Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 10. Вы адкуль? – Ніадкуль


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Ня буду гаварыць за іншых, а толькі за сябе, як аднаго з нас. Нам авансам надалі рыцарскае званьне, а затым панізілі.

Замест рыцарскага ўсунулі ў рукі падмаляваны штучнай пазалотай савецкі герб, ад якога, здаецца, пахне цыбуляй ды капустай. Гародніна — рэч нядрэнная, але сутнасьць дзяржаўнай геральдыкі была заўсёды ў іншым. Так зараз і калашнікава (як у некаторых афрыканцаў) можна прыляпіць на глёбус на патрэбу дня, каб усходні друг адчуў нашу рашучасьць свой «клачок» яму не аддаваць затанна.

Некалі з задавальненьнем гаварыў, адкуль я, за сьпінай быў рыцар. «Збройны рыцар на кані з мячом, ежэ ныне нарычут Пагоня», як сказана было ў летапісе… Цяпер у палякаў і літоўцаў кажу ляканічна: з Горадні. На Корфу сёлета: адкуль? Прыляцеў з Варшавы. Я ўвогуле не люблю пытаньняў, прывык іх задаваць сам. Але аднойчы быў засьпеты зьнянацку.

Была ў нас італьянская сябрына. Дзьве дамы з сабачкамі, заўсёды па-прыяцельску віталіся з намі па-грэцку: калімэра! (Добрай раніцы, добры дзень). Быў бляклаваты мужчынка ў акулярах і другі, дзелавы, з падфарбаванай прычоскай, які нагадваў крыху Чэлентана, але болей – карыкатурнага Бэрлюсконі (што праўда, сам Бэрлюсконі таксама выглядае досыць карыкатурна). Ён любіў зьбіраць сваю італьянскую моладзь (трох хлопцаў і дзяўчыну), сядзець зь імі ў вадзе каля берагу і нешта дыдактычна даводзіць, напэўна вучыў жыць.

Італьянская моладзь пастаянна хадзіла вакол нас з жонкай кругамі. Прыслухоўвалася, зазірала ў кніжкі, якія мы чыталі. І вось аднойчы ў вадзе застаўся толькі я ды маладзёны. І падплывае да мяне іхняя Сузана (так яе звалі), самая фігурыстая і загарэлая, і пытаецца ў твар: адкуль мы? Думкі пра наш сувэрэнны «клачок зямлі» згасьлі зьнічкамі ў сьвядомасьці і я адказаў, што гэта — вялікі сакрэт. Яна расчаравана патлумачыла, што яны «гуляюць у гульню» — адгадваючы адкуль мы прыбылі, падплыла да сваіх і паведаміла мой адказ.

На жаль, яны выпадкова зьвярнуліся не да таго, да каго трэба. Жонка так цікава расказала Костасу, гаспадару сямейнага гатэліка, пра Беларусь, што яму ажно захацелася паглядзець на яе. У марскім падарожжы побач з намі апынуліся швэды, яны таксама атрымалі інфармацыю пра краіну нашага паходжаньня. Што праўда, у старым манастыры, куды возяць усіх турыстаў, запыталіся: адкуль вы? З Усходняй Эўропы? Значыць, з Прыбалтыкі?..

Нечаканым пазытыўным уражаньнем стала прага навакольных да літаратуры. Упершыню такое бачыў. На пляжы ўсе (апроч італьянскай моладзі) чыталі кніжкі. Прычым сапраўдныя, e-book быў толькі ў адных руках. Пераважна на нямецкай мове, на ангельскай. Нават у рускага, што пару разоў аднекуль прыяжджаў з жонкай, у бардачку таксама знайшлася. У нашым гатэліку была гара нямецкіх кніг, часта перакладаў з ангельскай. І толькі адна-адзіная на ангельскай мове, я ёю завалодаў на час побыту. Але сапраўдным цымусам быў мой старажытнагрэцкі раман Шандара Мараі. Тэлемах, сын цара Ітакі Адысея, накіроўваецца па сьлядах свайго бацькі, па астравах, і трапляе на нашу Керкіру (грэцкая назва Корфу).

Італьянская моладзь так і хадзіла вакол нас да самага канца, мой дурацкі адказ не пагасіў у іх цікаўнасьці да краіны нашага паходжаньня. А я заплюшчваў ад сонца вочы і мне ўяўлялася, як аднойчы ня проста з пачуцьцём годнасьці адкажу — адкуль я, але нават герб пакажу наш, збройнага рыцара на кані, нашага гістарычнага заступніка. А чаго камплексаваць?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG