Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Красоўскі: Па камэры можна толькі 2 крокі ступіць


Госьць ранішняга эфіру “Свабоды” -- кіраўнік жодзінскай філіі незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “Малады фронт” Павал Красоўскі.


Паўла Красоўскага разам з іншымі мясцовымі актывістамі затрымалі 23 сакавіка ў часе акцыі ў Жодзіне, прымеркаванай да 90-годзьдзя БНР, і арыштавалі на 7 сутак. У нядзелю ён выйшаў на свабоду.

Ганна Соўсь: “Павал, скажыце, калі ласка, ці ўсе арыштаваныя ў Жодзіне разам з Вамі ўжо выйшлі на свабоду?”

Павал Красоўскі: “Так, мы выйшлі ўсе разам пасьля 7 сутак арышту 30 сакавіка. Разам са мной сядзеў кіраўнік гарадзенскага руху "За Свабоду" Юрась Жылко, Аляксандар Камароўскі — старшыня мясцовага аддзяленьня інвалідаў-аўганцаў, падпалкоўнік запасу. Юрась Сілкін — старшыня Жодзінскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.

Соўсь:
“Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску пасьля адбыцьця 10 сутак арышту на волю выйдуць актывісты моладзевых арганізацый, якіх арыштавалі за ўдзел у акцыі 25 сакавіка.


Нагадаю, што ў Дзень Волі супрацоўнікі міліцыі ачапілі плошчу Якуба Коласа – заплянаванае месца збору ўдзельнікаў сьвяточнага шэсьця. Каля двух соцень чалавек спрабавалі прарваць кардон міліцыянтаў на праспэкце Незалежнасьці з боку вуліцы Казлова. У выніку сутычкі спэцназаўцы затрымалі 88 чалавек.


Любоў Лунёва будзе сустракаць ля турэмнай брамы тых, хто адседзеў 10 сутак.



А з намі на тэлефоннай сувязі па-ранейшаму кіраўнік жодзінскай філіі “Маладога фронту” Павал Красоўскі. Павал, у сюжэце Любові Лунёва сярод іншага гаварылася пра ўмовы ўтрыманьня. А як у Жодзінсікм ізалятары? Можаце параўнаць...”

Напрыклад у нас у камэры проста ня было прыбіральні. Стаяла проста вядро з крышкай
Красоўскі:
“Канечне, ў Жодзінскім ізалятары ўмовы нашмат горшыя. У раённых гарадах увогуле ўмовы ў ізалятарах вельмі дрэнныя. Напрыклад у нас у камэры проста ня было прыбіральні. Стаяла проста вядро з крышкай. Таксама няма ніякай вэнтыляцыі. Фактычна камэра такіх памераў, што проста прайсьціся нельга. Два крокі можна толькі ступіць. Умовы канечне вельмі дрэнныя. З намі сядзеў вэтэран вайны падпалкоўнік Камароўскі Аляксандар Аляксандравіч. Яму 69 гадоў гадоў, і ўсё роўна яго кінулі за краты. Яму было вельмі складана дыхаць гэтым паветрам. Калі набіваецца ў камэры 9 чалавек, а 8 ці 7 пачынаюць паліць, то зразумела, што вочы сьлязяцца ад гэтага дыму. І нічога не выветрываецца, гадзінамі стаіць гэты пах. Вельмі проста захварэць..."

Соўсь: “Сёньня ў Менску вязьняў з Акрэсьціна прыйдуць сустракаць паплечнікі. Ці Вас сустракалі? Павал, наколькі важная для Вас асабіста вось гэтая салідарнасьць, падтрымка паплечнікаў?”

Красоўскі: “Нас не сустракалі, таму што нас адпусьцілі раней на гадзіну, паколькі ведалі, што нас будуць сустракаць. Як мы ўжо выйшлі, сабраліся каля 20 чалавек, з Менску людзі пад'ехалі, былі і жодзінскія актывісты. Гэта было вельмі прыемна. Таму што, калі ты ведаеш, што цябе сустракаюць, ведаюць, што ты сядзіш у турме не за бытавое правапарушэньне, а сядзіш за радзіму, за праўду, і што ёсьць людзі, якія цябе падтрымліваюць. Канечне, гэта вельмі дае сілаў, каб дасядзець гэты тэрмін, каб ня здацца, і проста каб верыць у тое, што ты робіш”.

Даведка Свабоды


Павал Красоўкі нарадзіўся ў Жодзіне. Скончыў жодзінскую беларускую гімназію, музычную школу па клясе ўдарных інструмэнтаў. Ад 2000 году ў “Маладым фронце”. Вучыўся ў пэдагагічным унівэрсытэце, але ў 2004 годзе быў адлічаны з другога курсу. Тройчы трапляў за краты – два разы адбываў адміністрацыйны арышт, і ўтрымліваўся ў ізалятары паводле крымінальнай справы. Супраць Паўла Красоўскага распачыналі дзьве крымінальныя справы. Першую напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў за абразу мясцовых чыноўнікаў. Другую – паводле падзеяў у Віцебску, калі яго затрымалі ў якасьці падазраванага спачатку ў тэракце, а потым нават у забойстве. Але справу супраць яго хутка спынілі. Цяпер Павал працуе ў рэгіянальным Цэнтры інвалідаў Менскай вобласьці. Мае жонку і сына Арсеня, якому ўжо год і тры месяцы.

Соўсь: Павал, скажыце, калі ласка, а як сям’я, Вашая жонка і бацькі ставяцца да Вашай грамадзкай актыўнасьці?”

Красоўскі:
“ З бацькамі і жонкай мне пашанцавала. Яны ставяцца нармальна, але канечне хвалююцца за тое, каб я кудысьці ня ўлез, каб мяне не пасадзілі. Таму што для бацькоў, для родных заўсёды гэта вельмі цяжка, калі ў турму кідаюць. Яны ня ведаюць, што з табой адбываецца -- цябе там зьбіваюць, кормяць ці ня кормяць, ці даходзяць перадачы, ці не даходзяць. Гэта стрэс, зразумела".

Яны ня ведаюць, што з табой адбываецца -- цябе там зьбіваюць, кормяць ці ня кормяць, ці даходзяць перадачы, ці не даходзяць
Соўсь
: “Павал, а зараз некалькі словаў пра Вашу паплечніцу Касю Салаўёву. Суд на ёй прызначаны на 8 красавіка. Дзяўчыну абвінавачваюць ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Касю будуць судзіць у Полацкім судзе. Яна стала дзясятай актывісткай арганізацыі, якую прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у “Маладым фронце”. Летась у сьнежні Касю Салаўёву адлічылі з полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе яна вучылася на настаўніцу ангельскай мовы. 25 сакавіка яе затрымалі пад час разгону вулічнай акцыі і пакаралі арыштам на 5 сутак. Паколькі суд меў адбыцца 27 сакавіка, прызначылі новую дату – 8 красавіка. Суд пачнецца ў 10.30. Павал, скажыце, калі ласка, ці прыедзеце Вы ў Полацкі суд падтрымаць Касю? Напэўна, ня адзін Вы...”

Красоўскі: “У мяне, на жаль, не атрымаецца, але ўчора я размаўляў са сваімі паплечнікамі. Людзі зьбіраюцца прыехаць з усёй Беларусі ў Полацак, каб падтрымаць Касю. Я думаю, што і з Жодзіна людзі паедуць. Канечне, і ў нас праходзілі тры чалавекі па крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Шмат людзей дапыталі ў гэтай крымінальнай справе, нават тых, якія ніякага дачыненьня да яе ня мелі ніколі. Таму мы ведаем, што гэта такое”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG