Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыя супраць — пад пытаньнем


Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора
Замоўленыя гомельскімі грамадзкімі актывістамі сходы для агітацыі выбарцаў супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі — пад вялікім пытаньнем.

Старшыня Савецкай раённай камісіі па выбарах прэзыдэнта, ён жа намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі, Мікалай Малы паведаміў заяўнікам Уладзімеру Кацору й Васілю Палякову, што ня супраць правядзеньня сходу выбарцаў 10 сьнежня ў ДК «Фэстывальны». Але ж патрэбна зьвярнуцца ў гарвыканкам, указаць мэту сходу, захады па забесьпячэньні грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і ўборкі «тэрыторыі пасьля правядзеньня на ёй масавага мерапрыемства».

Апрача таго, у бліжэйшы час у памяшканьні «Фэстывальнага» адбудзецца шмат сустрэчаў давераных асобаў кандыдатаў на прэзыдэнта. Мікалай Малы раіць грамадзкім актывістам на гэтых сустрэчах «адкрыта абмеркаваць… перадвыбарчыя праграмы кандыдатаў і іх дзелавыя якасьці».

Кацора: «Група грамадзянаў спрабуе рэалізаваць сваё права на агітацыю супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандара Лукашэнкі ў вызначаных уладамі месцах для агітацыі. Але бачна, што гэта напалохала мясцовыя ўлады. Нас адсылаюць па новыя дазволы».

Спусьцілі на тармазах і другі сход выбарцаў, замоўлены Валерам Клімавым і Ўладзімерам Сякеркам на 12 сьнежня ў вучэбна-мэтадычным цэнтры Гомельскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў. Гараджане тут таксама меліся агітаваць супраць Аляксандара Лукашэнкі, які балятуецца на пост прэзыдэнта ўжо на чацьверты тэрмін.

І хаця памяшканьне вучэбна-мэтадычнага цэнтру таксама вызначана як месца для агітацыі, старшыня выбарчай камісіі Цэнтральнага раёну, ён жа намесьнік кіраўніка раённай адміністрацыі, Андрэй Гарбачоў паведаміў заяўнікам, што 12 сьнежня — нядзеля, і яна зьяўляецца «выходным днём для ўсіх працаўнікоў згаданай установы». Выбарчае ж заканадаўства не прадугледжвае зьмены графіка працы ўстановаў, якія зьяўляюцца ўласьнікамі памяшканьняў, прызначаных для агітацыі.

Заяўнікі сходаў зьвярнуліся да старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і запатрабавалі на падставе выбарчага заканадаўства даць памяшканьне для сходу выбарцаў. Тым больш што заяўнікі паінфармавалі выбарцаў пра сходы ў ДК «Фэстывальны» й вучэбна-мэтадычным цэнтры Гомельскага абласнога аб’яднаньня прафсаюзаў.

Аднак спадарыня Ярмошына накіравала лісты заяўнікаў у Гомельскую абласную тэрытарыяльную камісію па выбарах прэзыдэнта, якая мае права даць ім адказы цягам трох дзён. Акурат калі сыдзе замоўлены тэрмін сустрэчы з выбарцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG