Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 13. Захад хоча нас захапіць


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Можна было б сказаць, што гэты таракан зьвязаны з неадукаванасьцю. Але ня ўсё так проста.

Маніпуляцыя – вось ключ да ўстаноўкі «Захад хоча нас захапіць». Таракана ганяюць па хаце як маніпулятары, так і тыя, кім маніпулююць.

Таракан мае даўгую і шматслойную гісторыю. Пачнём з простай рэчы: «Пасматрыце, ані ж нас усё ўрэмя хацелі захапіць». Сьледам ідуць прыклады крыжакоў, швэдаў, французаў і немцаў. Часам дадаюцца палякі і нават літоўцы.

Тое, што і ў Сярэднявеччы, і ў Новы Час войны ішлі паўсюль па Эўропе, і часам значна больш інтэнсіўныя, чым на тэрыторыі сучаснай Беларусі, натуральна, ня згадваецца. Як ня згадваецца, што да ўваходу ў Расейскую Імпэрыю беларускія/літоўскія землі самі былі часткай Захаду – з магдэбурскім правам, калегіюмамі, друкарнямі, тэатрамі і ўнівэрсытэтам.

Хто маніпулюе?

Вось цёця зь Ліды радасна гаворыць на камэру карэспандэнта, што вітае магчымае разьмяшчэньне каля ейнага гораду расейскіх самалётаў-зьнішчальнікаў: «Ані жэ нас зашчыцят ад Захаду!». Тое, што дом цёці аўтаматычна ператвараецца ў мішэнь нумар адзін, цёця не разумее. Цёцяй маніпулююць, карыстаючыся ейнай слабой адукацыяй і адсутнасьцю звычкі крытычна думаць.

Маніпуляцыя з пудзілам-Захадам выгадная той невялікай частцы начальства і прыначаленых, якія зрабілі стаўку на Расею і атрымалі немалы профіт ад «нафты ў абмен на пацалункі» – на дэкляраваньні сваёй прарасейскасьці.

Сярод аргумэнтаў, чаму Захад столькі стагодзьдзяў «хоча захапіць…». Хм, хоча захапіць – «нас»! Асобна пра Беларусь тэзіс не гучыць. «Нас» – савецкіх людзей, самых правільных, якія за мір, дабро і сусьветную сацыялістычную рэвалюцыю.

Чаму стары савецкі мэм-пужалка працуе і сёньня на немалую частку беларусаў?

Аргумэнт супраць Захаду «тлумачыць» неверагодную выгаднасьць Беларусі. Маўляў, тут высокакваліфікаваны народ, якім можна кіраваць, і выцягваць для сябе карысьць. Таму Захад хоча гэты чысты, крыху наіўны, але высакародны народ «растліць» і падпарадкаваць праз масавую культуру. І вось гэтым падступным спробам у Беларусі супрацьстаіць «духоўнасьць».

Тым часам, на мой погляд, Беларусь настолькі адстала ад Захаду тэхналягічна, што цяжка ўявіць сабе большасьць нашых прафэсій, якія заўтра могуць спатрэбіцца паводле эўрапейскіх стандартаў. Больш за тое, калі заўтра Эўразьвяз адкрые для беларусаў межы, то сутыкнецца з хваляй нізкакваліфікаваных работнікаў.

Праблема ня ў тым, што «Захад хоча нас захапіць», а ў тым, што Захад ня вельмі хоча з намі зьвязвацца. Бо бачыць, каго абралі ў начальства над краінай, і як доўга і пакутліва будзе зьмяняцца грамадзтва.

Высокі ўзровень прафэсійных стандартаў і адпаведна высокі ўзровень жыцьця – гэта адзінае, чым пагражае Захад той частцы беларускай публікі, якая ад 1994 трымаецца за «гасударства для народу». А зьмяніць жыцьцё з кожным годам робіцца псыхалягічна ўсё больш складана. Значыць новыя невядомыя стандарты могуць выкінуць цябе за борт «стабільнага жыцьця». А таму, «хай будзе як ёсьць».

Але Захад усё роўна нас «захопіць». Дакладней, абноўленая генэрацыя беларусаў захопліваецца ідэямі, далёкімі ад казарменна-калгаснага ладу жыцьця сваіх бацькоў і дзядоў.

У Беларусі падзел ідзе пакуль не на бедных і багатых, а на сучасных, і несучасных. А сучасныя даўно інтэграваныя і ў Захад, і ва Ўсход, і ў Поўнач, і Поўдзень. Інтэрнэт, ангельская ды іншыя мовы, грошы для вандровак, якія зарабляюцца дыстанцыйна хоць з Гоа, хоць з Малых Вяпрылавічаў. Вось сакрэт незалежнасьці беларуса ад ідэалягічных маніпулятараў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG