню і вы пабачыце, як шматлікія паліцы з расейскамоўнай літаратурай узялі ў аблогу і заціснулі ў куток некалькі палічак з беларускімі кніжкамі.

У тон друкарскім варштатам пагрымваюць і амапаўскія дручкі – па шчытах ці па галовах – па чым патрапяць. І калі дручок апусьціўся на галаву кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева – ён біў і па беларускай літаратуры.

Калі зьбіты да непрытомнасьці і выкрадзены зь лякарні паэт знаходзіўся ў засьценках КДБ, Мікалай Чаргінец выступіў з адмысловай заявай, у якой асудзіў калегу і прызнаў дзеяньні сілавікоў правамоцнымі.

У Максіма Гарэцкага ёсьць апавяданьне “Дурны настаўнік”. У ім настаўніка-бязбожніка вясковыя падшыванцы дражняць: “Плюнь на царкву – дам бублік”. І той пляваў, і атрымліваў “бублік”. Ці не апынуліся сёньня ў ролі гэткіх “настаўнікаў” і некаторыя “правільныя” пісьменьнікі, якія на загад зьверху, у чаканьні “бубліка”, гатовыя назваць чорнае белым, а рыдлёўку далакопа – лапатай клапатлівага садоўніка…

У 1942 годзе ў праскую кватэру Ларысы Геніюш заявіліся два нямецкія афіцэры і прапанавалі propagandе machen (рабіць прапаганду). Паэтка рашуча выгнала іх прэч, рызыкуючы трапіць у Асьвенцым. Чым сёньня рызыкуюць чальцы прыўладнага саюзу? Дабрабытам? Месцам у чарзе да варштата Скарыны? Пагадзіцеся, рэчы – несувымерныя.

Мой знаёмы літаратар, які ўступіў у прыўладны саюз нібыта каб ня
Калі пісьменьнік і павінен камусьці служыць, то хіба радзіме, а дзяржаве хай служаць КДБ і АМАП.

страціць працу, пры сустрэчы апраўдваўся, маўляў, я служу ў дзяржаўным выдавецтве, значыць – служу дзяржаве. Што можна сказаць на падобныя апраўданьні? Калі пісьменьнік і павінен камусьці служыць, то хіба радзіме, а дзяржаве хай служаць КДБ і АМАП.

У выдатнага расейскага паэта Барыса Слуцкага ёсьць страшнаватыя радкі пра дзяржаву: “Государи должны государить, государство должно есть и пить, и должно, если надо, ударить, и должно, если надо, убить”. І, “калі было трэба”, дзяржава не раздумваючы забівала ўласных грамадзянаў. У Курапатах, у Гулагу, у Катыні… Два гады таму ў сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшла кніга “Расстраляная літаратура”. Там зьмешчаныя творы 66 беларускіх аўтараў, зьнішчаных бальшавіцкай уладай – ад Фабіяна Шантыра, расстралянага ў 1920-м, да Янкі Філістовіча, расстралянага ў 1950-м. Гэтай страшнай анталёгіі нельга паказваць школьнікам, бо Мінадукацыі ў навучальнай праграме па літаратуры патрабуе: “Выключыць нэгатыўныя палітызаваныя ацэнкі літаратуры 30-50-х гадоў”.

Да ўлады ў мяне пытаньняў няма. Сваю антыбеларускую сутнасьць яна паказала даўно і з тае пары не прыхоўвае. Але мне хочацца спытацца ў тых неабдзеленых талентам пісьменьнікаў, якія сёньня пішчом лезуць у школьныя праграмы, якія выдаюцца ў дзяржаўных выдавецтвах,
Няўжо вы думаеце, што з назапашаных за пазухай камянёў можна збудаваць сабе надзейны пастамэнт?

выступаюць па дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, якія ўзначальваюць рэдакцыі і спадцішка радуюцца, што яны нарэшце возьмуць сваё, якія атрымліваюць пазалочаных апалёнаў з рук улады: калегі, а сумленьне ў вас ёсьць? Няўжо вы думаеце, што з назапашаных за пазухай камянёў можна збудаваць сабе надзейны пастамэнт? Разваліцца ён, і грымнецеся вы долу, як было ўжо ня раз у гісторыі ў падобных выпадках. І вы пра гэта ведаеце. Ведаеце, і працягваеце propagandе machen па камандзе тых, хто распачаў вайну з беларускай літаратурай. Толькі дарэмныя вашыя высілкі. Бо, як сказаў клясык, “на шыбы вечнасьці ўжо лягло яе дыханьне і яе цяпло”. Бо ваяваць з літаратурай – як страляць па зорках з рагаткі.

У фашыстоўскай Нямеччыне таксама змагаліся з літаратурай і нават палілі кнігі на плошчах. Прыкладна ў той самы час у двары менскай турмы-амэрыканкі таксама гарэлі вогнішчы з кніг. Паўтары тысячы назваў – сьпіс гэты апублікаваны ў кнізе Аляксандра Лукашука “За кіпучай чэкісцкай работай”. Былі там кнігі Максіма Багдановіча, Язэпа Пушчы, Уладзімера Дубоўкі, Вацлава Ластоўскага, Уладзімера Жылкі… Жудаснае відовішча – агонь гартае і ператварае ў попел белыя старонкі. Пра гэта напісаў адзін паэт, якога ўлады таксама выкідалі са школьных падручнікаў. Звалі яго Бэртольд Брэхт.

Калі загадалі нацысты публічна спаліць
Кнігі са шкодным зьместам,
Калі адусюль цягнулі валы да кастроў
Павозкі з кнігамі,
Адзін ганімы паэт, адзін з самых лепшых,
Прачытаўшы сьпіс спаленых, жахнуўся,
Чаму яго кнігі забыты.
Акрылены гневам,
Ён падбег да пісьмовага стала
І напісаў ліст да тых, у каго ўлада.
“Спаліце мяне! Не зьневажайце мяне!
У сьпіс уключыце мяне!
Хіба я ў сваіх кнігах не пісаў шчырую праўду?
Чаму ж вы ставіцеся да мяне, як да лгуна*?


Хто з прыўладнага пісьменьніцкага саюзу змог бы сёньня паступіць як брэхтаўскі Паэт? Вось, скажам, прыехаў антыфашыст Брэхт у лукашэнкаўскую Беларусь і пытаецца – хто? А ў адказ яму чуецца: “Не всё плохое в истории Германии было связано с Гитлером”…

Дык дзе ж яны, беларускія пісьменьнікі? – пытаньне пад шклянымі скляпеньнямі Нацыянальнай бібліятэкі так і засталося без адказу. На вайне – адкажу я. На грамадзянскай вайне, дзе ідзе змаганьне за сучаснасьць і будучыню Беларусі і за тое, каб ва ўласнай краіне ня дыхаць крадзеным паветрам.

*Пераклад зь нямецкай мовы Аляксея Зарыцкага.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG