Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Заробак, які атрымліваюць у калгасе ўзімку, — 20 тысяч!"


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Баранавічы — Мілавіды.


Пару-тройку дзён таму ў Баранавічах перасекліся з гісторыкам Віктарам Сырыцам, старшынём тутэйшай рады ТБМ. Я ехаў у Мілавіды, а ён вярнуўся зь вёскі. Мінулай нядзеляй 15-ты год запар арганізоўваў там фэст, прысьвечаны ўшанаваньню памяці касінераў Кастуся Каліноўскага. 3 чэрвеня 1863-га 800 інсургентаў, што стаялі лягерам паблізу, далі бой царскім войскам. Расейцы страцілі паўсотні чалавек забітымі ды параненымі. Вайсковаму кіраўніку паўстанцаў Аляксандру Лянукевічу ўсталяваная памятная дошка. У Мілавідах быў і сам Каліноўскі. Суразмоўца яшчэ поўніцца ўражаньнямі ад фэсту — туды завіталі пісьменьнік Уладзімер Арлоў, вядомыя палітыкі зь Менску:

Сырыца:
“Мілавідзкая бітва 1863-га — самая значная падзея паўстаньня Каліноўскага супраць царскага ўраду. У самых Мілавідах заўсёды з навакольных вёсак прыходзяць моладзь, бабулі, дзядулі і апавядаюць, як яшчэ за польскім часам сьвяткавалі падзею. Віктарыну праводзілі па Мілавідзкай бітве ў гарадзкой газэце. Улады стрымана ставяцца, але калі мы назьбіраем подпісы, каб падрамантаваць помнікі, дык яны выконваюць...”

Карэспандэнт: “Што, на ваш погляд, пакідаюць у сьвядомасьці не прынагодна-пераможныя мураваныя знакі, якімі Беларусь усыпаная, а сапраўды гістарычныя, нацыянальныя?”

Сырыца: “Выклікаюць толькі гонар за свой край, зямлю. Таму што людзі не скарыліся, паўсталі. Увасобілася ўся наша гісторыя ў Мілавідах, бо з аднаго боку стаіць помнік царскім карнікам, з другога боку — каталіцкім змагарам за свабоду. І толькі ў найноўшай гісторыі беларусы паставілі, зрабілі на беларускай мове шыльду ў гонар паўстанцаў Кастуся Каліноўскага...”

Памянёныя помнікі знаходжу за чатыры дзесяткі км ад Баранавічаў уздоўж шашы Івацэвічы — Слуцак, амаль на ўскраіне раёну. Побач засьценак Каўпакі, адкуль ад сваякоў вяртаўся жыхар Мілавідаў, 50-гадовы спадар Палуянчык. Жыве, дарэчы, побач з вуліцай Паўстанцаў. Распавёў пра прыкры выпадак напярэдадні фэсту — зь беларускага каменя-валуна нехта сарваў бронзавую шыльду з надпісам.


Палуянчык: “Пакралі тую шыльдачку “за вольнасьць нашу і вашу”, дык на кардонцы начапілі па загаду старшыні сельсавета — “Квітней, Беларусь!” (Сьмех.)

Карэспандэнт: “А народ памятае, што тут мясьціны Каліноўскага?”

Палуянчык: “Ведаюць, ведаюць! Годнасьць ёсьць, як аднавілі помнік. Аўталаўкі прыходзяць, як сьвята, бо людзі зьбіраюцца, прыяжджаюць. Памятаюць…”

За некалькі дзясяткаў мэтраў ад помнікаў — перакошаная, урослая ў зямлю хатка 63-гадовага Стася Паўлоўскага. Выгляд мае бамжаваты, увесь зарослы, але мясцовыя называюць яго вартаўніком мейсца — балазе, побач калодзеж з крынічнай вадой. Ён таксама пацьвярджае:



Паўлоўскі: “Ой, я даўно тут… Людзі часта спыняюцца — машын шмат. Ваду бяруць тут. А мяне не было — залезьлі ў хату, штапакі, касьцюм пакралі. Раней трымаў дзьве цялушкі, а цяпер пэнсію маю і хопіць калі-нікалі выпіць. Штораз хужай жыць — во дабавяць чатыры тысячы, а булка хлеба 2 тысячы. А прадукты вышэй падымаюцца, цыгарэты. Ды другая група інваліднасьці…”

Дзядзька Стась, як яго завуць, нібы апусьціў на грэшную зямлю. Ля ўезду ў вёску згортвала тавар сям’я прадпрымальнікаў з Ганцавіч. І хоць вонкава ўсё хадавое — ад пральных парашкоў да “кірзачоў” — старэйшая гаспадыня была ў роспачы:


Спадарыня: “Першы раз сюды прыехалі і век сюды больш не паедзем. Людзі ў жабрацтве! Нічога не будуецца. І нам жанчыны прыходзілі, казалі — ні ў кога няма грошай…”

Зрэшты, сытуацыя ў сталых дзяржаўнай ды камэрцыйнай прадуктовых крамах ненашмат лепшая. Я завітаў у прыватную, якая існуе ўжо 8 год. У пустэльнай залі гутару з прадавачкай, сьмяшлівай Галінай Галіцкай.

Галіцкая: “Як калі. І ў дзяржаўную ходзяць, і сюды ходзяць — болей!” (Сьмех.)

Няўпэўненасьць адказу растлумачыла лічба дзённага прыбытку (у вёсцы амаль 900 насельнікаў).

Галіцкая: “Ну, менш за мільён не бывае, летам мо болей. У нас заўжды прывозіцца сьвежая прадукцыя — стараецца гаспадар. Але слабавата… Бяруць і хлеб, і кілбасу, муку…”

Карэспандэнт: “Ну, а нумар адзін?”

Галіцкая: “Ну вядома ж, “чарніла”…” (Сьмяецца.)

Дырэктарка сярэдняй школы, спадарыня Марыя Прымшыц літаральна даклыпала ў школу празь 10 хвілін пасьля майго зьяўленьня — нядаўна зламала нагу. Кажа, дзякуй Богу, хата настаўнікаў за некалькі мэтраў. Траўма, аднак, не перашкодзіла ёй выступіць на нядзельным мітынгу-ўшанаваньні — школа ўсё-ткі носіць імя Кастуся Каліноўскага! Правяла мяне і па школьных музэях, дзе й распавяла легенду пра паходжаньне Мілавідаў.

Прымшыц: “Некалі Кацярына Другая ехала гэтым шляхам, паглядзела краявіды і сказала — “якія мілыя віды! Буду ехаць назад, каб тут была паштовая станцыя…” Гісторыкі гаварылі, што, мажліва, пайшлі ад “малыя віды”. Таму што тут былі вёскі Кулікі, Тухавічы, Гута, Ямічна. Расьлі вялікія лясы і было “мала відна”. Дагэтуль прылятаюць лебедзі на азярко, яно побач...”

Карэспандэнт: “Трэба турыстычны бізнэс арганізоўваць...”

Прымшыц: “Вось нядаўна пра гэта гаварыў у нас старшыня райвыканкаму. Трэба, каб нехта грошы ўклаў, а грошай няма. Заняпад — людзі працуюць, а заробкі невялічкія. “Бальнасьць” зямлі ў нас самая нізкая ў Баранавіцкім раёне. Бульба тут ня вельмі расьце, але можна малочна-таварную вытворчасьць разьвіваць — тут паша. Трэба, каб сьвінакомплекс адкрылі, моладзь бы заставалася, а так… У 74 годзе, калі прыйшла сюды, было 486 вучняў, а зараз 120…”

Дадае завуч школы — спадарыня Валянціна Лапух. У яе таксама 30 год стажу.

Лапух: “Хто будзе жыць на вёсцы? Трэба пахаць, а ня жыць! І заробак, які атрымліваюць у калгасе ўзімку, — 20 тысяч! Так што лепш не запісвайце — як можна пражыць?! Сала з бульбай? А дзе яго ўзяць сваё? Скаціну трымаюць, але мала. Я яшчэ трымаю карову. А сьвінчо — кармоў не хапае, а купіць усё, дык невыгодна, бо дорага надта. Бульбу нават невыгодна — дарагая пасадка, абагнаць… Моладзь бяжыць зь Мілавідаў. Апошні выпуск 11 клясы — усе пяцёра ў горад паступаюць. А што тут рабіць больш?!”

Непадалёк на ўласнай “дзявятцы” чакаў з працы маці 20-гадовы Андрэй — дарэчы, таксама выпускнік школы. Паголены, як сам кажа, каб “космы ня лезьлі ў вочы”. Уладкаваўся кіроўцам у райвыканкам, тут жа…

Андрэй: “З майго выпуску не засталіся — усе ў горадзе. Хто застаецца? Хто ня можа нідзе ўладкавацца — “кіралы”. Лічаныя людзі. А ў нас гаспадарка неблагая лічыцца. Я, як працаваў тут трактарыстам, атрымліваў 500—600 тысяч, калі араў восеньню-летам. Магчыма, каб моладзь заставалася, трэба зрабіць аграгарадок, пабудаваць кафэ…”

Карэспандэнт: “У вас жа ў краму нават няма за што хадзіць…”

Андрэй: “У нас траса, праходзіць шмат машын — запраўку, казалі, хутка пачнуць будаваць…”

Аднак у старшыні сельсавету, спадарыні Ірыны Сушчык праблемы больш надзённыя. Мажную кабету зь недаверлівым позіркам я застаў пасярод працоўнага дня на падворку ля хлявоў, адкуль мыкала ды рохкала. Яна й загаварыла пра тое, што і яе найбольш хвалюе — асабліва пасьля пачатку “малочнай вайны” з Расеяй, калі рэальнай становіцца пагроза, што й мізэрныя капейчыны за малако могуць перастаць плаціць.

Сушчык: “Насельнікі скардзяцца, што базавую тлустасьць малака павялічылі на 0,2%. Была 3,4, а цяпер 3,6. Дапусьцім, малаказавод паставіў тлустасьць 3,3. Чалавек здаў 100 літраў — дзеліцца на 3,4 і памнажаецца на 3,3. Цяпер дзелім на большы каэфіцыент — меншая аплата на 10 літраў з сотні! А літар каштуе 765 рублёў — бедныя людзі! З насельнікамі мы заключаем дамовы на вываз сьмецьця. Цэнтралізавана прыяжджаюць кожны чацьвер. Выстаўляюцца мяшэчкі, і яны вывозяць. Таксама некаторыя нязгодныя. Яны ж вагу не фіксуюць — усім аплата пароўну…”

Карэспандэнт: “А вы спрабуеце рашаць?”

Сушчык: “Гэта ж устаноўленыя нормы не на ўзроўні сельсавету. Замкнёнае кола…”

* * *

Памятаеце зь легенды пра лясы, якія вакол вёскі рабілі “мілыя віды”? Цяпер карціна інакшая…

Палуянчык: “Раней лясы да вёскі падступалі — пасеклі…”

Баранавіцкі лясгас пілуе ў навакольлі асіну, бярозу, дуб, сасну, елку. Прычым пераважная частка таварнай прадукцыі дагэтуль адпраўляецца ў Польшчу, Прыбалтыку, Нямеччыну, Швэцыю, Расею і нават праз Рыгу — у ЗША. Усяго на 600 тысяч даляраў. Але дзіўная рэч: колькасьць высечанага лесу павялічваецца, экспартныя кошты на яго Міністэрства эканомікі павышае. А прыбытак лясгасу, а значыць — і заробкі людзей застаюцца ранейшымі. Тлумачыць дрэваапрацоўшчык, жыхар Мілавідаў, спадар Уладзімір Палуянчык (перапрацоўчы цэх знаходзіцца непадалёк ад вёскі). Гэта яго голас вы чулі крыху раней.

Палуянчык: “Прадукцыя наша цэніцца — адпраўлялі фуры ў Бэльгію, Нямеччыну. А заробак слабы. У нас просты работнік атрымлівае 350—360 тысяч. А падлогавую дошку ўкладаць рэйкамі — марудная праца. А за зьмену 4—5 чалавек 7 кубамэтраў мусяць закаціць на тачках. А пачні з майстрам гаварыць — “звальняйся, мы не трымаем, ідзі назад у калгас”. Я працаваў на малакавозе 8 год. Узімку працы на машыне не было — пайшоў на трактар. А на трактары салому падвязеш — атрымліваеш у месяц 20 тысяч. Што ты купіш? Прыйшлося ісьці ў лясгас. У калгасе апошнім часам па 3 месяцы нават гэтыя капейчыны не плацілі…”

Але старым, якіх тут да трох чвэрцяў насельніцтва, калі і ёсьць з чым параўноўваць сучаснае жыцьцё, дык толькі з горшым для іх мінулым. Я сустрэўся з 83-гадовай спадарыняй Станіславай Паўлоўскай, першай старшынёй сельсавету за савецкім часам. Да Другой сусьветнай Мілавіды разам з усёй Берасьцейшчынай былі пад Польшчай. Яе лёс — пасьляваенная гісторыя паселішча. Яе прозьвішча — тут найбольш распаўсюджанае.

Паўлоўская: “Як паказалі б кіно, людзі плакалі б сьлязьмі, такое жыцьцё маё. У 41 годзе, як немцы наступалі, тры бомбы ўпалі — на два канцы хаты і перад ёй. Сястра кантужаная была, а маму і дзеда насьмерць. Мама цэленькая была, а ў дзеда ні ног, ні галоўкі. Засталіся голыя, босыя. Галадалі і халадалі. Тады што пасеяў, тое і тваё. А хто нам жыцьця не даваў — улады хіба? Як рускія прыйшлі ў 44 годзе, мяне адразу паставілі на сельсавет. Працавала да 50-га году. А ў 50-м Ромэк нарадзіўся, я ўжо туды не пайшла. Міленькі, каровы ж і сьвіньні былі!”

Карэспандэнт: “А пры вас энкавэдзісты забіралі?”

Паўлоўская: “Забіралі і пазавозілі ў Іркуцк. Адзін у засьценку жыў і ўсё ляпаў языком — “Амэрыка во прыйдзе”. Хадзіў тут разьведчык, прыйшлі да яго — “зьбірайся, амэрыканцы прыехалі”. І забралі — ніхто ня ведае, дзе яго магіла. І так некалькіх…”

Карэспандэнт: “Вы самі “палачкі” ставілі?”

Паўлоўская: “Ну, а што зрабіць? Ставілі. І па 100 грамаў зерне за працадні атрымлівалі. Аж пасьля рахункаводам рабіла. І так во трэба было бегаць. Дык ужо купіла ровар — у-уй!”

Як і большасьць заходнебеларускіх кабет, цётка Станіслава жвавая, ні хвіліны не сядзіць склаўшы рукі. Хоць перанесла інсульт, мае болі ў хрыбетніку. Я й выцягнуў яе з гароду.

Паўлоўская: “Ад цямна да цямна працую. Пэнсію даюць 350 — хапае, даражэнькі. У гаспадарцы толькі курачкі. У нас жа пажар на Каляды мінулым годам быў — гумно згарэла адно, другое, вазок з коламі зь летака — Ромэк прывёз, 4 ровары. Нас у чатыры разбудзіла суседка — усё згарэла. У Мілавіды яшчэ наяжджаюць людзі — дамоў пустых шмат. Але паміраюць, ня дай Божа. Каторыя харошыя гаспадары, павыміралі…”

Ня мог не завітаць на адзінае, як тут кажуць, “дзеючае прадпрыемства” — фэрму СВК “Мілавіды”на 450 кароў. Памяшканьні параўнальна чыстыя, кабеты не ў зашмальцаваных халатах. Але настрой у даяркі з 30-гадовым стажам спадарыні Тамары Гаўрыльчык ды асемянатаркі Галіны Шэрсьцяк — пахмурны. Пра балючае загаварылі разам.

Спадарыні: “Па 50 кароў на чалавека, але заробак слабы. 50 тысяч у краме аддай — і няма гэтых грошай… Пэнсіі 400 зарабіла, а заробак 300, меней, чым пэнсія… Канечне, абуральна — мы з паловы пятага сюды і назад на ровары ў 10 вечара. Загадчыца нормы налічыла і кажа, што ня хоча ісьці падпісваць — эканамісты рэжуць як мае быць. Харашо жывем — на хлеб жа хапае…” (сьмех )

Карэспандэнт: “Што ж сьмеяцеся?”

Спадарыні: “У-у! Каб вы бачылі, які заробак наперад мелі — 100 зь нечым атрымлівалі. Цяпер, слава Богу, жыць можна… Усё добра ў нас…”

Былы спэцназавец, сябра сойму Партыі БНФ з Баранавіч, прадпрымальнік Віктар Мядзяк быў у вандроўцы са мной разам. Ягоны камэнтар.

Мядзяк: “Сапраўды, зямля слабая — пясочак, не ў Нясьвіжы. Таму і людзі заўсёды жылі бядней. Плюс дрыгва, вада — падсушылі за Саветамі. Ад Саветаў і асфальт на вуліцах ляжыць. 4 інфармацыйныя тэлеканалы, толькі беларускія, на самай ускраіне Баранавіцкага раёну. Пэрспэктывы нуль, моладзь зьяжджае. Шмат пустых хат. Але чаму маўчаць, не выходзяць, не патрабуюць?! Загадка беларускай душы. Той, хто разгадае, будзе прэзыдэнтам. Чаму яны маўчаць, атрымаўшы 20 ці 80 тысяч? Маўчаў бы немец, паляк, літовец? Чаму нашы маўчаць?!”

Яшчэ ў Баранавічах нагадаў Віктару Сырыцу дэвіз, зь якім калісьці пад Мілавідамі змагаліся касінеры Каліноўскага — “за наданьне зямлі сялянам ды скасаваньне прыгону”. Той пасьмяяўся — “тады хоць зараз аднаўляй лягер інсургентаў”…

Сырыца: “Зямлёй мілавідаўскія сяляне тады не валодалі, і сёньня ёй валодае калгас. А сяляне — толькі парабкі, якія ніякіх правоў ня маюць. Цяпер гэта проста рабы сыстэмы. Тое, што патрабавалі каліноўцы, гучыць актуальна. Няма і волі. Воля тады будзе, калі ўласнасьць. Тады будзе і нацыянальны гонар. Вось тады помнікі будуць ня памятнымі камянямі, а выхоўваць патрыётаў. І людзі будуць ганарыцца і самі ўскладаць кветкі…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG