Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 16. «Айчынная музыка»


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Чытаю па-расейску загаловак – «Самыя калярытныя пэрсанажы айчыннага мэтро». Каб зразумець, якога мэтро, мне трэба прачытаць колькі сказаў. Ага, гэта расейскае мэтро.

Зрэшты, у Беларусі панятак «айчынны» ўласна да беларускага рэдка ўжываюць.

Айчынная музыка, айчынныя аўтамабілі, айчыннае кіно. Айчынны таракан. Таракан-кручок, чаплялка.

У Францыі прадукты францускія, у Польшчы польскія, а ў СССР... А ня скажаш «савецкія прадукты», бо будзе двухсэнсоўна: маецца на ўвазе дзяржаўная ці ідэалягічная прыналежнасьць прадуктаў?

Праблема з азначэньнямі ў расейскай, а пасьля савецкай імпэрыях зьявілася раней. Напрыклад, вайну з Напалеонам назвалі айчыннай, што было па сутнасьці – ўсенароднай. Вось толькі пад народам тады разумеліся ніжэйшыя слаі грамадзтва. А «Айчынная» дазволіла аб'яднаць усіх ад прыгонных да арыстакратаў.

Пазьней слова выкарысталі падчас Другой сусьветнай вайны, і вось цяпер каб зразумець, зь якой краіны навіна, трэба ўважліва ўчытвацца. Бо Айчынная імпэрыя працягвае жыць ня толькі ва ўспамінах гадаваных у СССР людзей, але ў сучасных загалоўках у СМІ і шыльдах у крамах.

«Расейцы называюць усё расейскае славянскім, каб пасьля ўсё славянскае называць расейскім», – сказаў чэскі публіцыст Карэл Гаўлічак у сярэдзіне ХІХ ст. Так і цяпер расейцы працягваюць усё расейскае называць «айчынным», каб памятаць пра нядаўнія калёніі, якія адваліліся ў 1991 годзе.

Таракан-кручок, які чапляецца за ўспаміны і цягне іх у сучаснасьць – «усё яшчэ вернецца!»

У імпэрыі пад безаблічнай назвай «Айчына» жыве траціна беларусаў. Яны гатовыя аб'яднацца з Расеяй. У іх і цяпер агульныя «айчынныя» музыка, кіно, машыны: Пугачова, «С лёгким паром», «Жигули».

Сацыёлягі нам не гавораць, што гэта за траціна, што за людзі? Дзе жывуць, чым займаюцца, які пол і ўзрост маюць. Ці думаюць пра будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, ці проста «дажываюць»? Я ў Менску вельмі рэдка сустракаю і айчыннае ў звычайным сэнсе слова, і «айчыннае» ў тараканім варыянце.

Але неяк заўважыў у самым цэнтры, у раёне плошчы Незалежнасьці краму з музычнымі дыскамі. Таблічкі расейскай мовай над паліцамі: «Беларуская», «Зарубежная», «Айчынная».

Зрабіў пытаньне-заўвагу ў іранічнай форме пра «айчынную». Праз пару дзён праходзіў міма, зазірнуў, а там замест «айчыннай» – «расейская» музыка.

Калі ўсё становіцца на свае месцы, таракан зьнікае.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG