Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн


У Доме правасудзьдзя ў Менску распачаўся працэс над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым — асноўнымі падазраванымі ў выбуху на станцы мэтро «Кастрычніцкая» 11 красавіка 2011 году. Тады загінула 15 чалавек, больш за 200 апынуліся ў шпіталях. Іх падазраюць таксама ва ўчыненьні выбухаў у Менску ў 2008 і Віцебску ў 2005 гадах і яшчэ каля 30 злачынных эпізодаў.

16.10 У працэсе абвешчаны перапынак да 11 гадзіны 16 верасьня.

Пракуроры зачыталі абодвум абвінавачваньне.

Канавалаў прызнаў сваю віну ў тэракце ў мэтро, на праспэкце Пераможцаў, а таксама свае незаконныя дзеяньні з выбуховымі рэчывамі. Астатнія эпізоды не прызнаў, як і злоснае хуліганства на пачатку 2000-х гадоў.

Кавалёў прызнаў, што набываў тратылавыя шашкі і перадаваў іх Канавалаву, а таксама выпадкі злоснага хуліганства на пачатку 2000-х гадоў. Аднак некаторыя эпізоды ён не прызнаў. Не прызнаў свайго саўдзельніцтва ў тэрактах у мэтро і на праспэкце Пераможцаў. Таксама ён заявіў, што ранейшыя паказаньні, якія даваў адносна свайго ўдзелу ў тэракце ў мэтро, не пацьвярджае.

Пракурор Аляксей Стук пералічыў больш за 20 пунктаў доказу віны Канавалава і Кавалёва.

15.30 Зачытваецца абвінавачваньне Ўладзіславу Кавалёву:

«Уладзіслаў Кавалёў не паведамляў праваахоўнікам аб падрыхтоўцы выбухаў з фальшывага пачуцьця таварыства. Кавалёў меў рэальную магчымасьць паведаміць аб злачынствах».

У абвінавачваньні пералічваюцца эпізоды, зьвязаныя з саўдзелам у падрыхтоўцы і ажыцьцяўленьні выбухаў, а таксама з незаконнымі дзеяньнямі ў дачыненьні да выбуховых рэчываў.

15.00 Міліцыя зьняла адбіткі пальцаў у Дзьмітрыя Канавалава 9 красавіка 2011 года, за два дні да тэракту ў менскім мэтро. Аб гэтым заявіў на паседжаньні па справе аб выбуху на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» дзяржабвінаваўца Аляксей Стук.

Стук заявіў, што падсудны Канавалаў пасьля дактыляскапіі распачаў актыўныя меры, каб пазьбегнуць затрыманьня і праз два дні падарваў сваю прыладу на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Яе вага складала не менш за 12,5 кг. Яна былая вырабленая на аснове некалькіх рэчываў, у бомбе былі мэталічныя шарыкі, кавалкі арматуры.

Аляксей Стук, зачытваючы абвінавачваньне, заявіў, што іншы падсудны — Кавалёў — ведаў аб падрыхтоўцы выбуху ў мэтро яшчэ з 2010 года. У красавіку 2011-га ён дзейнічаў разам з Канавалавым. У прыватнасьці, Кавалёў дапамог знайсьці здымную кватэру для падрыхтоўкі да тэракту ў мэтро.

14.30 Працэс адноўлены.

«Меркаваны арганізатар і выканаўца тэракту ў менскім мэтро Дзьмітрый Канавалаў імкнуўся супрацьпаставіць сябе грамадзтву і дэстабілізаваць грамадзкі парадак», — заявіў, зачытваючы абвінавачваньне падсуднаму, намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук.— Ім рухала імкненьне супрацьпаставіць сваю асобу інтарэсам грамадзтва, прадэманстраваць ўсёдазволенасьць і неапраўданую агрэсію, атрымаць маральнае задавальненьне ад працэсу беспакаранасьці за свае злачынствы, ілжывае разуменьне пачуцьця самарэалізацыі і сваёй перавагі над людзьмі і грамадзтвам у цэлым, з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку і застрашваньня насельніцтва«.




Костка: «Судовая сыстэма працуе пад заказ»

Валер Костка

Былы падпалкоўнік КДБ Валеры Костка сумняваецца, што суд над абвінавачванымі ў выбухах будзе справядлівы і сумленны:

«30 сьнежня мінулага году ў мяне самога адбыўся ператрус па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Без усялякіх на тое падстаў забралі кампутарную тэхніку, якую дагэтуль не аддалі. Я спрабаваў праз суды даказаць, што ніякага дачыненьня да падзеяў на плошчы Незалежнасьці ня меў і што дзеяньні спэцслужбаў і пракуратуры былі незаконнымі. Гэта відавочна, але я ня змог нічога даказаць. Прайшоў праз Генэральную пракуратуру, празь Вярхоўны суд.

Я ўбачыў, як працуе гэтая сыстэма. Яна працуе пад заказ».



14.00 Карэспандэнт Свабоды перадае з залі суда, што прадстаўнік пацярпелай Аляксандар Круты ў ходзе працэсу папрасіў перанесьці суд, пакуль у Беларусі не будзе скасаванае сьмяротнае пакараньне і ня ўведзены суд прысяжных. Аднак судовая калегія адхіліла ягонае хадайніцтва. Маці іншага пацярпелага Тацьцяна Александрыя заявіла «Свабодзе», што не верыць, што «гэтыя двое маглі ўчыніць такі тэракт».

«Я заяўляю хадайніцтва пацярпелай Крутой, мы патрабуем да пачатку судовага працэсу адмяніць у Беларусі сьмяротнае пакараньне як атрыбут варварства і ўвесьці інстытут прысяжнага заканадаўства, каб яны змаглі прыняць рашэньне па гэтым пытаньні», — заявіў спадар Круты.

Акрамя таго, прадстаўнік пацярпелай зазначыў, што яго дачка «шосты месяц як пазбаўленая ўсіх сродкаў да існаваньня, да сёньняшняга дня ёй не аплочаны ні адзін бальнічны лісток».

Пацярпелы Саакян заявіў, што далучаецца да хадайніцтва у частцы таго, што і яму «не далі магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы». Па словах пацярпелага, гэта выклікае ў яго сумневы ў якасьці сьледзтва.



13.30 Абвешчаны перапынак на 45 хвілін. Да абеду пракурор Аляксей Стук зачытваў абвінавачваньне Дзьмітрыю Канавалу, пачынаючы са злачынных эпізодаў 2000 года.

Перад абвяшчэньнем перапынку судзьдзя Аляксандар Федарцоў забараніў журналістам кантактаваць з пацярпелымі, бо гэта можа ўспрымацца як уплыў на працэс і папрасіў устрымацца ад камэнтароў матэрыялаў справы. Праваабаронцы ацанілі гэта як парушэньне закона аб СМІ і правоў грамадзян на атрыманьне інфармацыі.

Прадстаўнік менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі ў перапынку паведаміў, што мабільнай сувязі ў судовай залі ня будзе і далей, бо гэта зроблена адмыслова, каб забясьпечыць недатыкальнасьць працэсу.



Судовая заля. Агульны выгляд.



Грыб: «Раз парушыў — і другі раз парушыш»

Мечыслаў Грыб

Заслужаны юрыст Беларусі Мечыслаў Грыб называе цяперашні беларускі суд «несправядлівым і нячэсным»:

«Калі судзьдзя ў палітычнай справе выносіць заведама неправедныя рашэньні, то хто яму забароніць зрабіць тое ж самае ў крымінальнай справе? Кажуць, што калі чалавек раз украў і не панёс за гэта пакараньня, то ён і другі раз украдзе. Раз парушыў — другі раз парушыш. Гэта — цэлая сыстэма сувязі».



Пацярпелы Аляксандар Александрыя, 20 гадоў, прыйшоў у суд на мыліцах:

«У Амэрыцы пацярпелым ад тэракту плацяць 250 тысяч даляраў, а мне заплацілі ўсяго 3,5 мільёна беларускіх рублёў. Здароўе на гэтыя грошы не купіш. Добра, што мэдыцына бясплатная, ёсьць добрыя хірургі. У мяне ёсьць на гэтым працэсе адвакат і мы яшчэ думаем, ці падаваць пазоў аб маральнай і матэрыяльнай кампэнсацыі ».
Пацярпелы Аляксандар Александрыя



Дабравольскі: «У Беларусі няма грамадзкага кантролю за ўладай»

Аляксандар Дабравольскі

Сябра Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі кажа, што ў яго няма ўпэўненасьці ў тым, што суд будзе справядлівым:

«Там, дзе няма ніякага грамадзкага кантролю, а існуе манаполія, там заўсёды бываюць загніваньне і карупцыя. У гэтым галоўная праблема Беларусі. Ніхто ня можа эфэктыўна кантраляваць гэтую ўладу. Яна гэтага не дазваляе. І таму што хоча, тое і робіць».



11.50 Клетка абвінавачаных падзеленая шкляной перагародкай на дзьве часткі. Такім чынам, Канавалаў і Кавалёў ня маюць магчымасьці кантактаваць між сабой у ходзе працэсу.




У залі суду прысутнічае 121 пацярпелы і іх прадстаўнікі. Сярод іх тыя, хто пацярпеў пры выбуху, які адбыўся ў Дзень незалежнасьці Беларусі — 3 ліпеня 2008 году.

Таксама прысутнічаюць сваякі загінулых ад тэракту ў мэтро.

У суд не зьявіўся з розных прычын 401 пацярпелы або іх прадстаўнікі. Пры гэтым 234 чалавекі прадставілі ў суд заяву з просьбай разглядаць справу ў іх адсутнасьць.



Пасьля таго як першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандар Федарцоў, які ўзначальвае судовую калегію, растлумачыў абвінавачваным і пацярпелым іх правы, сьведка па справе Цюцюноў заявіў, што пярэчыць супраць фота-і відэаздымкі ў ходзе працэсу. Ён растлумачыў, што лічыць блюзьнерствам здымаць абвінавачаных, бо яны нявартыя таго, каб іх асобы былі паказаныя па тэлебачаньні і ў электронных СМІ, паведамляе Інтэрфакс.

Дзьмітры Канавалаў

Падсудны Ўладзіслаў Кавалёў за сьпіной адваката.



11.40 Пацярпелыя па справе аб тэракце ў мінскім мэтро заявілі на пасяджэньні суду шэраг хадайніцтваў, перадае БЕЛТА.

У прыватнасьці, заяўлена аб выкліку ў суд жанчыны, якая здавала жылую плошчу абвінавачанаму Канавалаву перад выбухам у мэтро. Гэтае хадайніцтва было задаволена судом.

Адзін з абвінавачаных хадайнічаў аб гутарцы з адвакатам сам-насам. Абвінавачваньне выступіла супраць абвяшчэньня перапынку для такіх кантактаў. Старшыня суду не задаволіў хадайніцтва і адзначыў, што да суду быў падпісаны дакумэнт, які дазваляе абвінавачанаму мець кантакты з абаронцам у неабмежаванай колькасьці.

Таксама суд задаволіў хадайніцтва больш як 300 пацярпелых аб тым, каб працягваць слуханьні ў іх адсутнасьць.

11. 2 0 Фот а-і відэаздымка забароненая па хадайніцтве аднаго з пацярпелых.

11.05 Працэс пачаўся. Падсудныя ў клетцы. Справа разглядаецца пад старшынствам першага намесьніка старшыні Вярхоўнага суда Аляксандра Федарцова, а абвінавачваньне падтрымліваюць трое прадстаўнікоў пракуратуры на чале з намесьнікам генпракурора Аляксеем Стукам.

У Вярхоўным судзе паведамілі што на працэс запрошаныя ўсе 523 пацярпелых. На першае пасяджэньне прыйшло каля 100 пацярпелых ад тэракту.

10.35 У залі адсутнічае мабільная сувязь.

10.30. Палова актавай залі, дзе будзе праходзіць суд, ужо запоўненая, падыходзяць пацярпелыя, некаторыя зь іх на мыліцах. Вельмі шмат журналістаў. Пакуль у судовай залі падсудных няма. На сцэне стаіць жалезная клетка з лаўкай, насупраць крэслы для адвакатаў. У залі ўзмоцненая ахова.



Фота GUVD_Minsk

Працэс вядзе калегія пад старшынствам першага намесьніка старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Аляксандра Федарцова.

Абвінавачваньне прадстаўляюць тры пракуроры на чале з намесьнікам Генэральнага пракурора Беларусі Аляксеем Стукам. Матэрыялы крымінальнай справы складаюць 550 тамоў.

Працэс праходзіць у актавай залі Дома правасудзьдзя, разьлічанай на 500 месцаў.

Падазраваным пагражае суровае пакараньне — ажно да сьмяротнай кары.

15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG