Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 23. Мы жывем у сацыяльнай дзяржаве


Belarus - Sieviaryn Kviatkouski, 02May2013
Belarus - Sieviaryn Kviatkouski, 02May2013

Таракан-мантра. «Мы жывем у сацыяльнай дзяржаве», «мы жывем у сацыяльнай дзяржаве», «мы жывем у сацыяльнай дзяржаве»…

Чым напоўненыя гэтыя словы? Памкненьнем чалавека верыць у тое, што «дзяржава бароніць, яна для нас – для народа, ці як яно па-навуковаму... Сацыяльна арыентаваная».

Гаворачы «сацыяльная дзяржава», у нас часьцей любяць спасылацца на прыклад Швэцыі, дзе, маўляў, і рынкавыя адносіны, і адначасова ўсё робіцца для таго, каб грамадзянін не заставаўся сам на сам са сваімі сацыяльнымі праблемамі. «Трэба, каб у Беларусі было, як у Швэцыі», адзінае адрозьненьне ад якой носьбіт таракана бачыць у большай заможнасьці скандынаўскай краіны.

Толькі ў Швэцыі чыноўнікі сто разоў паглядзяць на зваротную рэакцыю грамадзянаў на ўласныя дзеяньні. Бо чыноўнікі прызначаюцца палітыкамі, якія абіраюцца грамадзянамі на ўсіх узроўнях. У адрозьненьне ад Беларусі, дзе аднойчы абраны кіраўнік дзяржавы самаруч прызначае ўсіх у дзяржаўнай сыстэме.

Андрэй Дзьмітрыеў: «Сацыяльная дзяржава на думку ўлады гэта:

1. Дапамога па беспрацоўі $8 і падатак на дармаедзтва;

2. Пэнсійны ўзрост 65 гадоў;

3. Абавязковая адпрацоўка пасьля вышэйшай адукацыі;

4. Платныя паслугі ў дзяржаўных мэдычных установах;

5. Больш за 50% вышэйшай адукацыі платныя бяз права кантролю якасьці і расходу сродкаў;

6. Скарачэньне дэкрэтнага адпачынку без павелічэньня дэкрэтнай дапамогі;

7. Рост тарыфаў ЖКГ бяз права грамадзяніну ведаць, як яны фармуюцца і самому выбіраць паслугі, за якія плаціць і каму».

Ключавая фраза – «бяз права».

У Беларусі ад цябе нічога не залежыць. Не, ты можаш паскардзіцца, і, магчыма, нават нейкім чынам паўплываеш на рашэньне чалавека пры ўладзе. А магчыма – не. Як пашанцуе. У Беларусі рашэньні прымаюцца ў вольнай інтэрпрэтацыі закону, сыходзячы «з апэратыўнай абстаноўкі ў краіне».

Цябе могуць звольніць – не працягнуць кантракт. Без твайго ўдзелу прымуць рашэньне, каго якім падаткам абкладаць, а каго – не. Твой дом могуць зьнішчыць, і кампэнсаваць згубу маёмасьці «на глазок», бо няма прыватнай уласнасьці на зямлю. Чаму няма? «Так рашыла дзяржава». Ты можаш увагнаць чалавека ў кому і пасьля выйсьці з турмы менш, чым праз год. А можаш нікога не зачапіць і сесьці на восем гадоў. Чаму такая разьбежка ў пакараньні? «Так рашыла дзяржава». Без цябе.

«Дзяржава цябе абароніць»? Гэта як яна вырашыць. «Сацыяльная дзяржава». А што такое дзяржава ў Беларусі? На мой погляд, гэта Карпарацыя, якая займае становішча капіталіста-манапаліста. Гэта «Закрытае Акцыянэрнае Таварыства» з правам дзейнасьці ва ўсіх сфэрах жыцьця. Скарочана – Арганізацыя.

Арганізацыя ўбірае ў сябе больш за 80% эканомікі, і пільна кантралюе астатнюю частку краіны. Ты можаш быць па-за сыстэмай, і спрабаваць падладжвацца пад правілы Арганізацыі. А можаш трапіць у саму Арганізацыю, чым гарантуеш сабе шмат якія даброты, расьпісаныя ў «статуце». «Статуце», які можа зьмяняцца хоць кожны дзень – на меркаваньне кіраўніка Арганізацыі.

Арганізацыя – для народа? Сэнс карпарацыі – атрымліваць даход. Усё, чым яна дзеліцца з работнікамі, мае сэнс для падтрыманьня іхнай працаздольнасьці. Ці проста занятасьці, «каб не бадзяліся бяз справы» і не заміналі працаваць іншым на справу атрыманьня даходу, абсалютную долю якога атрымлівае ўладальнік Арганізацыі.

Ты жывеш у «сацыяльнай дзяржаве»? Ты працуеш на прыватную фірму!

Альбо спрабуеш пазьбягаць, ці нават супрацьстаяць правілам, навязаным табе гэтай «фірмай».

Насамрэч, дзяржава – гэта сэрвіс, структура, якая працуе для цябе, а ня ты на яе. Як у Швэцыі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG