Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень адзінаццаты


29 верасьня ў судзе зачыталі пратакол і паказалі відэазапіс вочнай стаўкі 29 красавіка паміж Дзьмітрыем Канавалавым і сьведкай Янай Пачыцкай.

17:30 Пасьля абеду ў судзе над тэрарыстамі праглядалі відэазапіс праверкі паказаньняў Яны Пачыцкай, якая была з Канавалавым і Кавалёвым з 10 па 12 красавіка ў кватэры на вуліцы Караля. Дзяўчына падрабязна распавяла, як сустрэлася з хлопцамі, паказала, дзе і як яны сустрэліся, дзе купілі сьпіртное, як бавілі час. На відэазапісе Яна паказала шырму, за якой Канавалаў і Кавалёў шапталіся і дзе яна бачыла цёмна-сінюю сумку. Што было ў сумцы, яна ня бачыла. Праз 5 хвілін Канавалаў сышоў. Прыйшоў праз гадзіну, на пытаньне Кавалёва адказаў, што ўсё нармальна і цяпер яны будуць адпачываць.

Былі паказаныя і відэаматэрыялы вочнай стаўкі Канавалава і Кавалёва. Кавалёў заявіў, што Канавалаў яшчэ ў клясе 7–8-й паказаў яму выбуховыя пакеты, якія яны ўзрывалі каля віцебскай бібліятэкі. Канавалаў распавядаў Кавалёву пра выбухі ў Віцебску каля кафэ «Эрыдан» у 2005 годзе, паказваў месцы выбухаў. Кавалёў распавёў таксама, што Канавалаў папрасіў яго схаваць дамкрат, які выкарыстоўваўся пры спробах вырабіць выбуховае рэчыва аманал. Гэты ж дамкрат Канавалаў выкарыстоўваў для пашкоджаньня чыгуначнага палатна, каб цягнік сышоў з рэек. Аднак гэта зрабіць Канавалаву не ўдалося.

Далей Кавалёў падрабязна распавёў, што яму вядома пра выбух у 2008 годзе ў Менску.

Канавалаў падчас вочнай стаўкі ўсё гэта не пацьвердзіў. Ён адмаўляў сваю датычнасьць да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе, а таксама да спробы пусьціць пад адхон цягнік.

Тым ня менш Канавалаў прызнаў сваю датычнасьць да выбухаў у Менску ў 2008 і 2011 гадах. У ходзе вочнай стаўкі Канавалаў пацьвердзіў, што Кавалёў ня браў удзелу ў вырабе выбуховых прыстасаваньняў і іх кампанэнтаў.

Пасьля прагляду відэазапісу вочнай стаўкі Канавалава і Кавалёва судзьдзя Федарцоў спытаўся ў Кавалёва, ці пацьвярджае ён тое, што казаў на стаўцы адносна Канавалава. Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што не пацьвярджае свае паказаньні пра тое, што гэта Дзьмітрый Канавалаў учыніў тэракты 4 ліпеня 2008 году і 11 красавіка 2011 году. Такім чынам Кавалёў паўтарыў свае паказаньні, дадзеныя суду падчас судовага допыту. Працэс адновіцца ў панядзелак 3 кастрычніка.




13:30 Гэтая дзяўчына была з Канавалавым і Кавалёвым на кватэры, дзе жыў Канавалаў. Яна згадала на вочнай стаўцы, што Канавалаў сышоў з кватэры прыкладна ў 17–17.15. Яна мяркуе, што ён пайшоў з сумкай. Але кажа, што яе ня бачыла. Дзяўчына таксама нагадала яму, што ён некуды павінен ісьці.

Раней яна бачыла, як Канавалаў разам з Кавалёвым зачыніліся за шырмай і пра нешта шапталіся. Яна зазірнула за шырму і ўбачыла, як яны сядзяць перад сумкай і закрываюць яе. Яны папрасілі, каб яна не перашкаджала і пайшла на кухню.

Канавалаў аднекуль вярнуўся каля 19-й гадзіны бяз сумкі і сказаў, што зараз будзем адпачываць, піць.

Яна сказала, што перад тым, як ён сыходзіў, Кавалёў спытаўся ў яго: можа, ён ня пойдзе, усё ж перадумае?Але Канавалаў сказаў, што пойдзе, а потым будзем адпачываць.

Канавалаў на вочнай стаўцы гэтага не пацьвердзіў. Ён сказаў, што Кавалёва зь ім не было, што ён адзін узяў сумку і пайшоў. І дзяўчына нічога не магла бачыць, бо яна была на кухні.

У абаіх спыталі, ці ёсьць у іх падставы агаворваць адно аднаго. Яны сказалі, што няма. Калі Яну спыталі, чаму яна кажа так, а Канавалаў інакш, абое сказалі, што ня ведаюць.

Канавалаў сядзеў на вочнай стаўцы даволі стомлены, адказваў вельмі ціха. Яна тады была ў статусе падазраванай і адказвала на пытаньні больш бадзёра, хаця таксама ціха.

Таксама ў працэсе выступіў пацярпелы Вадзім Цюцюноў. Ён ляжаў у шпіталі і дагэтуль лечыцца. Ён патрабаваў сьмяротнай кары Канавалаву і пажыцьцёвага зьняволеньня Кавалёву.

Былі зачытаныя вынікі экспэртызы, праведзенай спэцыялістамі расейскай ФСБ, якія вывучалі прыстасаваньні, знойдзеныя на месцы здарэньня. Яны зрабілі выснову, што мэталічныя рэчы адпавядаюць таму, што было знойдзена на кватэры ў Канавалава. І што сумка стаяла на падлозе і там было 12,5 кг выбухоўкі, якая адпавядае таму, што было паказана падчас экспэрымэнту з удзелам Канавалава.

Таксама вывучаліся тэлефонныя злучэньні паміж Канавалавым і Ксюшай Нематвеевай, як яна сябе называла ў інтэрнэце. Канавалаў там называў сябе «Макс Мядзьведзеў». Яны абмяркоўвалі тэму сьмерці, суіцыду, і падчас гэтых размоваў Канавалаў прызнаваўся, што спрабаваў накласьці на сябе рукі, спрабаваў перарэзаць сабе вены. Але зрабіў гэта няўмела. І ня раіў дзяўчыне паўтараць тое самае.

15 верасьня ў Доме правасудзьдзя ў Менску распачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладам Кавалёвым. Яны асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты
Суд за тэракты. Дзень дзяcяты

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).
XS
SM
MD
LG