Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
23 верасьня ў Доме правасудзьдзя ў Менску працягваўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладам Кавалёвым. Яны асноўныя падазраваныя ў выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году.



17:00 На вечаровай частцы паседжаньня выступіла пацярпелая Аліна Фёдарава. У момант выбуху яна была ў мэтро, чакала аднаго чалавека. Аліна 15 хвілін хадзіла па станцыі мэтро «Кастрычніцкая», пераважна каля пераходу на іншую лінію мэтро. Тады Фёдарава зьвярнула ўвагу на аднаго маладога чалавека, якія моцна нэрваваўся, некалькі разоў падымаўся на пераход паміж станцыямі, нешта перабіраў у сваіх кішэнях. Ён быў зь вялікай сумкай, якую Фёдарава апісала.

Калі яе спыталі, ці бачыць яна гэтага чалавека ў залі суду, яна, гледзячы на Канавалава, сказала, што найхутчэй гэта ён. «Падобны, але дакладна не магу сказаць», — заявіла сьведка. Фёдарава апісала чалавека з мэтро: ён быў у чорных штанах, чорнай куртцы зь нейкімі накладнымі кішэнямі, у шапачцы.

Аліна Фёдарава распавяла, што сыходзіла з плятформы, падышла да эскалятара, калі раздаўся выбух. Яе кінула выбуховай хваляй, і яна страціла прытомнасьць. Два месяцы лячылася, вельмі кепска спала. На пытаньне, у якім стане яна давала паказаньні пра падазраванага, яна сказала, што была ў вялікім псыхалягічным стрэсе ў той момант адразу пасьля выбуху.

15:30 Пасьля абеду далей праглядалі відэа тэракту. Добра бачна, як Канавалаў прынёс сумку з выбухоўкай і ўсталяваў яе на плятформе, дачакаўся цягніка і здарыўся выбух. Потым бачна, як ён сыходзіў праз выхад каля тэатра імя Янкі Купалы. Кавалёў на гэтых відэа пазнаў Канавалава.

Пасьля зноў пачалі выступаць пацярпелыя. Пацярпелая Натальля Курыленка заявіла, што «гэтыя дзеці — гэта прадукт нашага часу. Не адны яны вінаватыя. Дзе былі іншыя, бацькі, настаўнікі? Грамадзтва ад Канавалава адвярнулася. Я прыйшла сюды, каб убачыць гадаў, але бачу, што яны, відаць, не падыходзяць пад гэтае вызначэньне. Ён зусім не падобны да тэрарыста». На пытаньне пракурора, чаму Канавалаў не падобны на тэрарыста, спадарыня Натальля сказала, што ў яго ня злы твар. «Магчыма, гэты хлопчык узяў на сябе, але ён не падыходзіць да слова «гад», — сказала Натальля.

Судзьдзя Федарцоў патлумачыў, ці будуць у працэсе бацькі Канавалава. Яны вызначаныя як сьведкі і іх будуць выклікаць на пазьнейшыя пасяджэньні.

14:00 У першай палове дня выступілі некаторыя пацярпелыя. Таксама пачаўся прагляд відэа.

Пацярпелая Лебядзінская сказала, што ў яе няма матэрыяльных прэтэнзій, але ў яе ёсьць прэтэнзіі да дзяржавы. Яна запытала: як магло атрымацца, што за 11 гадоў пасьля выбухаў, якія рабілі гэтыя людзі, нічога не было зроблена, яны не былі знойдзены? Судзьдзя Федарцоў яе перапыніў і сказаў, што на судзе гэта яшчэ будзе вывучацца.

Пацярпелая Вольга Захаркова мае прэтэнзіі да мэтрапалітэну. Яе сястру выбухам выкінула на рэйкі і яе цела перарэзала цягніком. Вадзіцель цягніка перамаўляўся з дыспэтчарам, што на рэйках ляжыць чалавек, але атрымаў загад ехаць.

З 9 пацярпелых бальшыня не вылучае матэрыяльных прэтэнзій, кажуць, што час пакажа, няхай гэта застаецца на сумленьні. Жанчына, якая была цяжарная, выставіла 2 мільёны рублёў матэрыяльных стратаў.

Былі агалошаны пратаколы выманьня відэа, на якіх адсочваліся маршруты Канавалава па Менску. Вынікае, што ўвесь цэнтар Менску насычаны камэрамі, на якіх можна бачыць рух чалавека. Іх больш за 50. З дапамогай гэтых камэр адсочвалася, як Канавалаў выйшаў пасьля выбуху з мэтро, як пайшоў да цырку і далей — на вуліцу Караля. Пачаўся прагляд відэа, дзе бачна, як Канавалаў ад’яжджае зь віцебскага вакзалу і прыяжджае на менскі вакзал і яго сустракае Кавалёў, як яны едуць і нясуць цяжкую сумку, прыяжджаюць на мэтро «Фрунзэнская». Як Канавалава сустрэў на вакзале Кавалёў, гэтага відэа няма. Ёсьць відэа, як Канавалаў 10-га ўвечары хадзіў па станцыі мэтро «Купалаўская», прыглядаўся. Потым на відэа паказана, як 11-га Канавалаў з сумкай каля 18-й гадзіны прыехаў на станцыю «Купалаўская», потым прайшоў на «Кастрычніцкую» і засталося некалькі хвілінаў, каб адбыўся выбух.

У судзе абвешчаны перапынак да 14:45.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты


Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG