Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тутэйшыя выбары як шлях да саторы


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

Блогер Канстанцін Чарнец разважае пра вмясцовыя выбары ў Беларусі.

Зараз, прысутнічаючы на выбарах і ўдзельнічаючы ў іх, ён імкнуўся таксама не асуджаць, не спрачацца, а, колькі магчыма зразумець, тую справу, якою з такою сур'ёзнасьцю і захапленьнем займаліся паважаныя ім сумленныя і добрыя людзі.

Л. Талстой. Ганна Карэніна


Тут такі дзень сонечны… І вось, выпіць спакойна не дадуць. Каб адчулася прывольна пад адкрытым небам, каб памеркаваць пра лёсы народу. Гледзячы гэтаму самому народу, што міма ходзіць, у задуменныя вочы. Не — сядзі цяпер у хаце на абрыдлай кухні або ў бары, кафэ, чарачнай, дзе цесна душы, дзе погляд намацвае толькі лічбачкі рахунку. У такіх кляўстрафабічных умовах толькі да піўнога путчу даседзецца можна — дэмакратычныя працэдуры на розум не прыходзяць!

Партыйны блог bsdp-brest наракае, што і збору подпісаў у людных месцах зараз чыняць перашкоды. Гэта яшчэ нічога. Глядзіш, хутка людных месцаў не застанецца як такіх. Яшчэ задоўга да піва, памятаецца, прапаноўвалі забараніць цалавацца прылюдна. Пацалунак — гэта таксама грамадзкая дзея! І страшна тое, што незразумела: за каго або за што ім агітуюць, за якую Беларусь? Публічныя месцы павінны быць цьвярозыя, апалітычныя, цнотныя, патольна пабліскваць флікерамі. Уласна кажучы, клапатлівыя муніцыпальныя працаўнікі прэвэнтыўна выконваюць праграму нядаўна зарэгістраванай кандыдаткі krasotaeu: “Я жадаю, каб наш горад стаў яшчэ прыгажэйшы, яшчэ лепшы і яшчэ сьвятлейшы… Прыгажосьць выратуе Менск!” Варта перафармуляваць гэтую аптымістычную максыму на далёкаўсходні капыл: “Эстэтыка пустэчы прывядзе Менск да саторы!” І будзе па-наску.

Дзэнская практыка зразуменьня ўсеагульнай пустэчы патрабуе адмовы ад просталінейнага рацыянальнага мысьленьня. Парадокс, крыўляньне, тонкі жарт — вось сродкі дасягненьня вышэйшага прасьвятленьня. Іх і выяўляе ў бягучых палітычных падзеях avmilinkevich:

“Тут, між іншым, цалкам дарэчы будзе нагадаць пра распачатыя “выбары ў мясцовыя органы ўлады”. Сказаўшы слова “выбары”, я засьмяяўся. Мала таго, што “выбары па-беларуску” — гэта нонсэнс, абсурд, палітычны аксюмаран. Дык яшчэ і паўнамоцтвы мясцовых саветаў да непрыстойнасьці нікчэмныя. Навошта яны наогул патрэбныя? Правільна. Толькі для стварэньня ілюзіі народаўладзьдзя на найніжэйшым узроўні”.

Ісьці (або не ісьці) на выбары, вядома, лепш са сьмехам на вуснах, чым са сьлязьмі на вачах. Ад сьлёз усё каламуціцца, адчуваньне сансары, “ілюзіі” — і ня толькі выбараў, але і ўсёй сацыяльнай рэчаіснасьці — можа толькі ўзмацніцца.

А ці так усё проста, як пляскач? Вось vezhnovets гатовы спрачацца — і вельмі эмацыйна. Важныя мясцовыя выбары, важныя! Блогер угледжвае іх важнасьць у працэсах будучай — фактычна, ужо малекулярнай! — прыватызацыі ўсялякай мясцовай уласнасьці.

“Набліжаецца татальная раздача ўласнасьці і зямлі. Дык мала таго. Пачынаецца распродаж апошніх рынкаў”.

У чыйго страху вочы вялікія? Ці перабольшвае залішне назіральны блогер значэньне мясцовых выбараў, каб падкрэсьліць важнасьць працэсаў перадзелу ўласнасьці? Або павялічвае ціск на дзяржаўныя структуры, каб пацьвердзіць уласную важнасьць? Каму — сабе ж?

“…Ідзе кандыдатам рабочы аднаго з заводаў. Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў раённай камісіі тут жа атрымалі ўсьлед званок на сотавы з прапановай неадкладна зьявіцца да нама па ідэалёгіі заводу. Кіраўніцтва запатрабавала неадкладна зьняцца з выбараў, бо па гэтай акрузе ідзе дырэктар заводу, адпаведна, рабочы замінаць не павінен. А калі ён ня зьнімецца, зь ім не падоўжаць кантракт. Самае сьмешнае, што гэты завод дзяржава ўжо неаднаразова ратавала ад поўнага банкруцтва. Вельмі нават можа быць, ён згалее раней, чым скончыцца кантракт у рабочага”, — распавёў novosiad пра маленькую перадвыбарчую падзею, якая адбылася на Магілёўшчыне. Можна сказаць, на радзіме беларускай найноўшай гісторыі. Дзе гучней за ўсё гучыць воплеск адной даланёй. Дзе цішэй за ўсё — галасы тысячаў.

Дзіўная пакуль назіраецца карціна. У няважных (або вельмі важных?) мясцовых выбарах дырэктар заводу баіцца канкурэнцыі з рабочым. Гарадзкія адміністрацыі асьцерагаюцца п'яных (і цьвярозых) чалавечых навалаў, але ж на каго яшчэ ім абаперціся? Лідэры скардзяцца на бессэнсоўнасьць “палітычнага аксюмарану” ды штомоцы імкнуцца ўзяць у ім удзел. Як зразумець усё гэта, як дзейнічаць маленькай чалавечай адзінцы, чый голас танчэйшы за ціўканьне? Ціўкаць за кагосьці альбо змаўчаць за сябе?


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG