Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванова. Сваё і куплёнае


Я сапраўды люблю маленькія правінцыйныя музэі. Асабліва створаныя людзьмі неабыякавымі да гісторыі ці апантанымі творчасьцю. Як гістарычны музэй у палескай вёсцы Навасёлкі ці музэй драўлянай скульптуры «Лінія Лізуры» ў Старых Дарогах. Таму, калі я з інтэрнэту даведаўся, што ў маленечкай вёсцы Леванова, што пад Барысавым, сіламі мясцовых пэнсіянэрак створаны музэй вясковага побыту, я ня доўга чакаў.

«За гарою ў калодца
Дзе студзёная вада
Усьлед за жнейкаю вязала
Снапы дзеўка малада».


Старыя сялянкі сярод старадаўніх калаўротаў, ручнікоў і куфраў хорам сьпяваюць песьню. Карціна пакуль яшчэ ў Беларусі ня рэдкая. І зусім не пастановачная. Бо сьпяваюць старыя для душы. Але вось зьмест песьні ніяк не гармануе з формай старасьвецкага антуражу. Бо сьпяваюць сялянкі на трасянцы і пра калгас.

«Усьлед за жнейкаю вязала
Снапы деўка малада».


Старыя сабраліся, каб паказаць мне свой музэйчык. Вёска Леванова — вёска маленькая. Без аграгарадку і бяз школы. Але зь бібліятэкай. Яе загадчыца Марыя Несьцяровіч і выступіла ініцыятаркай стварэньня экспазыцыі. Старыя леваноўкі сабралі калекцыю з прадметаў побыту сваіх бацькоў і бабуль. Жорны, пранікі, калаўроты, кросны, ручнікі, самавары, адзеньне, калыскі, іконы. І ўсё гэтае багацьце зусім не нагадвае склад забытых рэчаў. Бо кожны экспанат у сваім асобным пакоі і на сваім месцы. Сярод квецені ручнікоў на старасьвецкім ложку сядзіць пара лялек у чалавечы рост.


Карэспандэнт: «А хто гэта сядзіць?»

Марыя: «Гэта гаспадыня і гаспадар. Курыла і Марфа».

Карэспандэнт: «Гэта былі рэальныя людзі?»

Марыя: «Так. Гэта людзі былі з нашай вёскі. Курыла быў ветэран вайны. Узнагароджаны ордэнам чырвонай зоркі. Марфа — яго жонка. Была вельмі добрая працаўніца. Рабіла на сваёй зямлі і гадавала дзяцей. Мы вырашылі, што тут будзе сялянская хата, а другі пакой — гэта прадметы народнага побыту. Менавіта прадметы леваноўскія ўсе. Зьбіралі ж усё ў Леванове».

Карэспандэнт: «А як дзеці ставяцца да ўсяго гэтага?»

Марыя: «Дзецям цікава. Толькі ў нас дзяцей у вёсцы мала. Мне бабуля падаравала боцікі, у якіх выходзіла замуж. Ім сто дзесяць гадоў. І мы ўвесь дзень прысьвяцілі гэтым боцікам».


Боцікі сапраўды былі знатныя. І зграбныя, і дыхтоўна зробленыя. Зрэшты, любая рэч, якой больш за сто гадоў набывае магію прамінулага часу. Самы звычайны хімічны аловак 30-х гадоў нясе таямніцу і энэргію сваіх гаспадароў. Бо гэтым алоўкам маглі ставіць палачкі за працадні, а маглі пісаць даносы.

Марыя: «Даўней гэтыя боцікі ня кожны мог абуць. Гэта лічылася шыкоўная вопратка. Ды хромавыя. Гэта ж чыстая скура! А баба была багатырка, гэтая жанчынка. А вось калыска, якой семдзесят гадоў. А яшчэ ў мяне ікона. Маёй сьвякроўкі маці ішла замуж з гэтай іконай і з гэтым ручніком. Ну і куфар. У куфры ў мяне многа багацьця. У краме такога ня купіш. Такія посьцілкі прыгожыя.»


Музэй у Леванове інтэрактыўны. Бо ўсе рэчы ня проста працуюць. На іх ёсьць каму працаваць. Напрыклад, Соф’я Моніч, невысокая і ўвішная, па-гаспадарску села за бабуліны старыя кросны.


Зося: «І сьвіткі шылі, сукно ткалі.І посьцілкі, і рушнікі, І скацеркі. Усё ў ручную рабілі».

Карэспандэнт: «А калі людзі пачалі адмаўляцца ад сваіх кроснаў? Пасьля вайны?»

Зося: «Пасьля вайны ткалі на сваіх кроснах. Недзе ў 54-м, 56-м пачалі ўсё купляць. Зь Леванова хадзілі ў Менск пешкі. Каб здабыць магазіннага. Ужо ж моладзь была радая, давольная. Усякага было зручнейшага і прыгажэйшага, чым гэтае тканае. Хаця людзі цяпер цікавяцца і тканым. Як, напрыклад, цыганы ходзяць. Пакажы ім посьцілкі, просяць, каб ім далі. Моладзь у гэта ня ўцягнеш, у тканьне».

Карэспандэнт: «А гэта адбывалася ўвечары?»

Зося: «Днём толькі ткалі. А ўвечары пралі. На попраткі хадзілі, зьбіраліся пры камянку. Цяпло гарыць, сядзеш і цёпла. Пралі».

Карэспандэнт: «А колькі часу трэба, каб выткаць…»

Зося: «Гэтую халсьціну? Напрыклад, тую посьцілку — тры мэтры за тры дні выткалі. За два дні. Як у каго час дазваляў».

Ой, вязала дзеўка, пела
Што ў калхозе добра жыць
Есьлі чэсна дзела зьдзелаў
Есьлі труд свой палюбіць

Цяжка ўявіць, што самабытная лёгкая прамысловасьць яшчэ дзейнічала паўстагодзьдзя таму. Круціліся самапрадкі, грукалі кросны. А магазіннае прыйшло толькі ў сярэдзіне 50-х. Дарэчы, цыгане, якія за капейкі скупляюць саматканыя рэчы, зусім не дурныя. Бо сапраўдная каштоўнасьць гэтых кашуль і абрусаў праявіцца пазьней. Ведаеце, колькі каштуе ў Лёндане капялюш-кацялок, зроблены рукамі па старых тэхналёгіях? Некалькі соцень фунтаў стэрлінгаў. І канкурэнцыя з боку кітайскіх вытворцаў ангельскаму кацялку не пагражае. Леваноўка Надзея Галуза нарэшце паказала мне, як працуе калаўрот.


Карэспандэнт: «А колькі гадоў гэтаму?… Як гэта называецца? Калаўрот?»

Надзея: «Самапрадка па-беларуску».

Карэспандэнт: «І колькі гэтай самапрадцы гадоў?»

Надзея: «Гадоў сто ўжо ёсьць, калі ня болей.

Надзея: «Круціцца нітачка вось так, так. Вось так нітачкі пралі. І з гэтых нітачак ткалі гэта ўсё. Цяпер, здаецца, многа работы. А раней жа ж яшчэ было болей работы. Трэба напрасьці, наткаць. А пашыць жа ж яшчэ!»

Карэспандэнт: «Што гэта вам дае?»

Надзея: «Я сяджу, мне гэта такое задавальненьне».

Іншая старая, Марыя Баравуля, лічыць самапрадку «ісчадзіем» прагрэсу. І трымаецца яшчэ больш даўнейшай тэхналёгіі.



Марыя: «Даўней пралі на верацяно. Хоць і самапрадкі былі. Але ўсё роўна на верацяно пралі вось так. Зашчэплівалі і вось так во круцілі».

А ў атвет хлеба шумелі
Гаварылі зь ей а том,
Што калхознае багацтва
Сьмела ўходзіт у каждый дом

Тады, у сярэдзіне 50-х разам з магазінным адзеньнем у сялянскія хаты прыйшлі патэфоны з адпаведнымі кружэлкамі. І менавіта калгасныя песенькі з гэтых кружэлак, як галоўны музычны цуд дзяцінства, заселі ў памяці маіх суразмоўніц. І таму паміж ураджэнкамі канца 20-х і народжанымі напрыканцы 30-х пралягае культурная прорва. 80-гадовыя ніколі не сьпявалі мне пра калгаснае шчасьце. І пра вайну расказвалі як пра бяду, убачаную і асэнсаваную дарослымі вачыма. Для 70-гадовых мінулая вайна — далёкая дзіцячая прыгода. Як для леваноўкі Тацяны Багаславай.

Тацяна: «У нашай хаце, я помню, французы былі. І я помню, малая я была, Мама капусту крыша. А француз выйшаў і глядзіць. А я баюся-баюся, хаваюся. Я кажу: «Мама, ты не баісься іх?» Яны па хатах хадзілі і прасілі. «Яйка, млека». І перамоўшчык зь імі хадзіў. А мама мая кажа: «Скульля вам, а ня яйка. Праз пэўны час прыходжуе перамоўшчык і маму плёткай біць. «Хай твае дзеці ядуць салому. А нам трэба яйка».

Адзін мой знаёмы расказваў, што едучы па беларускіх дарогах і бачачы галасуючых бабуль, ён перш-наперш пытаецца, за каго галасавала бабуля на выбарах. І калі чуе слова «Лукашэнка», дык раіць бабулі пачакаць прэзыдэнцкага картэжа. Маўляў, хай ён цябе і падвозіць. Раней мне ягоныя паводзіны падабаліся. Але чым далей, тым больш мне робіцца шкада нашых калгасных бабуль, якія чакаюць чарговых выбараў, як сьветлага прышэсьця. Я іх падвожу.

Карэспандэнт: «Лукашэнка пойдзе на чацьвёрты тэрмін».

Марыя: «Ён ужо знае, дзе куды абраціцца. Дзе ў каго штосьці папрасіць. Дзе каму штосьці даць».

Тацяна: «Мы „за“».

Надзея: «Ён сам з такога самага, як і мы».

Марыя: «Рабочы люд ён ведае».

Карэспандэнт: «А што б вы яму пажадалі? Ці, наадварот, папрасілі? Ці параілі б нешта…»

Марыя: «Мы яму ня раім. Бо ён умны. Але папрасіць бы папрасілі. Дзеці без кватэраў».

Надзея: «Для сельскай мясцовасьці хочацца нешта папрасіць. Каб людзі не выяжджалі зь вёскі. Але ці гэта магчыма?…»

Тацяна: «Даўнія людзі казалі: хто мяняе, у таго хамут гуляе. Каня хто мяняе. Здаецца памяняе на добрага, а ён ня цягне. Убакі ходзіць. І хамут гэты вісіць. Таксама і Лукашэнка. А чым Лукашэнка благі?»

Надзея: «Ад калгасьніка да прэзыдэнта дайшоў! Дык што вы хочаце?»


Ой, магуча наша сіла
Шыракі нашы паля
Ізабільная радная
Беларуская зімля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG