Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 17. «У нас нічога няма»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Гэта таракан-тройка. Як тройка-птушка. З аднаго боку, ён доўгі час культываваўся некаторымі суседзямі Беларусі. Зь іншага – у пэўных сытуацыях грае супраць суседзяў.

«У нас нічога няма» ідзе прычэпам з «Беларусь заўжды была пад кімсьці» і «ў нас усяго намяшана». Усё разам працуе на абезаблічваньне Беларусі звонку, а ўнутры прыніжае самаацэнку беларусаў.

Як гэта працуе.

«У нас нічога няма» – гэта найперш пра прыродныя багацьці, а таму «без Расеі мы не пражывем». Прыклады іншых краінаў з такімі самымі парамэтрамі не працуюць. Напрыклад, гаворыш пра Чэхію з падобнай колькасьцю насельніцтва пры меншай тэрыторыі і бяз выхаду да мора. «Дык яны ж пад Эўропай…» – чуваць у адказ. Ці проста: «Ну ты параўнаў!»

Тое, што Чэхія не пад Эўропай, а частка Эўропы, як і мы, не ўспрымаецца. Вось ёсьць дужы, а ёсьць слабейшы ў эканамічным і вайсковым сэнсе.

Адсюль «Беларусь заўжды была пад кімсьці». Тое, што хтосьці і былі нашы продкі, не ўспрымаецца. Гэта ўжо праца суседзяў, найперш расейцаў і крыху палякаў. Гэта адсутнасьць адукаванасьці, якую твой апанэнт выпраўляць ня хоча. Бо яму так зручна. Зручна быць нікім у нацыянальным пляне.

Адсюль трэці складнік «у нас нічога няма» – «у нас усяго намяшана». Практычна кожны другі ў Беларусі вам прыгадае пра «польскую бабулю». Калі пачнеш распытваць, найчасьцей будзе альбо бабуля з Заходняй Беларусі, альбо каталічка, не абавязкова грамадзянка Рэчыпаспалітай Польшчы. Далей варыяцыі з іншымі нацыянальнасьцямі, сэнс якіх адзіны – падкрэсьліць сваю «не зусім беларускасьць».

Аргумэнт пра тое, што ўсе сучасныя народы – гэта намяшанасьць і перамяшанасьць розных этнасаў, не працуе. Мантрай «у нас усяго намяшана» чалавек здымае адказнасьць за сваю краіну.

Таму так лёгка такому беларусу назваць у ЗША сябе расейцам, а ў польскім кансуляце перад атрыманьнем карты паляка голасна пры сьведках заявіць пра сваю прыналежнасьць да польскага народу. Пры гэтым чалавек можа ўсьведамляць, што ён хлусіць, але робіць, бо так практычна.

Зрабіць сябе нікім – практычна. Ты можаш упісацца ў некалькі асяродкаў адразу. Быць сваім і ў Польшчы, і ў Расеі, і ў ЗША, ды паўсюль амаль што. Ты можаш арыентавацца на больш моцнага ў тваім разуменьні. Гэта ўсяго толькі варыяцыя агульнапрынятага ў нас «не высоўвайся».

У выпадку, калі гісторыя чарговы раз хісьнецца на карысьць Беларусі, і мы вернемся дадому – у Эўропу, носьбіты таракана раптам узгадаюць сваю беларускую радзіну, мову, знойдуць у бібліятэках кніжкі па гісторыі. Калі адчуюць, чыя бярэ верх.

Толку ад носьбітаў такіх тараканаў мала для кожнага грамадзтва, што на радзіме, што за мяжой – у кожны момант знойдуць новую маску ў сваёй падарожнай валізцы. Але гэта таксама адзін з этапаў даросьленьня сучаснай Беларусі.

Таракан дае магчымасьць іншым на тваім фоне адчуць сябе кімсьці.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG