Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта элітны таракан. Ён жыве ў галовах дастаткова вялікай колькасьці беларусацэнтрычных людзей. Жыве ўжо як мінімум чвэрць стагодзьдзя, ад моманту, калі сама «Пагоня» стала шырока вядомай.

Спачатку Літоўская Рэспубліка, а сьледам Рэспубліка Беларусь вярнулі сабе колішнюю дзяржаўную сымболіку ў якасьці афіцыйнай. Натуральна, што шаблёны малюнкаў дзьвюх дзяржаваў фармальна мусяць адрозьнівацца.

У выпадку з «Пагоняй» прынцыповымі сталі ня полавая прыналежнасьць каня і не кірунак задзёртага хваста, а розная форма крыжоў на тарчы. У літоўцаў роўны васьміканцовы крыж, а ў беларусаў так званы «крыж Эўфрасіні Полацкай», хоць падобную форму ведаюць і ў іншых краінах, напрыклад, бачым яе на гербе Славаччыны.

Абодва крыжы існуюць у традыцыі маляваньня «Пагоні» часоў ВКЛ. А сама выява гербу з стагодзьдзя ў стагодзьдзе зьмяняла дызайн. Нікому да галавы не прыходзіла, што новы малюнак – гэта «нянаша» «Пагоня». Гэта развагі з сэрыі «наш Ісус з кароткай барадой, а іхны – з даўгой».

Кожная карцінка ўтрымлівае нейкі сэнс, сутнасьць. Хочам мы таго ці не, але ВКЛ было агульнай дзяржавай продкаў беларусаў, літоўцаў, а нейкі час і ўкраінцаў. Ня ўсім зразумела, што ў ХХІ ст. уяўленьні пра дзяржавы, межы, этнасы і нацыі цалкам адрозныя ад сярэднявечных. Дзе дзяржаўнасьць вызначалася паводле падданасьці таму ці іншаму манарху, а этнічнасьці не існавала як такой. Замест этнічнасьці было самавызначэньне па рэлігіі.

«Я літвін веры рускай мовы славянскай», – прадстаўляўся пэўны час Францішак Скарына за мяжой. Нагрувашчана? Сёньня мы б стаміліся ўвесь час удакладняць сярэднявечныя нюансы, заблыталіся б у «многабукаф».

Чалавек імкнецца да спрашчэньня дэфініцыяў. Сёньня мы кажам «старажытная беларуская дзяржава», «старажытная беларуская мова», «старажытны беларускі герб». Лёгіка простая, нам важна каб нашы людзі ведалі найперш кавалак гісторыі ВКЛ, зьвязаны непасрэдна з гісторыяй сучаснай Беларусі. Хоць краем сьвядомасьці мы трымаем у галаве, што ВКЛ была пярэстай дзяржавай, гэткай сабе амаль імпэрыяй.

А «Пагоня» ўсё роўна застаецца адна, хто б і як яе ні маляваў, адна адзіная ў сутнасьці сваёй.

Вось нейкія «інтэрнэт-партызаны» ў францускай Вікіпэдыі зрабілі такі варыянт «Пагоні»: мікс беларускага ўзору 1991 з колерамі сучаснай літоўскай.

Можна пайсьці далей, калі зацікавіць прафэсійнага дызайнэра. Стварыць гарманічны мікс з усіх варыянтаў, што былі за апошнія больш як сямсот гадоў. І «Пагоня» ўсё роўна застанецца «Пагоняй» – нашым сымбалем, які эмацыйна і інтэлектуальна зьвязвае нас з нашымі продкамі да ХІІІ ст.

Таракан «нянашай» «Пагоні» мусіць быць прагавораны, як і шмат іншых тараканаў у галовах беларусацэнтрычных людзей, і тады ён зьнікне. Проста падчас камуністычнага панаваньня багата беларускіх тэмаў былі пад забаронай, а ад 1994 году яны выціскаліся з шырокага абмеркаваньне назад на кухні.

Але нечакана для новых уладаў зьявіўся і распаўсюдзіўся інтэрнэт, і вось мы зноў вывучаем і абмяркоўваем «наша-нянаша».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG