Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыльёны, закапаныя ў зямлю


Андрэй Харкавец
Андрэй Харкавец

Больш за 12,8 трыльёна рублёў уклалі ў сельскую гаспадарку Беларусі ў 2009 годзе. Такую лічбу назваў сёньня міністар фінансаў краіны Андрэй Харкавец у Палаце прадстаўнікоў, дэпутаты якой 10 чэрвеня зацьвердзілі справаздачу ўраду аб выкананьні рэспубліканскага бюджэту за 2009 год.


Андрэй Харкавец сказаў, што, нягледзячы на фінансавы крызіс, фінансаваньне сельскай гаспадаркі працягвалася і нарошчвалася:

«Агульная сума дзяржаўнай дапамогі аграрнаму сэктару эканомікі летась склала больш за 12,8 трыльёна рублёў. У гэты разьлік уключаныя фінансаваньне зь бюджэтаў усіх роўняў, пазыкі, рэструктурызацыя запазычанасьцяў, адтэрміноўка плацяжоў, крэдыты банкаў пад гарантыі ўраду і мясцовых органаў улады».

Эканамічны аглядальнік Кастусь Скуратовіч тлумачыць, чаму менавіта аграрыям дастаюцца такія велізарныя грошы. І дадае, што так будзе і надалей:

Паводле маіх разьлікаў, гэта дзесьці пад 20 трыльёнаў, калі браць агулам праграму адраджэньня вёскі.
«Ну, гэта ж любімае дзіця. Я думаю, што сума ў 12,8 трыльёна нават заніжаная. Паводле маіх разьлікаў, гэта дзесьці пад 20 трыльёнаў, калі браць агулам праграму адраджэньня вёскі. А ў сакавіку быў указ прэзыдэнта пра тое, што ўсе запазычанасьці, якія існуюць на 1 студзеня 2010 году, будуць пралянгаваныя ў выплаце да 2019 году. І з 1 ліпеня пачнуць сьпісваць запазычанасьць за энэргарэсурсы, за паліва, за газ. А гэта ж — чысьцейшай вады папулізм».

Між тым справа ідзе да таго, што Беларусь вымушана будзе зьменшыць дзяржаўную падтрымку аграпрамысловаму комплексу. На круглым стале, які ўчора прайшоў у Казахстане, высьветлілася, што ровень падтрымкі аграрыяў у краінах Мытнага саюзу «тройкі» розны. Так, у Расеі ён складае толькі 2,5% ад кошту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, у Казахстане — 4,5%, а ў Беларусі — 18%. Экспэрты прапанавалі зрабіць яго аднолькавым для кожнай краіны на адзінай эканамічнай прасторы, зафіксаваўшы на ўзроўні 10%.

Канстанцін Скуратовіч
Кастусь Скуратовіч лічыць: калі нават Казахстан і Расея настояць на такім рашэньні, Беларусь знойдзе нейкі спосаб і надалей актыўна фінансаваць сельгасвытворцаў:

«Дапамагаць жа можна па-рознаму. Можна выдзяляць ільготныя крэдыты для гаспадарак, якія пераходзяць на інтэнсіўныя тэхналёгіі. І такім чынам валавы аб’ём вытворчасьці ня зьменшыцца. Датацыі — гэта агульная практыка. На Захадзе стрымліваюць вытворчасьць, каб не было крызісу перавытворчасьці. А ў нас грошы размазваюць, як масла па бутэрброду, дзеляць на ўсіх. А калі адпусьціць цэны на прадукты, то адразу выявяцца лідэры і аўтсайдэры. Аўтсайдэры сыдуць з рынку. І тады вельмі выразна вызначаецца, каму дапамагаць, каму даваць датацыі. З надзеяй, што гэтыя грошы калісьці вернуцца. А ў нас ідзе фінансаваньне зь дзяржбюджэту, быццам у краіне існуюць ня дзьве тысячы сельгаспрадпрыемстваў, а адзін вялікі саўгас, якім камандуе Мінсельгасхарч»


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG