Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень дзявяты


Уладзіслаў Кавалёў, Дзьмітры Канавалаў

Уладзіслаў Кавалёў, Дзьмітры Канавалаў

У дзявяты дзень працэсу апытвалі пацярпелых і вывучалі дакумэнты справы. Адна зь сьведак зьняпраўдзіла запісаныя ў пратаколе паказаньні.

17:00
Пасьля абеду ў судзе над меркаванымі тэрарыстамі апыталі яшчэ аднаго пацярпелага, а потым перайшлі да вывучэньня дакумэнтаў, прыкладзеных да справы. То бок рэчавых доказаў.

Быў зачытаны пратакол затрыманьня Канавалава а 23-й гадзіне 12 красавіка і пералічаныя рэчы, якія былі пры ім. Сярод іншага гэта пашпарт, квіток на цягнік, якім ён прыехаў у Менск зь Віцебску 10 красавіка, бальнічны ліст, датаваны 5 красавіка (фармальна Канавалаў на той момант быў хворы), мабільны тэлефон, 480 тысяч рублёў, ключы ад нйаманай кватэры, 20 капсулаў белага колеру — магчыма, лекавага прызначэньня.

Пасьля гэтага пачалі зачытваць пратакол агляду месца здарэньня, які складаўся ад 19:15 11 красавіка — гэта крыху больш, чым праз гадзіну пасьля выбуху — і да 8-й раніцы 12 красавіка. Быў прыкладна гадзінны перапынак а 20-й вечара 11 красавіка, калі на месца прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка.

Пратакол пачаўся з апісаньня таго, што пасьля выбуху на плятформе засталіся ляжаць шэсьць чалавечых целаў без прыкметаў жыцьця. Адно цела — на рэйках, супрацьлеглых разбуранаму цягніку. Такім чынам, пацьвярджаюцца паказаньні адной з пацярпелых, што яе сястру, якую выкінула на рэйкі, перарэзаў цягнік. Яшчэ адно цела ляжала на прыступках лесьвіцы, што вядзе ў пераход на станцыю мэтро «Купалаўская».

Пасьля гэтага да самага канца сёньняшняга паседжаньня зачытваўся пералік знойдзеных рэчаў, сярод якіх было шмат шурупаў, цьвікоў, шарыкаў, мэталічных элемэнтаў і г.д.

Адвакат Кавалёва сёньня хадайнічаў, каб запатрабавалі журнал наведваньня СІЗА КДБ у той час, калі праводзіліся судова-псыхіятрычныя экспэртызы. Гэтае хадайніцтва суд разгледзіць заўтра.



15:16 Дзьмітры Канавалаў сыходзіў на бальнічны незадоўга да тэракту. Пра гэта сьведчаць матэрыялы справы, якія агучвае на судзе абвінаваўца Аляксандар Мірончык.

Канавалаву выдаваўся бальнічны ліст з 5 па 8 красавіка 2011 году.

У Канавалава быў канфіскаваны флякон з надпісам «Цэрукал» і пігулкамі белага колеру, а таксама 30 пігулак у пакеце, 486 тысяч рублёў, квіток на цягнік Віцебск — Менск на 10 красавіка ды іншыя рэчы.

Раней на судзе абвяшчаліся паказаньні Кавалёва, дадзеныя на папярэднім расьсьледаваньні. Ён казаў, што бачыў у Канавалава незадоўга да тэракту жэлятынавыя пігулкі, пры дапамозе якіх Канавалаў меўся зьвесьці рахункі з жыцьцём.


13:30 На паседжаньні абвешчаны перапынак.

Да перапынку ў судзе дапыталі сьведку Натальлю Каралёву. Яна аднагодка Канавалава. Яны пазнаёміліся ў 2006-м. Кажа, што з Канавалавым у іх былі сяброўскія стасункі, Канавалаў сымпатызаваў ёй.

Каралёва прыгадала, што на пачатку восені 2008-га яны абмяркоўвалі, што ўва ўсіх мужчынаў Віцебску патрабуюць адбіткі пальцаў. Тады Канавалаў сказаў, што баіцца здаваць адбіткі, бо ён датычны да выбухаў.

Пракурор Стук удакладніў, ці памятае Каралёва, да якіх менавіта выбухаў? Тая адказала, што ня памятае.

Тады пракурор зачытаў пратакол допыту Каралёвай за 10 траўня. На допыце яна нібыта заявіла: Канавалаў баіцца здаваць адбіткі, бо датычны да выбухаў у Віцебску і Менску.

Аднак Каралёва настойвае, што ня памятае, каб Канавалаў казаў такое. Яна заявіла, што ў пратаколе напісана тое, чаго яна не казала на допыце.

Кажа, што зьвярнула на гэта ўвагу сьледчых, калі чытала пратакол, але ніякіх пісьмовых правак ня ўносіла.

Каралёва кажа, што аднойчы Канавалаў прапаноўваў ёй наглытацца пігулак і скончыць жыцьцё самагубствам. Маўляў, яго ніхто не кахае.

Каралёва ўзгадала, што аднойчы Канавалаў пазваніў ёй і заявіў, што перарэзаў сабе вены, прасіў прыйсьці і дапамагчы яму. Яна нікуды не пайшла. А на наступны дзень Канавалаў прыйшоў да яе зь перавязанымі рукамі.

Каралёва кажа, што Канавалаў піў то шмат, то не. Мог піць піва з гарэлкай.

Яна кажа, што аднойчы была ў Канавалава ў сутарэньні. Але ня бачыла складнікаў бомбы. Адказваючы на ўдакладняльнае пытаньне, яна ня выключыла, што гэта магло быць сутарэньне і не Канавалава.

Пра Ўлада Кавалёва Натальля Каралёва заявіла, што вельмі часта ён апранаўся як скінхэд. А аднойчы нават прыхільна адазваўся пра фашыстаў, заявіў, што немцы ў часе вайны рабілі ўсё правільна.

На судзе таксама дапыталі пацярпелага Анатоля Мароза. Мароз заявіў, што ў часе сьледзтва яму паабяцалі, што выклічуць на судова-мэдычную экспэртызу. Аднак, кажа пацярпелы, запрашэньня ён так і не дачакаўся.

У сваю чаргу пракурор Стук заявіў, што ў матэрыялах справы ёсьць даведка, што Мароз адмовіўся ад экспэртызы.


13:05 На судовым паседжаньні сьведка Дзьмітры Маскалёў апазнаў галоўнага абвінавачанага Дзьмітрыя Канавалава на запісах зь камэраў назіраньня ў мэтрапалітэне.

Маскалёў працуе таксістам у Віцебскай службе таксі 107. Ён заявіў, што 10 красавіка прыкладна ў 5 гадзінаў раніцы ён выехаў па выкліку. Да яго падышоў мужчына зь цяжкай торбай, і ён паехаў з гэтым мужчынам на чыгуначны вакзал.

Як высьветлілася пасьля, гэта быў Канавалаў. Маскалёў яго добра запомніў, паколькі гэта быў яго першы дзень працы ў таксі. Маскалёў дапамог Канавалаву паставіць торбу ў багажнік, а калі прыехалі на вакзал — выняць яе. Таму, зь яго слоў, ён ведае, што торба была цяжкая, па вазе — каля 20 кг.

Пасьля допыту Маскалёва, на працэсе глядзелі запісы з камэраў назіраньня ў менскім мэтро. Маскалёў упэўнена пазнаў на здымкаў Канавалава, паколькі, як сказаў сьведка, у мужчыны ў менскім мэтро і ў таго, хто падышоў да яго машыне, практычна ідэнтычная хада і ён такім жа чынам трымае сумку.

У судзе працягваецца апытаньне сьведак, перадае БелаПАН.


12:46 Дзьмітры Канавалаў наймаў кватэру ў красавіку 2011 году ў Віцебску, сказала сёньня на судзе сьведка — індывідуальны прадпрымальнік зь Віцебску Тацяна Вусава.

На судзе яна апазнала кватэранаймальніка: «Пазнаю. Вось зь левага боку. Канавалаў», — сказаў жанчына. Яна ўзгадала, што 9 красавіка да ёй па аб’яве патэлефанаваў чалавек, які захацеў наняць кватэру на гадзіны. «У яго была вялікая чорная сумка, якую ён акуратненька паставіў. Я падумала, што ў яго там сьпіртное, і ён так паставіў, каб не зьвінелі бутэлькі», — сказала сьведка. Канавалаў тады наняў кватэру да раніцы 10 красавіка. «Дзесьці да паловы шостай раніцы», — патлумачыла сьведка.

Жанчына ў той дзень паглядзела пашпарт, дзе было напісана: «Канавалаў Дзьмітрый Генадзевіч», і перапісала ўсе дадзеныя. Яна адзначыла, што Дзьмітрый адразу заплаціў Br80 тыс. «Паводзіны яго здаліся дзіўнымі... Пануры такі малады чалавек прыйшоў наймаць кватэру. Узьнікала падазрэньне, што ён будзе жыць не адзін», — сказала жанчына. Таксама яна ўспомніла, што ён увесь час быў у шапцы.

Акрамя таго, сьведка пацьвердзіла, што кватэра знаходзіцца недалёка каля крамы «Ганна».

На судзе сёньня дапыталі супрацоўніцу менскай фірмы, у якую Канавалаў зьвяртаўся, каб наняць кватэру. «Прыехаў хлопец, захацеў засяліцца на трое сутак», — успомніла сьведка пра падзеі 10 красавіка. Тады яна перапісала дадзеныя пашпарта, нумар мабільнага тэлефона. Супрацоўніца фірмы ўспомніла, што ў хлопца быў круглы твар і чорныя бровы. Больш ніякіх прыкмет яна не запомніла.

Судзьдзя абвясьціў, што аркуш з дадзенымі кватэранаймальніка быў канфіскаваны ў агенцтве і далучаны да матэрыялаў справы. На судзе яго паказалі сьведцы, і яна пацьвердзіла, што менавіта на гэтую паперку былі запісаныя дадзеныя наймальніка кватэры. Зачытваючы дадзеныя з аркушыка, сьведка сказала: «Канавалаў Дзьмітрый Генадзевіч, горад Віцебск...».

Таксама жанчына ўзгадала, што кліент заплаціў за кватэру авансам Br300 тыс. трыма купюрамі па Br100 тыс. Кватэра знаходзіцца недалёка ад офісу, на той жа вуліцы Караля. Адрас кватэры, названы дзяўчынай, супаў з тым, які называлі Канавалаў, Кавалёў і сьведка Яна, перадае БелТА.


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG