Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Навошта байкатаваць выбары-2024 і як выйшла, што антываенная пазыцыя ў Беларусі стала злачынствам


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Як выйшла, што антываенная пазыцыя стала ў Беларусі злачынствам?

— Гэта прамаскоўская, а таму праваенная палітыка рэжыму. І яна адпавядае сьветапогляду людзей, якія ўсё нерасейскае («нацыянальнае») успрымаюць як незразумелае, а ўсё незразумелае — як варожае.

Паглядзіце, зь якой злосьцю рэжымныя газэты ўжываюць у сваёй расейскай мове беларускае слова «змагар». Цікава, што акадэмічны беларуска-расейскі слоўнік прыводзіць толькі адзін прыклад словаўжываньня: «змагар за мір — борец за мир, поборник мира». Таму гаворка ідзе пра нецярпімасьць рэжыму да ўсяго беларускага. І да міру таксама.

— Што вы думаеце пра заяўлены суд над памерлым у Канадзе «падпальшчыкам Хатыні»?

— Гэта прыклад прафанацыі цяперашняй «юстыцыі» ў Рэспубліцы Беларусь, дзе няма прэзумпцыі невінаватасьці, уліку аб’ектыўных фактаў і пэрсаналізацыі асобы, а ёсьць адно недарэчныя фантазіі, «лінія партыі» і кар’ерныя памкненьні чыноўнікаў.

Канада — прававая дзяржава, і калі б фігурант справы сапраўды ўчыніў ваенныя злачынствы, яму наўрад ці дазволілі б спакойна доўгажыхарыць там да ўласнае сьмерці. У гэтым можна было б засумнявацца, калі б у РБ існаваў рэальны прафэсійны суд, чаго, на вялікі жаль, няма, як і даверу да ўсяго, што робіць рэжым.

— Ці зьмянілася б сытуацыя ў Беларусі, калі б беларусы ведалі свае радаводы?

— Так. Адна з самых вялікіх стратаў Беларусі ў тым, што гэта «нічыйная зямля», прастора гвалтам адабранай за 200 гадоў уласнасьці, маёмасьць гаспадароў, якія пра яе ня ведаюць і ня могуць заявіць прэтэнзіі на яе, а ўсе разам — запатрабаваць вяртаньня незаконна адабранага майна. Такі стан розумаў толькі спрыяе «калхозным» парадкам і дачыненьням у грамадзтве. І таму абсурду, калі спадчынны земляўласьнік, ня ведаючы, хто ён такі, махае дубінай дзе-небудзь у амоне, ня маючы ніякай павагі ні да сябе, ні да суайчыньнікаў.

— Чаму столькі дарослых дзядзек і цётак выступаюць за вайну? Няўжо людзі з узростам ня робяцца дабрэйшымі і разумнейшымі?

— Яны папросту ня вырасьлі, так і засталіся розумам падлеткамі зь неўладкаваных сем’яў, дзе бацька біў матку, а матка — іх. І калі прыйшла пара самастойнага жыцьця, яны шукалі ня свой шлях ці сваю ідэю для самарэалізацыі, а новага бацьку, і знайшлі яго ў асобе агульнага «бацькі» — з такой самай сям’і, які гэтаксама можа пабіць, а можа і прытуліць, грошай даць. Хоць яны і надзелі пінжакі і зрабілі сабе начосы, нагулялі жываты, але па сутнасьці засталіся тымі самымі падлеткамі з гопніцкай кампаніі.

— Каму зь беларускіх палітычных аналітыкаў вы давяраеце?

— Давяраю людзям зразумелага мне сьветапогляду, здольным выразна фармуляваць думку і зьдзіўляць парадоксамі. Гэта прыстойныя і дасьведчаныя, «антыфэйкавыя» аналітыкі, у кожнага свой пазнавальны стыль.

Валер Карбалевіч надзвычай дакладна трапляе ў сутнасьць зьяваў («кажа тое, што я думаю»). Віталь Цыганкоў «думае ў кадры» разам з табой і часта эсэістычна, што я вельмі цаню. Аляксандар Фрыдман ніколі не расплываецца думкамі, сама разважлівасьць, а яшчэ ён робіць у кадры рухі галавой, як Стыві Ўандэр... Вядома ж, гэта няпоўны сьпіс, наколькі дазваляе месца.

— Навошта байкатаваць выбары 2024? Гэта ж ня выбары ў прэзыдэнты. Навошта ўладзе фальсыфікаваць іх?

— Гэта ня выбары і не фальсыфікацыя выбараў. Само мерапрыемства задуманае як прызначэньне ляяльнай групы асобаў праз працэдуру імітацыі выбараў. Гэта рытуал, своеасаблівая ініцыяцыя прыхільнікаў. Таму байкатаваць яго немагчыма, а ўдзел ці няўдзел у гэтым рытуале староньніх (г. зн. вас) мала таго, што бессэнсоўны, дык яшчэ і нясе для вас рызыку страты грошай (штраф), працы, свабоды ці нават жыцьця. У залежнасьці ад таго, як патрактуюць вас узброеныя ахоўнікі мерапрыемства, надзеленыя поўнай беспакаранасьцю.

— Каб людзі пагадзіліся на беларускую школу ў Беларусі, трэба зьмяніць статус мовы. А што замінае зрабіць гэта ў эміграцыі?

— Калісьці даўно мы адкрылі для сябе Беларусь празь несавецкую, не сапсутую «рэформамі», натуральную беларускую мову. Гэта было сапраўднае дыскавэры, захапляльнае і бясконца прывабнае. Яно абсалютна кантраставала з той панылай і «бескарыснай» мовай, ад якой нам рабілі прышчэпку ў школе.

Сёньня ў эміграцыю беларусы прывезьлі пэўную кампіляцыю савецкае і несавецкае беларускае мовы. А гэтага недастаткова, каб прагнуць такой беларушчыны, верыць у яе, прысьвяціць ёй жыцьцё. Тут патрэбны валявы крок.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG