Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 8. Мы ўсе пацярпелі разам


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Гэты таракан зьявіўся яшчэ ў перабудову і дагэтуль вылазіць на сьвятло час ад часу: калі актуалізуюцца дыскусіі па камуністычнай спадчыне.

«Мы ўсе пацярпелі разам» – ня просты таракан, ён з падманкай. Жыве ён у галовах людзей калі ня з добрай адукацыяй, дык начытаных – дакладна.

Кажаш людзям: бальшавікі прынесьлі з Крамля беларусам масавы тэрор. Адказ: «Дык і расейцы пацярпелі ня менш! Пры чым тут Расея прынесла? Мы ўсе разам пацярпелі. Аднолькава».

Вось тут і падманка. Цярпелі разам, толькі расейцы ад сваёй уласнай пошасьці. А беларусы ад занесенай на штыхах – чужой. А чаму і сёньня тэма дыскутуецца? Ключ у слове «разам». Той самы «русский мир», толькі від збоку.

Калі б Польшча не адбілася ад бальшавікоў і засталася ў складзе абноўленай імпэрыі, то і палякам бы сёньня таксама казалі «мы ўсе пацярпелі разам», з націскам на «разам». Палякі адбіліся, беларусы – не. Таму нам увесь час нагадваюць пра «агульную гісторыю». І фармальна паспрачацца цяжка – агульная. Толькі калі для расейцаў гісторыя аўтарская, то для беларусаў – дыктант.

Носьбіты таракана вам могуць аргумэнтаваць: беларуская культура, эканоміка і адукацыя – усё гэта паўстала ў СССР.

Гэты аргумэнт з той жа сэрыі, калі я запытаўся ў бабулі пад Мядзелам: «Калі жылося лепей – за палякамі, ці за саветамі?» – «Канечне, за саветамі! – Упэўнена адказала бабуля. – За палякамі я толькі працавала не разгінаючыся, а за саветамі ў мяне тры ўнукі, усе маюць у горадзе кватэры і машыны».

Быццам калі б гісторыя пайшла інакш, зьнікла б адразу мова і носьбіты беларускай нацыянальнай ідэі. Мову амаль дабілі акурат у СССР, як і нацыятворчых людзей амаль усіх вынішчылі.

Чаму важна дабіць гэтага таракана – дапрамовіць, дафармуляваць і высекчы на камені? Бо школа. У школе дзецям трэба даваць вельмі канкрэтную і дакладную фармулёўку. Напрыклад, што і ў СССР Беларусь разам зь іншымі народамі была калёніяй Крамля.

І што цяпер мы жывем у своеасаблівым пратэктараце Расеі. І што дэкалянізацыя яшчэ наперадзе.

Раней мне падавалася, што самай складанай будзе дэсаветызацыя. Але дэсаветызацыя ў Беларусі дэ-факта адбываецца па поўнай праграме. Саветчына паступова зьнікае, як крышацца помнікі савецкім дзеячам па ГэПэ і калгасах.

Ужо гадоў пятнаццаць таму школьнікі сярэдніх клясаў не маглі ўцямна адказаць, хто такі Ленін. Цяпер пытаюся часам, што такое «СССР» у малых школьнікаў, чую: «Гэта штосьці зьвязанае з вайскоўцамі і верталётамі».

Як высьвятляецца, дэсаветызацыя сталася менш балючым працэсам, чым дэкалянізацыя. Хоць працэсы і ўзаемазьвязаныя, але каляніяльны комплекс завязаны на шмат больш рэчаў, чым савецкая ідэалёгія. Напрыклад, на падманкі «мы ўсе разам пацярпелі», «мы ўсе разам выйгралі», «мы ўсе разам прыдбалі», «мы ўсе разам страцілі» і г.д.

«Мы ўсе разам», – гундосяць тараканы са шчылінаў унутры і звонку краіны, у якой даўно не рабіўся рамонт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG