Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень пяты

абноўлена

21 верасьня на судовым працэсе па справе аб выбухах у Менску і Віцебску зачыталі пратаколы допытаў падазраванага Дзьмітрыя Канавалава. Зь іх стала вядома, што 18 красавіка Канавалаў заявіў пра катаваньні.

17:20 Пасьля абеду ў судзе працягвалі зачытваць пратаколы допытаў Канавалава, якія адбываліся ў розныя дні траўня і чэрвеня.

На допыце ад 5 траўня Канавалаў сам распавёў пра сябе. Зь ягоных слоў, у дзяцінстве бабуля і дзядуля зь ім не кантактавалі, хоць жылі ў Віцебску непадалёк. На летніх вакацыях нікуды ня езьдзіў. У 9-м клясе адчуў цікаўнасьць да хіміі і стаў найлепшым у клясе па гэтым прадмеце. 2–3 разы ўдзельнічаў у алімпіядах па хіміі ў школе і перамагаў, ад школы браў удзел у гарадзкой алімпіядзе па хіміі, але не перамог. З гэтай прычыны не перажываў.

Пра ўзаемаадносіны зь дзяўчатамі ў той час і пра першае каханьне адказваць адмовіўся. У войска адразу не забралі. Пры росьце 182 см выявілася, што ў яго вагі было недзе 68 кг — кіляграму не хапіла да нормы. Кажа, што пайшоў на камісію галодны, але гэта не адмыслова, а так выйшла. У выніку ў войска не ўзялі адзін раз і праз год таксама не ўзялі, з той жа прычыны. Паступіў у ПТВ на закройшчыка, але кінуў, бо не падабалася, што дзявочая прафэсія. Паступіў у прыборабудаўнічы ліцэй на токара, падабалася ня вельмі, але вывучыўся і пачаў рабіць на заводзе. На пытаньні пра адносіны зь дзяўчатамі ізноў гаварыць адмовіўся.

Адносна выбуху ў Менску ў 2008 годзе Канавалаў сказаў, што рыхтаваўся за некалькі месяцаў, адмыслова для гэтага прыяжджаў у Менск, ведаў, што каля стэлы Перамогі будзе выступаць Лукашэнка. Выбуховае прыстасаваньне ён наладзіў так, каб у выніку выбуху не было забітых, але было шмат параненых.

Канавалаў таксама заявіў, што ніколі не зьбіраўся скончыць жыцьцё самагубствам.

Зачытвалі таксама допыты, дзе распавядалася пра розныя інцыдэнты з Канавалавым у 2000-я гады. Аднойчы ён зрабіў расьцяжку, дзе было выкарыстана гаручае рэчыва, і чалавек, які зачапіўся за гэтую расьцяжку, загарэўся. Яму дапамаглі мінакі. Аднойчы Кавалёў зь сябрам у лесе наступілі на расьцяжку, і здарыўся выбух. Непадалёк стаяў Канавалаў, сьмяяўся і сказаў ім, што гэта ён зрабіў, каб зь іх пажартаваць. Кавалёў таксама распавядаў, што Канавалаў неяк узарваў у пад’езьдзе выбуховыя пакеты, потым падпаліў аўтамабіль.

Але падчас допытаў Канавалаў упарта адмаўляў сваю датычнасьць да гэтых эпізодаў, пра якія распавёў Кавалёў. Канавалаў прызнае толькі выбух у мэтро і каля стэлы на праспэкце Пераможцаў у Менску ў 2008-м годзе.

Пацярпелая Інэса Крутая, чыйго бацьку затрымалі 20 верасьня, хацела зрабіць заяву, але судзьдзя ня даў ёй такой магчымасьці, заявіўшы, што з заявай яна можа выступіць заўтра.

13.52 Увечары 20 верасьня зь невядомых прычынаў у Менску затрымалі Аляксандра Крутога. На працэсе Кавалёва-Канавалава ён прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, якая пацярпела ад выбуху 11 красавіка.

Інэса Крутая паведаміла, што бацька патэлефанаваў ёй вечарам 20 верасьня і сказаў, што яго затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС. Пра прычыны затрыманьня ён нічога не казаў.

На 14 гадзінаў 21 верасьня Круты знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС. Яго вінавацяць у хуліганстве. У чым канкрэтна ён абвінавачваецца, сваякам у міліцыі паведаміць адмовіліся. Родным толькі паведамілі, што ягоны пратакол будуць разглядаць вечарам 21 верасьня.

Аляксандар Круты актыўна выступаў на працэсе, адзначае БелаПАН. Менавіта яму належала хадайніцтва пра перанос суду да моманту, калі ў Беларусі скасуюць сьмяротнае пакараньне і ўвядуць інстытут прысяжных.

Інэса Крутая 21 верасьня ўпершыню прыйшла на суд па справе тэрактаў і мае намер зьвярнуцца да судзьдзі з заявай, у якой запатрабаваць прыпыніць працэс да таго моманту, пакуль яе бацька ня будзе зноў дапушчаны ў суд у якасьці яе прадстаўніка. Наведваць суд Інэсе Крутой цяжка, бо выбух яе сур’ёзна пакалечыў.

13.50 Абвешчаны перапынак да 14.40

У першай палове дня на працэсе глядзелі відэа і чыталі пратаколы допытаў Канавалава.

На допыце 28 красавіка Канавалаў зноў заявіў, што яго катавалі. Ён сказаў, што яму рабілі "ластаўку": клалі на падлогу, заломвалі рукі і ногі. Маўляў, зь яго выбівалі прызнаньне, што гэта ён зладзіў выбухі ў Віцебску ў 2005 годзе.

Аднак Канавалаў кажа, што прызнаньне па выбухах на афіцыйным сьвяткаваньні Дня Рэспублікі 3 ліпеня 2008 году і ў мэтро даваў без прымусу.

На пытаньне, колькі каштавалі кампанэнты выбуховага прыстасаваньня, якое спрацавала на станцыі мэтро "Кастрычніцкая", ён адказаў, што 300 тысяч рублёў.

На допыце 28 красавіка Канавалаў не пацьвердзіў, што ён рабіў выбухоўку на кухні ў кватэры бацькоў. Кажа, што на кухні была зроблена толькі частка. А частка — у падвале дома.

Сьледчыя таксама пацікавіліся ў Канавалава ягонымі палітычнымі поглядамі. Той адказаў, што на выбарах 2009-га галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча і што яму не падабаецца палітыка Аляксанжра Лукашэнкі.

На пытаньне, ці ведаў ён, што на ля стэлы 3 ліпеня 2008 году ў час выбуху будзе знаходзіцца Лукашэнка, Канавалаў адказаў: выбіраючы месца, кіраваўся тым, што там будзе болей людзей.

На допыце Канавалаў таксама распавёў, як абмінуў абавязковую працэдуру здачы адбіткаў пальцаў. Калі адбіткі пальцаў зьбіралі на заводзе, ён прыкінуўся хворым і ўзяў бальнічны. А калі яго выклікалі ў ваенкамат, каб узяць адбіткі пальцаў, то заявіў, што праходзіў дактыляскапію на заводзе.


Допыты праводзіліся 13 і 18 красавіка.

На допыце 18 красавіка Канавалаў адмовіўся ад дадзеных раней паказаньняў пра датычнасьць да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе.

Сьледчаму ён заявіў, што раней прызнаўся ў зьдзяйсьненьні гэтых злачынстваў пад ціскам супрацоўнікаў міліцыі пасьля затрыманьня 12 красавіка.

На пытаньне сьледчага, у чым ціск, Канавалаў адказаў: "Ужываньне гвалту".

Канавалаў распавёў, што ўсё адбывалася ў памяшканьні Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС. Два супрацоўнікі міліцыі паклалі яго на жывот, рукі ў кайданках зацягнулі пад скрыжаваныя ззаду ногі. Па словах Канавалава, яму сказалі, каб ён даў паказаньні па выбуху ў Менску ў 2011 і 2008 гадах і ў Віцебску ў 2005-м.

Разам з тым на гэтым жа допыце Канавалаў заявіў, што прызнае сваю датычнасьць да выбухаў у Менску ў 2008 і 2011 гадах, перадае БелаПАН.

Працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым пачаўся 15 верасьня ў Доме правасудзьдзя ў Менску. Канавалаў і Кавалёў — асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро "Кастрычніцкая" 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях.

Старшынюе на працэсе намесьнік кіраўніка Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў.

Бок дзяржаўнага абвінавачаньня прадстаўляе намесьнік Генэральнага пракурора Аляксей Стук.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты


Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG