Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта таракан «для спэцыялістаў». Ім карыстаюцца рэгулярна ў вузкім коле, якое ўплывае на грамадзкую думку.

Гэта таракан «для спэцыялістаў». Ім карыстаюцца рэгулярна ў вузкім коле, якое ўплывае на грамадзкую думку.

Непадцэнзурную грамадзкую думку.

Слова ўжываецца з папрокам, маўляў, ня хочаце вы на шырокі прастор, ня любіце вы народу, і ня робіце нічога для яго – для народу.

Таракан «гета» ўзьнік на мяжы тысячагодзьдзяў у дачыненьні да палітычнай апазыцыі. Тады папрок быў у тым, што апазыцыі камфортна быць у ролі меншасьці, і што яна ня робіць рэальных захадаў для ўзяцьця ўлады. Маўляў, «нас і так ня кепска кормяць».

Таракан доўга жыў за плінтусам вузкага кола палітаглядальнікаў. Але паціху пашырыў свой уплыў, і перабраўся ў культурнае поле.

«Пішаш па-беларуску – губляеш чытачоў», «Пішаш па-расейску, але не пра тое, што цікавіць простых людзей, – губляеш чытачоў». Гэта калі пра літаратуру.

Як і многія беларускія тараканы, гэты мае падманку. Слова «гета» ўжываюць людзі, якія гуляюць у нармальнасьць. Маўляў, палітыкам і грамадзкім дзеячам можна нармальна працаваць зь людзьмі на пляцоўках для сустрэч і праз СМІ.

Да грамадзкіх дзеячоў прыраўноўваюцца і творцы. У тым сэнсе, што творцы штосьці мусяць: ствараць тэксты, песьні і карціны, закліканыя зьмяніць грамадзтва ў лепшы бок.

І, нібыта, творцы маюць магчымасьць свабодна распаўсюджваць вынікі сваёй працы: праз дзяржаўны кнігагандаль, праз амаль цалкам манапалізаваныя дзяржавай СМІ і пляцоўкі для выступаў.

Але самая галоўная падманка – у супрацьстаўленьні «гета» і... мэйнстрыму? Антоніму «гета» ніхто не называе. Таму ўмоўна назавем мэйнстрымам. То бок, падманка ў тым, што як бы ёсьць альтэрнатыва, і ёю проста не карыстаюцца.

Зірнем на альтэрнатыву праз прызму літаратуры. Як аўтар можа патрапіць у «мэйнстрым»? Запісацца ў чаргу ў дзяржаўнае выдавецтва, прайсьці цэнзуру і чакаць пяць гадоў? Там выходзяць тысячныя наклады, і можна дагрукацца да большай колькасьці чытачоў?

Ці шмат ёсьць прыкладаў, каб мастацкая кніга з дзяржаўнага выдавецтва ўскалыхнула чытачоў? Адзін, два?.. А вось, пісьменна арганізаваўшы прамоцыю сваёй кнігі «Мова», Віктар Марціновіч ускалыхнуў.

Але Віктар прафэсійны мэдыйшчык, які працуе для канкрэтнай аўдыторыі і ведае, як рабіць PR. Фактычна ён робіць справу, якой мусіць займацца выдавецтва. Дзяржаўныя прамоцыяй і наагул PR не займаюцца. А ці шмат яшчэ пісьменьнікаў могуць замяніць цэлае выдавецтва? Не. І ня мусяць.

Тады застаецца аграмадная плынь расейскай кніжнай прадукцыі, якая, як цунамі, даўно накрыла Беларусь. Лезьці туды, каб вярнуцца дадому ўжо «мааасковскім пісацелем»?

Усё проста – патрэбна, каб дзяржава перастала падмяняць сабой грамадзтва, аддала людзям права вырашаць кірункі свайго жыцьця.

А пакуль названай сытуацыі няма, творцы займаюцца тым, чым хочуць. Хоць і без PR, але і без цэнзуры. Як і грамадзкія актывісты ды людзі зь іншых сфэраў.

Дык хто жыве ў гета? Нешматлікія свабодныя людзі, ці большасьць з «мэйнстрыму», сутнасьць якога ў расейскай правінцыйнасьці, забаронах і прымусе?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG