Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 пацыентаў штодня за 500 рублёў заробку. Гэта зусім не #Папіццот


Чарга ў менскай 25 паліклініцы. Ілюстрацыйнае фота
Чарга ў менскай 25 паліклініцы. Ілюстрацыйнае фота

Уяўляеце, як гэта доктару прымаць кожны дзень па 50 пацыентаў. Мая знаёмая, маладая доктарка-афтальмоляг рабіла гэта больш чым год, атрымліваючы заробак 500 рублёў у месяц.

Тры гады таму Галіна скончыла мэдычны ўнівэрсытэт. Уся яе сям’я — дактары, і выбар лячыць людзей яна сьвядома зрабіла яшчэ ў дзяцінстве. Апошнія два гады Галіна працавала ў дзіцячай паліклініцы. Калі я даведалася, што яна прымала па 50 пацыентаў кожны дзень, спачатку не магла паверыць.

«Паводле нормаў, на пацыента даецца 13 хвілінаў. Каб прыняць усіх, у мяне атрымлівалася 10 хвілінаў на кожнага. Пры канцы працоўнага дня сама пачынаю дрэнна бачыць ад стомленасьці. Трэба кожнага распытаць, агледзіць, паставіць дыягназ, прапанаваць лячэньне, выпісаць рэцэпт. А таксама ўнесьці ўсё ў кампутар і паралельна запісаць у картку, — расказвае Галіна. — Пры гэтым заўсёды шмат незадаволеных бацькоў, людзі нэрвовыя, часта скардзяцца на дактароў начальству. Я іх разумею. А хто зразумее доктара, які працуе з 8 раніцы і часта па выходных баз дадатковай аплаты».

Паводле Галіны, 600-700 рублёў можа атрымаць участковы, які ходзіць на візыты і працуе на паўтары стаўкі, але гэта вельмі цяжкая праца, вельмі хутка пачынаецца прафэсійнае выгараньне. «Як і ў мяне дарэчы пасьля такога працоўнага дня», — дадае яна.

Нядаўна Белстат апублікаваў дадзеныя пра сярэднія заробкі беларускіх дактароў у чэрвені. Па дадзеных Белстату, сярэдні заробак доктара ў Беларусі — 1 439,3 рубля, сярэдняга мэдпэрсаналу — 896 рублёў (сумы да выплаты падаткаў). Пры гэтым лекары і мэдсёстры ўжо не адзін месяц трапляюць у сьпіс самых запатрабаваных спэцыяльнасьцяў.

Канечне, ёсьць дактары, якія маюць такія заробкі. Але Галіна, доктарка другой катэгорыі, пакуль атрымлівае 500 рублёў, а яе маці, якая больш за чвэрць стагодзьдзя аддала мэдыцыне, мае 900 рублёў заробку.

Вучыцца на доктара цяжка, доўга. Гэтая прафэсія ня толькі адна з самых запатрабаваных у грамадзтве, яна патрабуе і пэўных маральных якасьцяў, эмпатыі і жаданьня дапамагчы. У цывілізаваных краінах пасьля працяглага навучаньня і практыкі дактары становяцца заможнымі людзьмі. А ў Беларусі міліцыянты ці кіроўцы аўтобусаў атрымліваюць больш, чым лекары. Прынамсі, чым маладыя лекары.

Галіна неўзабаве пачынае працаваць у іншай мэдычнай установе. Заробак у яе будзе такі ж самы, але ёй паабяцалі, што там ня будзе па 50 пацыентаў штодня. На абяцаныя кіраўніком Беларусі 500 даляраў яна пакуль не спадзяецца.

Тым ня менш Галіна рада, што зьмяніла месца працы, бо па вечарах яна будзе не такая стомленая і зможа вучыць замежную мову. Бо думае пра магчымасьць зьехаць...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG