Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Оскар Оскаравіч


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец

Калі б вусны Ніканора Іванавіча ды прыставіць да носу Івана Кузьміча, ды ўзяць колькі-небудзь разьвязнасьці, якая ёсьць у Балтазара Балтазарыча, ды, мабыць, дадаць да гэтага яшчэ мажнасьці Івана Паўлавіча — я б тады адразу ж наважылася.

М. Гогаль. Жаніцьба


Адна з народных забаў жыхароў СНД — заўзець на Чэмпіянаце Эўропы па футболе за які-небудзь адвольна абраны клюб (“Манчэстэр юнайтэд”? “Ювэнтус”?) і хвалявацца за безрахубна ўпадабаны фільм на ўручэньні такой далёкай, такой амэрыканскай прэміі “Оскар”. Так мы прытачаемся да падзеяў сусьветнага маштабу, як джэдаі — да Вялікай Сілы.

Узнагароды Амэрыканскай кінаакадэміі ўручаюцца і за добрую музыку, і за ўдала сыграную ролю, іх нават за мудрагелістыя гарнітуры можна атрымаць. Але, вядома, усе разумеюць: Оскар Оскараў — гэта тое, што прысуджаецца ў намінацыі “Найлепшы фільм году”. Менавіта гэтую стужку будуць купляць на кружэлках, захоўваць у відэатэках, спасылацца на яе ў дыплёмных працах аб кінамастацтве і сацыяльнай псыхалёгіі.

Наперадзе з раўнівай насьцярожанасьцю адзін да аднаго месьцяцца “Аватар” Джэймса Кэмэрана і “Ўладар буры” (The Hurt Locker) Кэтрын Бігелоў — абодва фільмы з мужнымі назвамі прэтэндуюць аж на 9 залатых статуэтак кожны. Тэма абедзьвюх карцін-лідэраў — збройнае сутыкненьне цывілізацыяў, і… на гэтым падабенствы сканчаюцца.

Кэмэран, як лічыцца, вырабіў маляўнічую антыімпэрыялістычную паштоўку, асуджаную і ўхваленую мноствам удумлівых гледачоў менавіта з палітычных матываў. Добрая амэрыканская традыцыя “рэвізіянізму” (для амэрыканцаў гэта, хутчэй, азначае самавыкрыцьцё) у стаўленьні да трагічнай гісторыі ўзаемаадносін белых каляністаў з карэннымі амэрыканцамі, памножаная на балючую тэму зацяжных заморскіх кампаній войскаў ЗША — асуджаная заставацца на скрыжаваньні спрэчак, прыцягваць увагу пільных патрыётаў і безуважлівых касмапалітаў.

Бігелоў жа прытрымліваецца жорсткай і несэнтымэнтальнай лініі Копалы, востра пачатай яго “Апакаліпсісам сёньня”. Вайна і асоба, або, дакладней, пустая экзыстэнцыя жаўнера — вось што яна выносіць на першы плян. Агульназначныя палітычныя адзнакі апускаюцца, застаюцца толькі выдраныя з разбуранай штодзённасьці людзі-аскепкі, паказаныя з дакумэнтальнай безуважнасьцю. Іх аб'ядноўвае страх, нянавісьць, сьмерць. Гэта ня “мэсыдж”, не “пасланьне”, а, хутчэй, пустая трывалая бутэлька для пасланьня — кожны ўкладае сваё. Пра кіно гэткага кшталту Копала ў злосьці сказаў Марлону Брандо на здымках “Апакаліпсісу”, калі актор настойваў на канцэпцыі “амэрыканскай віны”: “Паслухай, гэта фільм пра што заўгодна, толькі не пра віну амэрыканцаў перад віетнамцамі”. Так, гледзячы падобнае, адчуваеш адзіную віну — за тое, што наагул нарадзіўся ў гэтым сьвеце чалавекам.

Улічваючы, што Кэмэран і Бігелоў некалі былі ў шлюбе, працэс прызначэньня пераможцы набывае зьлёгку мэлядраматычны характар і, адпаведна, прывабнасьць для сталых і ўдзячных тэлегледачоў — хатніх гаспадынь. Калі каму зь іх пяшчота сэрца і не дала азнаёміцца з суворай кінэматаграфічнай прозай Бігелоў, то сутычку “аватара” з “уладаром” не прапусьціць спаміж іх ніхто.

Убаку стаіць, як заўсёды, цынічна ўсьміхаючыся, Квэнтын Тарантына з дружным калектывам “Ганебных ублюдкаў”. Вось хто зьдзівіў то зьдзівіў! Амаль год кінаманы разгадваюць чарговы блокбастар майстра кровапралітнага жанру: ці зрабіў ён спробу больш сур'ёзнага асэнсаваньня гісторыі, ролі асобы, нацыянальнай ідэнтычнасьці й мастацтва ў ёй? Або канчаткова зайграўся, зь дзіцячай непасрэднасьцю раскідаў у сваёй творчай пясочніцы недатыкальныя сьвятыні некалькіх пакаленьняў? І незразумела, што абуральней: злачынная непасрэднасьць або непасрэдная зламыснасьць.

Здорава было б чульлівы сіроп “Аватара” разьвесьці каржанаватым жалезным пылам “Уладара буры” і прыперчыць усё вераломнай правакацыяй у стылі Тарантына. Шэдэўр выйшаў бы — на стагодзьдзі. Зрэшты, магчыма, усіх нечакана зьмірыць малабюджэтны “Раён № 9”. У ім ёсьць гэта ўсё, толькі ціха і неразявіста, быццам прасьветленая ісьцінай душа службоўца. Вось за гэты фільм і пахварэць карысна, асабліва нам — усходнеэўрапейцам, бо імунітэту — ані званьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG