Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня з Акрэсьціна на волю выйдуць 9 чалавек


Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна пасьля адбыцьця 10 сутак арышту на волю выйдуць актывісты моладзевых арганізацый, якіх арыштавалі за ўдзел у акцыі 25 сакавіка. Нагадаем: у Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі ачапілі плошчу Якуба Коласа – заплянаванае месца збору ўдзельнікаў сьвяточнага шэсьця. Каля двух соцень чалавек спрабавалі прарваць кардон міліцыянтаў на праспэкце Незалежнасьці з боку вуліцы Казлова. У выніку сутычкі спэцназаўцы затрымалі 88 чалавек. Любоў Лунёва будзе сустракаць ля турэмнай брамы тых, хто адседзеў 10 сутак.


Сваякі, сябры, палітыкі будуць увечары сустракаць моладзевых актывістаў каля турэмнай брамы на вуліцы Акрэсьціна. Згодна з судовай пастановай арыштаваныя выйдуць на волю ў 18.30. Усяго 9 чалавек – Яўген Афнагель, Алесь Ванчук, Макісм Вінярскі, Кася Галіцкая, Зьміцер Курза, Ігар Панфілаў, Андрэй Салангін, Арцём Скарабагатаў і Аляксандр Станкевіч.

Гаворыць Тацяна Цішкевіч:

“Я сама была на Акрэсьціна, таму ведаю, як прыемна, калі выходзіш і цябе сябры сустракаюць. Маральная падтрымка – самае важнае”.

Двое з арыштаваных Максім Вінярскі і Яўген Афнагель сябры руху “Джынс за свабоду”. Актывіст руху Павал Юхневіч апавёў “Свабодзе”, што ўчора дзяўчаты прынесьлі арыштаваным перадачы. Самую вялікую для Паліны Кур’яновіч, якую раніцай арыштавалі ў судзе Цэнтральнага раёну на 10 сутак за ўдзел у акцыі насупраць расейскай амбасады.

Я сама была на Акрэсьціна, таму ведаю, як прыемна, калі выходзіш і цябе сябры сустракаюць
“Калі нашы сябры панесьлі перадачу, то іх каля прапускнога пункту на Акрэсьціна спынілі міліцыянты, якія прадставіліся супрацоўнікамі Кастрычніцкага РУУС. Яны праверылі дакумэнты, перапісалі зьвесткі. У адной дзяўчыны, якая пайшла афармляць перадачу, забралі мабільны тэлефон, паглядзелі што ў заплечніку, загадалі выцягнуць усё з кішэняў, перапісалі пашпартныя зьвесткі. Перадачу, праўда, прынялі, і дзяўчыну адпусьцілі”.

Кася Галіцкая і Алесь Ванчук
зьяўляюцца сябрамі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Іх паплечніца Наста Палажанка паведаміла “Свабодзе”, што сустракаць сваіх сяброў прыйдзе шмат маладафронтаўцаў.

Франак Вячорка, Наста Палажанка і Зьміцер Дашкевіч ля турмы на Акрэсьціна ў студзені.
“Безумоўна, будзем сустракаць, запрашаць людзей, каб іх падтрымаць. Уся наша падтрымка цягам іх 10 сутак вызначалася ў перадачах. Мы хадзілі штодня. Хадзілі іх сябры, ня толькі маладафронтаўцы”.

З тых, хто цяпер адбывае 10 сутак арышту, пяць чалавек упершыню трапілі за краты. Усе былыя вязьні турмы на вуліцы Акрэсьціна кажуць, што самы непрыемны момант знаходжаньня за кратамі – адсутнасьць сьвежага паветра. Нягледзячы на тое, што новы выканаўчы адміністрацыйны кодэкс гарантуе шпацыр зьняволеным, усіх па-ранейшаму трымаюць у камэрах да канца тэрміну адбыцьця пакараньня. Дзяўчаты пасьля выхаду на волю зьвярталіся да мэдыкаў, і тыя раілі ім як мага болей бываць на сьвежым паветры і ўжываць вітаміны.

Увечары за кратамі застануцца яшчэ 10 апазыцыянэраў. Сярод іх лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч, яго намесьнік Артур Фінькевіч, прадпрымальнік Віктар Калей і журналіст “Нашай Нівы” Сямён Печанко

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG