Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напачатку 90-х адзін мой знаёмы шукаў лягапэда для свайго чатырохгадовага сына. І ў лягапэдычым цэнтры яму прапанавалі толькі беларускамоўнага спэцыяліста.

«Што эта за хрэнь?», – абурыўся зьбянтэжаны бацька.

Усе мае довады наконт мовы дзядоў толькі распалялі ягоную варожасьць да гэтай «дыбільнай» улады, якая заганяе людзей у «языкавы калхоз».

Казырным тузом у ягонай тырадзе прагучала «Как можна сраўніваць вялікава Пушкіна і нікчэмнага Коласа?»

Я міжволі параўнаў «Мой дядя, самых честных правил, когда не в шутку занемог» і «Мой родны кут, як ты мне мілы. Забыць цябе ня маю сілы».

Сапраўды, рыфма «занемог» і «не мог» гучала вельмі арыгінальна, вытанчана і па-боску ўзвышана ў параўнаньні зь «мілы-сілы».

Я ня стаў тлумачыць элемэнтарную рэч, што параўноўваць, вядома, можна ўсіх і з усімі. І Лермантава з Куляшовым, і Высоцкага з Шалкевічам, і Вазьнясенскага з Разанавым. Бо не дзеля літаратурных дыспутаў быў запушчаны гэты таракан. А дзеля прыніжэньня свайго. І ў гэтай непачэснай справе жыхары савецкай Беларусіі апынуліся наперадзе плянэты ўсёй.

Калі ў 90-х гэтае непрыхаванае самапрыніжэньне мяне даводзіла да шалу, дык сёньня я крыху супакоіўся. Памятаючы мэтады, якімі засяляўся гэты таракан у беларускія галовы.

Спачатку таракан павесіў таўро ўбоства на мову, «на якой нічыво вялікава нельзя сказаць». Затым перапоўз на ўсю культуру. Ад паэзіі да тэатру. І працягнуў свой атрутны шлях па ўсім, што пападзецца на вочы. Колькі разоў я чуў у кнігарні мамашыну каманду: «Пастаў эту кніжку на места. Ана на беларускім». А яшчэ памятаю размову дзьвюх маладых прадаўшчыц у «Малахітавай шкатулцы» наконт «Крамбамбулі», якая гучала ў іх з радыё.

– Ды выключы ты эту калхозную фігню. Найдзі што-нібудзь нармальнае.

– Сколька ж эцім прыдуркам даплачывают, што бы ані па-беларускім пелі?

Я тады падказаў прадавачкам, колькі каштуе білет на канцэрт «Крамбамбулі». Не паверылі.

Але аднойчы мне ўдалося гэтага таракана калі не забіць, дык прытруціць.

Блукаючы па руінах палаца апошняга сталічнага ваяводы, я разгаварыўся з былой дырэктаркай мясцовай школы. Дамай самых прагрэсіўных поглядаў, дэмакраткай, эўрапейкай, падарожніцай і прыгажуняй.

Размаўляла дама на чысьцюткай расейскай мове. І раптам адукаваная спадарыня выдала фразу, што пасавала б недавучанай шкалярцы.

«Белорусский – это русский, только неправильный».

Я папрасіў маю спадарожніцу перакласьці зь «няправільнага» на правільны некалькі простых фраз. Напрыклад такую. «Яна мае густ у адзеньні, але вельмі нясмачна гатуе».

Спадарожніца акуратна пераклала: «Она имеет вкус в одежде, но невкусно готовит».

А такую?, – не сунімаўся я, – «У джынсах хадзіць у тэатар няёмка, затое зручна».

«В джинсах ходить в театр неудобно, зато удобно… Ой, что-то не так».

«Усё так», – падбадзёрыў я дырэктарку. – Гэта вялікі і магучы. Але ня буду пытацца пра каханьне, пра ростань, пра невараць, пра вырай, і нават пра шуфляду ня буду. Бо ў «правильном языке» гэтых словаў няма.

А на разьвітаньне перакладзіце вось гэта: «Мы ўсе сканаем, але памрэм ня ўсе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG