Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Пракурор папрасіў абодвум сьмяротнае пакараньне

абноўлена

Намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук, які прадстаўляе дзяржабвінавачаньне ў справе аб тэракце ў менскім мэтро 11 красавіка, а таксама аб выбухах у Менску ў 2008 годзе і ў Віцебску ў 2005 годзе, папрасіў суд прысудзіць абодвум абвінавачаным, Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладу Кавалёва, вышэйшую меру пакараньня — расстрэл.

18:00 Пацярпелая ня верыць, што Канавалаў і Кавалёў — тэрарысты

У судовым працэсе над абвінавачанымі ў тэрарызьме Канавалавым і Кавалёвым выступіў пракурор. Ён пералічыў доказы, якія, на ягоную думку, сьведчаць, што выбух у мэтро ўчыніў Канавалаў, а Кавалёў яму дапамагаў, ведаў пра падрыхтоўку злачынства, але пра гэта не паведаміў.

Пракурор спаслаўся на відэа ад 10 красавіка 2011 году аб прыезьдзе Канавалава ў Менск — што разам з Кавалёвым яны прынесьлі сумку, у якой знаходзілася выбухоўка. Паводле зьвестак экспэртызы ФСБ, мэталічныя стрыжні, знойдзеныя на станцыі мэтро пасьля выбуху, супадаюць з аналягічнымі стрыжнямі, знойдзенымі ў падвале Канавалава. Экспэртыза таксама лічыць, што калі падчас сьледчага экспэрымэнту Канавалаў паказваў, як ён вырабляў бомбу, то гэтая бомба адпавядала той, якая была ўзарваная. Паводле сьведкі Пачыцкай, яна бачыла, як 11 красавіка за гадзіну да тэракту Канавалаў і Кавалёў нешта рабілі з сумкай. А ў адпаведнасьці з паказаньнямі Кавалёва, якраз у той момант Канавалаў ставіў бомбу на ўзвод.

Цалкам прагледжаны і даказаны шлях Канавалава пасьля таго, як у яго ўзялі адбіткі пальцаў і ён літаральна праз паўгадзіны сышоў з дому і наняў кватэру, з кватэры паехаў на вакзал, з вакзалу ў Менск. Паводле пракурора, гэткім чынам ён пачаў хавацца, разумеючы, што пасьля зьняцьця адбіткаў пальцаў яго могуць затрымаць.

Таксама гаворка вялася пра відэа таго, як 10 красавіка Канавалаў хадзіў па мэтро, шукаючы месца, дзе ён будзе пакідаць выбухоўку. Паводле абвінавачаньня, гэтыя факты адпавядаюць пазьнейшым падзеям, якія адбыліся 11 красавіка. У якасьці доказу пракурор таксама назваў відэа з мэтро ад 11 красавіка, калі Канавалаў прынёс сумку ў мэтро, стаяў на плятформе, пасьля здарыўся выбух, а затым некаторыя відэакамэры зафіксавалі, як ён выходзіў з мэтро ўжо бяз сумкі. Таксама сьведка заяўляла, што бачыла Канавалава на плятформе мэтро з сумкай.

Паводле зьвестак ФСБ, ёсьць партрэтнае падабенства сярэдняй ступені паміж Канавалавым і тымі здымкамі, якія былі зробленыя ў мэтро. У падвале Канавалава знайшлі выбуховыя рэчывы, зь якіх можна зрабіць выбухоўку. Таксама сшыткі з запісамі пра тое, як можна зрабіць выбуховае прыстасаваньне, паводле почырку, напісаныя Канавалавым. Таксама шклянкі і рондлі са сьлядамі выбуховых рэчываў. Таксама шайбы, гайкі, ніты і шрубы ў кватэры Канавалава — усяго 12 кіляграмаў, якія адпавядаюць начыньню бомбы. Таксама бесправадны званок «Космас» у заводзкай упакоўцы, які дзейнічае як прыстасаваньне для кіраваньня выбухам на адлегласьці 150 мэтраў.

Рэчы, якія забралі ў Канавалава, шапка, чаравікі маюць пэўныя прыкметы, якія, паводле відэаздымкі, адпавядаюць рэчам на чалавеку, які прынёс сумку перад выбухам. Таксама як доказы былі прыведзеныя паказаньні Кавалёва, які падчас сьледзтва сьведчыў, што Канавалаў рыхтаваў бомбу і намагаўся ўчыніць выбух.

Абвінавачаньне патлумачыла сьляды мантажу на відэа з мэтро. Паводле абвінавачаньня, гэта не паўплывала на праўдзівасьць кадраў, але зь іх была зробленая відэанарэзка, каб паказаць увесь шлях Канавалава.

Таксама была прыведзеная характарыстыка асобаў абвінавачаных. Паводле характарыстыкі абвінавачаньня, Канавалаў упарты, лічыць, што годны большага, чым яму прапанавана. Падчас службы быў расчараваны войскам. Не выказваў пэўных грамадзянскіх пазыцый, абмяжоўваўся агульнымі фразамі, эгацэнтрычны, меў паталягічную цікавасьць да выбухаў. Перад выбухам прымаў алькаголь.

Кавалёў, паводле характарыстыкі, прадстаўленай абвінавачаньнем, — сьціплы, схільны да хлусьні, з 5 да 10 кляса страціў цікавасьць да вучобы. Мае замкнёны характар, схільны да саступак іншым людзям.

Пракурор ня ўбачыў зьмякчальных абставінаў для абвінавачаньня, затое знайшоў абставіны, якія абцяжарваюць злачынства — абвінавачаныя былі ў стане алькагольнага ап’яненьня. Гэткім чынам, паводле артыкула Крымінальнага кодэксу № 289 аб тэрарызьме, пракурор папрасіў для абвінавачаных найвышэйшую меру пакараньня.

Любоў Кавалёва — маці абвінавачанага Кавалёва — заявіла, што ня верыць у віну сына. Яго «топяць», лічыць яна, для таго каб прыбраць важнага сьведку. Адна з пацярпелых, Любоў Жэчка, таксама заявіла, што ня верыць у вінаватасьць Канавалава і Кавалёва.


15:05 Пракурор Стук працягвае пералічваць доказы віны Канавалава і Кавалёва па інкрымінаваных эпізодах. Ён лічыць, што эпізод выбуху ў 2005 годзе ў Віцебску даказаны. І спасылаецца на дадзеныя экспэртызы, паводле якой аднолькавы прыпой быў на паяльніку Канавалава ў кватэры і ў падвале, а таксама ў целах пацярпелых і на месцы выбуху. Знойдзеныя шурупы і самарэзы былі зь белай фарбай. Таксама пракурор спасылаецца на паказаньні Кавалёва, што Канавалаў яму прызнаваўся ў гэтых злачынствах і паказваў месцы, дзе яны былі зробленыя. Апошні эпізод — па выбуху ў Менску ў 2008 годзе. Было знойдзена выбуховае прыстасаваньне, якое не ўзарвалася. Пракурор выклаў доказы таго, што яго зрабіў Канавалаў. Сярод доказаў — адбіткі пальцаў Канавала на бомбе. Таксама агульнай рысай было тое, што бомбы былі закамуфляваны пад тару для напою. Пракурор спасылаецца на паказаньні Канавалава, які сам падчас сьледзтва пацьвердзіў, што рабіў гэтую бомбу, і на экспэртызу.

На бомбе, якая ня выбухнула, былі знойдзены адбіткі пальцаў ня толькі Канавалава, але яшчэ і двух міліцыянтаў. Яны ня ведалі, што гэта бомба, і дакрануліся.

Зноў абвешчаны перапынак у выступе пракурора. Пасьля перапынку пракурор пяройдзе да эпізоду ў менскім мэтро.


14:00 У судовым працэсе аб тэракце ў менскім мэтро пачаліся судовыя спрэчкі. Дзьмітры Канавалаў і Ўлад Кавалёў абвінавачваюцца ў тэрарызьме.

У сваім выступе намесьнік генпракурора Аляксей Стук зазначыў, што яшчэ пэўны час таму нельга было ўявіць, што ў мірнай Беларусі давядзецца падтрымліваць абвінавачаньне супраць тэрарыстаў. Ён згадаў пра выбухі ў ЗША, у Расеі, у лёнданскім мэтро.

Ён пералічыў 14 злачынстваў з боку Канавалава і некалькі злачынных эпізодаў, а таксама некалькі злачынстваў з боку Кавалёва, пераважна неданясеньне і незаконныя дзеяньні з выбухоўкай. Па адным з эпізодаў з падрывам выбуховых пакетаў каля пад'езда ў 2001 годзе і ў бібліятэцы Стук папрасіў зьняць адказнасьць з Кавалёва. А таксама зьняць абвінавачаньне ў тым, што Кавалёў рабіў злачынныя дзеяньні з гэтай выбухоўкай, бо гэта не даказана. Пакінуць толькі тое, што Кавалёў быў пры гэтым і назіраў, каб ніхто не перашкодзіў гэтым злачынным дзеяньням. У некалькіх эпізодах Стук папрасіў зьмяніць фармулёўку «выкарыстаньне зброі» на «выкарыстаньне прадмета, які ўжываўся як зброя» ў сувязі з тым, што гэтага прыстасаваньня ўжо няма і яго нельга дасьледаваць.

Выявілася, што дрэнна працавала віцебская міліцыя. Было некалькі выпадкаў, калі Канавалаў падрываў свае прыстасаваньні, але гэта не фіксавалася і не трапляла ў справаздачы. Пра гэта стала вядома толькі пасьля выбуху ў Віцебску ў 2005 годзе.


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро
Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты
Суд за тэракты. Дзень адзінаццаты
Суд за тэракты. Дзень дванаццаты
Суд за тэракты. Дзень трынаццаты
Суд за тэракты. Дзень чатырнаццаты
Суд за тэракты. Дзень пятнаццаты
Суд за тэракты. Дзень шаснаццаты
Суд за тэракты. Дзень сямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень васямнаццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты
Суд за тэракт. Дзень дваццаты першы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць другі
Суд за тэракт. Дзень дваццаць чацьвёрты
Суд за тэракт. Дзень дваццаць шосты
Суд за тэракт. Дзень дваццаць сёмы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць восьмы
Суд за тэракт. Дзень дваццаць дзявяты
Суд за тэракт. Дзень трыццаты
Суд за тэракт. Дзень трыццаць першы
Суд за тэракт. Дзень трыццаць другі
Суд за тэракт. Дзень трыццаць трэці
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG