Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 24. Я палітыкай не цікаўлюся


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Ты сядзіш у цэнтры Менску ў моднай кавярні з модным ноўтбукам і працуеш. І ты не цікавісься палітыкай. Ніколі.

Тэрміновы заказ зь Нью-Ёрку, дэд-лайн гарыць, трэба здаваць працу. Ты праграміст, дызайнэр, архітэктар… «Бармэн, яшчэ смузі з манга і папаяй! Дзякуй». Зь дзяржавай ты амаль не перакрыжоўваесься. Навошта, калі ёсьць інтэрнэт-банкінг, прыватная мэдыцына і нават прыватная паслугі сантэхнікаў ды электрыкаў. Хіба з ДАІ часам уваходзіш у кантакт, вось і ўсе наўпроставыя дачыненьні зь дзяржавай.

Наўкола цябе прыгажэе горад Менск, ён у цэнтры ўсё больш нагадвае знаёмыя табе эўрапейскія сталіцы... Зрэшты, ад Менску, апроч кавярні, табе нічога й ня трэба штодня. Рэчы ты купляеш за мяжой, забаўляесься таксама не ў Беларусі. Нармальны, прыдатны для працы горад Менск, хіба інтэрнэт пакуль тармазнуты, але і гэтая сытуацыя выправіцца.

Выходзіш з кавярні падыхаць сьвежым паветрам. Вакол чамусьці багата сучасных, збольшага маладых людзей, якія весяляцца, радуюцца, пляскаюць у далоні. Бах! Цябе цягнуць у аўтазак. Гэта пасьля ў судзе ты будзеш тлумачыць, што «проста выйшаў падыхаць паветрам». А ўжо ў камэры на Акрэсьціна дазнаесься, што такіх вось «проста падыхаць» на Праспэкце было некалькі тысяч.

Гудбай, дэд-лайн! Бліжэйшыя пятнаццаць сутак пройдуць бяз ноўтбука, затое ў кумпаніі адукаваных інтэлігентных людзей. Якія, як і ты, да сёньня «палітыкай не цікавіліся», думалі, што жывуць у нармальнай краіне, і што за пляскат у далоні за краты трапіць немагчыма.

Там, у камэры на дванаццаць чалавек, ты дазнаесься, што ты «палітычны». Табе патлумачыць Ваван з Грушаўкі. Яго забралі за п'яную бойку. Ваван запэўніць, што ён нікога не чапаў, але «ўчастковы гад – падставіў». Ваван «палітыкай не цікавіцца» і не разумее, чаго палітычным не хапае ў жыцьці: «Усё ж ёсьць. Праца ёсьць, грошы даюць кожны месяц два разы. Гіпэрмаркеты адкрываюць. У краіне спакойна. Ды нармальная ў нас краіна!»

Ваван яшчэ ня ведае, што краіна ўваходзіць у зацяжную эканамічную стагнацыю. На Трактарным, дзе ён працуе, рабочых пераводзяць на «голы аклад» і на трохдзёнку. Касуюцца льготныя крэдыты, расьце інфляцыя, а гастарбайтэрства ў Маскве ўжо не ратуе, як ягонага субутэльніка Дзімона, бо ў Расеі таксама інфляцыя.

У адрозьненьне ад сваіх «палітычных» сукамэрнікаў, у Вавана адна пэрспэктыва – зубы на паліцу. А «палітычныя» хлопцы і з Гоа на ўдалёнцы працаваць могуць. Толькі яны хочуць у Беларусі, у Менску, у сябе дома.

Сядзяць хлопцы, абменьваюцца думкамі, таракан круціцца ўсё з большай хуткасьцю, і ў кагосьці зьнікае з галавы.

Бо да таго, каб было нармальна, яшчэ трэба прыйсьці. А без палітыкі не атрымаецца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG