Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 21. Не зусім беларус


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Бо не аддаю перавагі расейскай мове і не баюся беларускай. Не адчуваю бар’еру паміж намі. І, пагатоў, ня грэбую, не лічу мову дзеравенскай, калгаснай, ня вартай гарадзкога асфальту. Я не нашу ў сабе мову як плод, якога хочуць пазбыцца.

Я не лічу яе грубай, хоць і не ўпадаю ў празьмерную замілаванасьць, як некаторыя паэты зь яе нагоды, і ўяўнай выключнасьці ў сьвеце.

Я не карыстаюся расейскай, бо так робяць усе, а я не хачу быць як усё. І ніколі не хацеў. А ўсе, яны ж баяцца, як агню, быць белай варонай.

Я не адчуваю за мову сорам, у мяне не пунсавеюць вушы, я не лічу недарэчнасьцю яе існаваньне. І непатрэбшчынай яе не лічу, як лічаць іншыя.

Бо калі я беларус, значыць яны не беларусы? Ці як? Але ж іх большасьць. Значыць беларусы яны, а ня я. Такая вось пятрушка. А хто я тады? Ня ведаю. Але калі змусіць сябе абавязкова знайсьці адказ, то можа я нейкі нацыянальны мадэрніст? Прыхільнік чыстага мастацтва? Моўнага, само сабой. «Мовы дзеля мовы»? Бо ёй ня стаць мовай дзяржавы, дзяржава яе ня хоча, не заўважае ў сябе пад нагамі. Бо натоўп, насельніцтва жалезабэтонна трымаецца за расейскую, шугаецца адной толькі назвы «беларуская». А быць не з народам, беларускім народам, у думках якога цьвікамі ўбіта «Хто ня з намі, той супраць нас», азначае быць асобна ад яго. Значыць я супраць беларускіх людзей, бо я ня зь імі. Мы самі па сабе кожны. Ён і я. Я кватарант беларускага народу, прыхадзень, вараг.

Альбо інакш. Напэўна я адшчапенец, так лічыць дзяржава. Той, хто не жадае хадзіць у нагу з усім народам, які паслухмяна клыпае за сваім бацькам, які ўсё ведае – што і як. І наконт мовы ў тым ліку і перш за ўсё. Які, што датычыць мовы, ёсьць першым і найважнейшым беларусам. Ягонае слова – закон. Закон зь вялікай літары.

Мяне не раздражняе, калі чую ад некага беларускую мову: маўляў, занадта разумны! Выскачка! Ня так, як усе нармальныя людзі, хоча! Вылузацца з натоўпу, зьвяртаць на сябе ўвагу?! Сьціплей трэба быць!

У мяне няма спадзяваньня на хуткія хаўтуры беларускай мовы, каб стаць зусім як рускія, са знакам якасьці ці безь яго, але як яны – сапраўдным народам, а не вясковай грамадой, не правінцыйнымі местачкоўцамі. Я не стаю ў чарзе з рыдлёўкай, каб закапаць мову. Хаваць яе не ў маіх плянах. І я не зьбіраюся чым хутчэй кінуць жменю зямлі на века труны.

Я не трымаю ў душы штучных кветак у чаканьні, каб яна падохла, каб пазбыцца згрызотаў сумленьня за сваю здраду матчынай мовы. У мяне няма ваяўнічага перакананьня, што яна надзвычай бедная: словы па пальцах пералічыць можна, а больш мы ня ведаем. Ах, як жа хочацца, таварышы, каб хутчэй заткнулася. Колькі можна слухаць! Ня можа трымаць язык за зубамі, усё нешта плявузгае. Надаела як горкая рэдзька. Недаразьвітая наша, падаруначак ад цара Гароха. Кляп, кляп ёй. Давайце хутчэй. Ну дзе вы там?!

Якое ў мяне можа быць апраўданьне, што я не зусім з народам? У яго любові і нянавісьці. Любові да саветчыны, расейшчыны і саманянавісьці. Ня ведаю. Мабыць ніякага. Хіба што адно, праўда, кволае. Я не вучыўся ў беларускай савецкай школе, якая, магчыма, выхоўвала комплекс моўнай непаўнацэннасьці, і нават зусім закончыў школу ня тут, а ў суседняй Літве, дзе замест беларускай, што зразумела, вывучаў літоўскую.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG