Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта эксклюзіўны пасьлявыбарчы таракан, які зьяўляецца раз на пяць гадоў у немалой часткі шырокага паспольства, зацікаўленага ў зьменах у краіне.

І гэта таракан, які, магчыма, можа зьнікнуць назаўсёды. Прынамсі, надзея, што яго можна патруціць – ёсьць.

Чарговы раз пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, чытаю: «Усё прапала! Гэта канец!», «Гэта паўночная Карэя», «Лепей ня будзе!», «Нам усім гамон!» Прычым, бачу ўжо новую генэрацыю, якая пачатак сэрыялу не глядзела, і шоў у дынаміцы ацаніць ня можа.

Асабіста для сябе я сказаў «усё» – ў сэнсе канца спадзяваньняў на хуткія дэмакратычныя зьмены – яшчэ ў канцы 1996. Калі быў правалены імпічмэнт прэзыдэнта парлямэнтам, а пасьля адбыўся рэйдэрскі захоп абсалютнай улады адным чалавекам. Апошні спадзеў быў на выбары 2001, прычым спадзеў на тое, што ўздымецца маса народу, і яна зможа паўплываць на аўтарытарную сыстэму, якая толькі-толькі замацоўвалася.

Пасьля 2001 мне сталася зразумела, што вось цяпер сапраўды «усё» – у сэнсе мірным шляхам свабоды не здабыць, а нямірным ніхто займацца ня будзе.

У кожнага быў свой год для слова «ўсё». А цяпер уявіце, што ўсе, хто зразумелі, сабраліся і выехалі з краіны. Ды гэта ж мара ўзурпатара! Ды ў якой заўгодна краіне. Гэта тое, што Сталін і Гітлер вырашалі фізычным зьнішчэньнем, а ў позьнім СССР –псыхушкамі.

А цяпер нельга. Таму мы ўсё яшчэ тут. І ня проста ігнаруем, байкатуем ці наадварот – ходзім на выбары. Мы між імі жывем, і штосьці робім. А калі б усе разам эмігравалі? Колькі б усяго не было створана! У культуры, навуцы, у сацыяльных праектах, мэдыйных. Вось гэта і было б «усё прапала!» і «нам усім гамон!»

Ад 2001 году прэзыдэнцкія выбары былі тры разы. І кожны раз зацікаўленыя ў зьменах вялі бурлівыя дыскусіі – хадзіць ці не хадзіць? А калі хадзіць, то як – галасаваць ці забіраць бюлетэнь? І кожны раз пасьля чаканага выніку зьяўлялася мноства расчараваных галасоў. А на што вы разьлічвалі? Знайсьці ў выбарчай скрыні Хатабыча, які ўсё выправіць? Ці як бы сарваць джэк-пот у казіно?

Няўжо не зразумела, што ў нязьменнага кандыдата нумар адзін немагчымая легальная пэнсія, і ў яго папросту няма выйсьця, як толькі трымацца за ўладу і нарошчваць моц унутраных войскаў?

«Мы беларусы – мірныя людзі» – гэта акурат пра абсалютную большасьць усіх удзельнікаў маніфэстацый пратэсту за ўсе прамінулыя ад першай вулічнай акцыі дваццаць гадоў. А вось з таго боку – ані разу ня мірныя, з таго боку гатовыя на ўсё. Вы, гадавальнікі таракана «усё прапала!» гатовыя на ўсё? – не. Як і большасьць нармальных людзей.

Вы не палітыкі, не палітолягі і не паліттэхнолягі. Як і большасьць усіх астатніх. Хадзіць ці не хадзіць – справа для тэарэтычных дыскусіяў. А на практыцы трэба рабіць тое, што мусіш, і будзе што будзе. Дакладна будуць новыя ініцыятывы, новыя тэксты, відэа, дапамога тым, хто яе вымагае. Шмат-шмат рознага, хай сабе не заўжды з належным мэдыйным і публічным эфэктам.

Сваёй дзейнасьцю вы зьмяняеце жыцьцё вакол вас. Так, намаляваныя чарговыя лічбы. Але мы не ў сытуацыі 2001 і нават 2010. Сьвет зьмяніўся, ці будуць у начальства краіны грошы на падтрыманьне порткаў сваіх прыхільнікаў і палітычная магчымасьць уціску свабоды сваіх апанэнтаў?

Калі я зразумеў, што праз дэмакратычную працэдуру палітычныя зьмены не адбудуцца, я пачаў ставіцца да сытуацыі як першабытны чалавек да стыхіі прыроды. А падабенства ў тым, што дзе б у які час ты ні жыў, кожны дзень трэба штосьці пераадольваць. Найперш унутры сябе.

А глябальная зьмена, яна не бывае прывязаная да календара агародніка, да даты, якую вызначае Цэнтарвыбаркам. У недэмакратычных сытуацыях зьмены прыходзяць раптоўна. Галоўнае выкінуць зь сябе таракана «ўсё прапала», і быць гатовым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG