Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працэс Кавалёва-Канавалава. Дзень дзясяты


28 верасьня ў судзе зачытвалі пратаколы ператрусаў і глядзелі відэа сьледчых экспэрымэнтаў.

18:15 Асноўныя падзеі другой паловы дня ў судзе над меркаванымі тэрарыстамі. Перадусім — дэманстрацыя шэрагу экспэртызаў. У прыватнасьці, відэаэкспэрымэнту, на якім Канавалаў паказвае, як ён рабіў выбухоўку. Экспэрты адмыслова да гэтага экспэрымэнту правялі экспэртызу і зрабілі выснову, што выбухоўку сапраўды магчыма было зрабіць такім чынам і ў такіх умовах. Другая выснова — што паказанае прыстасаваньне адпавядае таму, якое выбухнула ў мэтро 11 красавіка.

Вывучаліся лісты з запісамі Канавалава, ці адпавядае мэтодыка вырабу выбуховага прыстасаваньня той бомбе, якая выбухнула ў мэтро. Выснова — так, адпавядае. Яе пацьвердзілі і экспэрты з Расеі. Была праведзена дадатковая экспэртыза таго, што знайшлі ў падвале Канавалава — сернай кіслаты, азотнай кіслаты, ацэтону, мінэральных аліваў, іншых хімічных рэагентаў і інш., якія дазваляюць вырабляць выбуховыя прыстасаваньні.

Яшчэ адна экспэртыза датаваная 27 ліпеня: ці можна са знойдзенага ў падвале вырабіць выбухоўку, так званыя брызантныя рэчывы? Было адзначана, што для гэтага прыдатна ня ўсё, але трыперакіс ацэтону гэтаму цалкам адпавядае, бо можа выкарыстоўвацца як дэтанатар.

Таксама экспэрты адзначылі, што схема, знойдзеная ў сшытку Канавалава, не зусім адпавядае схеме, якая была выкарыстаная ў бомбе 11 красавіка. У першапачатковай схеме фігураваў транзыстарны перадатчык, а Канавалаў выкарыстоўваў гадзіньнік. Але што да самога выбуху, то экспэрты сказалі, што выбух у мэтро збольшага адпавядае тым рэчывам, якія можна было вырабіць у падвале.

Другая частка была прысьвечаная прагляду рэчаў, непасрэдна знойдзеных у падвале, а таксама асабістых рэчаў Канавалава і Кавалёва. Усё выцягвалася на сцэну, судзьдзя сам, надзеўшы пальчаткі і ўзяўшы нож, распакоўваў заплямбаваныя пакункі. Сярод асабістых рэчаў Канавалава — чорныя чаравікі, чорныя штаны, чорная куртка. Намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук асабіста паказаў чырвоную стужку на каўняры Канавалава, якая добра бачна на відэа 11 красавіка, калі чалавек, які нясе сумку, быў апрануты менавіта ў такую куртку.

Былі ўскрытыя пакункі, якія адпраўляліся на экспэртызу ў Расею — шарыкі, кавалкі арматуры, усё, што было расьпісана як рэчавыя доказы.

Пры канцы судзьдзя паведаміў, што разгледзеў учорашняе хадайніцтва абароны аб запатрабаваньні журнала наведваньня Канавалава і Кавалёва ў СІЗА КДБ. Суд пастанавіў запатрабаваць такую інфармацыю — хто канкрэтна наведваў падазраваных. Паводле Кавалёва, да яго прыходзілі нейкія супрацоўнікі, якія не называліся і распытвалі без прысутнасьці адваката.



13:40 У судзе зачытвалі пратакол сьледчага экспэрымэнту. Канавалаў па просьбе сьледзтва яшчэ раз сабраў бомбу. Ён атрымаў усе матэрыялы, якія запатрабаваў. На відэа ён пакрокава паказаў, што і як рабіў. У дэтанатары Канавалаў выкарыстоўваў бесправадны званок. Але для падстрахоўкі ён зрабіў так, каб бомба спрацавала ад тумблера.

Тумблер ён уключыў у кватэры. І з уключаным тумблерам ехаў у мэтро на станцыю «Кастрычніцкая».

Сьледчы экспэрымэнт праводзіўся 20 красавіка.

На відэа Канавалаў апрануты ў тыя самыя рэчы, якія былі на ім у часе экспэрымэнту, калі яго вадзілі па начным горадзе.

Пасьля ў судзе зачыталі пратакол ператрусу ў віцебскай кватэры Кавалёва. Ператрус рабілі ў ноч на 13-га красавіка. Забралі правады, каробку з-пад мабільнага тэлефона. У пратаколе таксама напісана, што ў Кавалёва знайшлі паперу са сьлядамі нейкага рэчыва. Праўда, не ўдакладняецца, якога.

Таксама зачыталі пратакол ператрусу на менскай кватэры Кавалёва. Там у яго сканфіскавалі прыватныя запісы, дзе ён сам сабе даваў псыхалягічныя ўстаноўкі.

У кватэры быў канфіскаваны сыстэмны блёк ад кампутара, фотаапарат, некалькі флэш-картаў, два фотаальбомы, кардонныя скрынкі з гайкамі, нітамі, цьвікамі і г.д.


13:01 У судзе зачыталі пратаколы агляду склепа, які арандаваў у Віцебску Канавалаў.

У склепе былі знойдзеныя хімічныя рэактывы, розныя прыборы і аркушыкі з формуламі.

У дакумэнце сказана, што ў падвале праваахоўнікі знайшлі электрычную плітку, ліхтарык, нож, пінцэт, шпрыцы, мерную шклянку, пакет з рэчывам белага колеру, шкляны ізамэтрычны прыбор, электравыключальнікі розных тыпаў, лямпачкі, флюс для пайкі, батарэйкі, падшыпнікі, рэчыва белага колеру цыліндрычнай формы, электронныя гадзіньнікі з правадамі, пакеты з аміячнай салетрай, таблеткі гідрапэрыту, прыбор для вымярэньня вільготнасьці, лісты з формуламі і схемамі, лічбавы шматфункцыянальны тэстар, гумовыя пальчаткі, мэдыцынскую маску, нажоўку па мэтале, хірургічны заціскач, вогнетушыльнікі.

Таксама ў судзе былі прадэманстраваныя далучаныя да справы фатаграфіі гэтага падвальнага памяшканьня і вышэйзгаданых прадметаў.

Пасьля гэтага быў зачытаны пратакол агляду гэтых прадметаў беларускімі крыміналістамі і спэцыялістамі ФСБ Расеі, датаваны 18 і 19 красавіка (агляд ішоў зь перапынкамі). У прыватнасьці, экспэрты ФСБ вызначылі, што адно з знойдзеных у склепе рэчываў падобнае па фізычных і хімічных уласьцівасьцях да «ініцыявальнага выбуховага рэчыва». Яшчэ адну знаходку ідэнтыфікавалі як дэтанатар.

На працэсе агучылі пратакол агляду вагона мэтро № 1494, прызнанага рэчавым доказам, пратакол дадатковага агляду месца здарэньня ад 13 красавіка.


15 верасьня — пачатак суду па выбуху ў менскім мэтро

Абвінавачаныя часткова прызналі віну. Суд за тэракты. Онлайн
Суд за тэракты. Дзень другі
Суд за тэракты. Дзень трэці
Суд за тэракты. Дзень чацьверты
Суд за тэракты. Дзень пяты
Суд за тэракты. Дзень шосты
Суд за тэракты. Дзень сёмы
Суд за тэракты. Дзень восьмы
Суд за тэракты. Дзень дзявяты

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:
  • частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • частак 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі

Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:
  • часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)
  • часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)
  • часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)
  • частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)
  • частак 2 артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці)
  • часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)
  • частак 1, 2 артыкула 406 (неданясеньне аб злачынстве)
Канавалава і Кавалёва таксама вінавацяць у тым, што яны арганізавалі іншыя выбухі — у Віцебску (14 і 22 верасьня 2005 году) і ў Менску (3 ліпеня 2008 году).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG