19:45
У турме на Акрэсьціна застаецца Паліна Кур'яновіч, затрыманая 2 красавіка падчас акцыі каля расейскай амбасады. Яна мае выйсьці на свабоду 12 красавіка.
19:30
Апошнімі выйшлі на волю прадпрымальнік Віктар Калей і намесьнік старшыні “Маладога фронту” Артур Фінькевіч. Зьміцер Дашкевіч, які быў вызвалены раней сёньня, распавёў, што спаць даводзілася на голых дошках - усю камэру займае нешта накшталт зьбітай з дошак сцэны, на якой зьняволеныя праводзяць увесь час. На патрабаваньне выдаць матрацы, прадугледжаныя новым Адміністрацыйным кодэксам, супрацоўнікі турмы сказалі: “Няма ложкаў, дык матрацы не патрэбныя”. Перададзеныя з волі спальнікі да зьняволеных так ніколі і не дайшлі - іх вярнулі нераспакаванымі пры вызваленьні.
19:15
Вызвалены прадпрымальнік маладафронтавец Уладзімер Сяргееў.
19:05
Трое зьняволеных - Артур Фінькевіч, прадпрымальнікі Уладзімер Сяргееў і Віктар Калей - надалей застаюцца ў турме. Іх каля будынку турмы чакае каля 100 чалавек - бацькі, сябры, палітыкі, а таксама вызваленыя раней. На гэты момант істотна пахаладала. Міліцыя паводзіць сябе карэктна, але здымае ўсё на відэа. Сярод паплечнікаў Фінкевіча ёсьць меркаваньне, што яму маглі працягнуць тэрмін зьняволеньня.
18:00
Вызвалены намесьнік старшыні “Моладзі БНФ” Ільля Богдан. За кратамі яшчэ застаюцца Артур Фінькевіч, прадпрымальнікі Уладзімер Сяргееў і Віктар Калей.
17:20
Выйшаў журналіст Сямён Печанко. Яго сустракаюць калегі з Нашай Нівы, якія ўручылі яму букет кветак. Дашкевіч вярнуўся да турэмнай брамы, каб сустрэць сяброў. Са Старых Дарог прыехалі бацькі Зьміцера, яны знаходзяцца тут жа, ля турмы.
17:00
З турмы выйшаў Дзяніс Карноў, а таксама сябра арганізацыі Эўрапейская Беларусь Віталь Акімаў.
Прадпрымальніка Віктара Калея прыйшлі сустракаць прадпрымальнікі ня толькі зь Менску, але і з рэгіёнаў, маладафронтаўцаў і прадстаўнікоў Моладзі БНФ прыйшлі сустракаць больш як тры дзясяткі чалавек. Да турмы пад’ехаў аўтобус з міліцыянтамі.
14:00
Супрацоўнікі турмы на Акрэсьціна выпусьцілі раней на 5 гадзін да вызначанага тэрміну Зьміцера Дашкевіча пасьля пакараньня 15 суткамі арышту. Разам са Зьмітром у адной камэры знаходзілася 5 чалавек, затрыманых пад час сьвяткаваньня Дня волі ў Менску, у тым ліку журналіст “Нашай нівы” Сямён Печанко.
Зьміцер кажа, што за сваю палітычную кар’еру ў турме на Акрэсьціна ён пабываў 12 разоў. Пасьля быў вялікі перапынак, зьвязаны з тым, што ён адбываў тэрмін пакараньня ў Шклоўскай турме за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ён гэтак ацаніў зьмены ў турэмным жыцьці на Акрэсьціна:
“Цяпер дзейнічае новы Адміністратыўны кодэкс, паводле якога забароненыя перадачы, адначасова адміністрацыя абавязаная забясьпечыць вязьняў матрацамі, бялізнаю, прагулкамі, хаця яны гэтага ня робяць, кажуць, што ня маюць ложкаў... А просім перадаць спальнікі - не, адказваюць, гэта забаронена. Просім вывесьці на шпацыр – адказваюць, што няма дворыку. Так што кодэкс нібыта палепшылі, а ўмовы сталі яшчэ горшымі. Што датычыць харчаваньня, дык на Валадарцы ці ў Шклове кормяць лепей, чым на Акрэсьціна”.
Зьміцер Дашкевіч кажа, што вязьні Акрэсьціна ведалі пра хвалю салідарнасьці зь імі, якая прайшла па Беларусі і ў сьвеце:
“Мы чыталі пра гэта ў газэтах, атрымлівалі перадачы... Так, безумоўна, мы адчуваем салідарнасьць і падтрымку сваіх паплечнікаў і сяброў увесь час, і гэта надае моцы і сілы дзеля далейшага змаганьня”.
***
88 удзельнікаў акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка затрымалі, калі яны намагаліся прарваць кардон міліцыі, каб выйсьці на плошчу Якуба Коласа – плянавае месца збору ўдзельнікаў сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР.
Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, яго намесьнік Артур Фінькевіч, сябра МФ Яраслаў Грышчэня і яшчэ некалькі затрыманых былі жорстка зьбітыя спэцназаўцамі. Грышчэню шпіталізавалі з вывіхам пляча. Менавіта тым, хто больш за ўсіх пацярпеў у часе затрыманьня, далі максымальны тэрмін арышту – 15 сутак.