Як Запарожжа жыве пад пастаяннымі атакамі расейскіх дронаў. ФОТА і ВІДЭА

Вуліцы Запарожжа пачалі абсталёўваць антыдронавымі сеткамі, каб абараніць мясцовых жыхароў ад расейскіх FPV-дронаў. Запарожжа месьціцца за 20 кілямэтраў ад лініі фронту, удары бесьпілётнікамі па горадзе расейская армія наносіць амаль штодня.

Як мясцовыя жыхары спрабуюць выжыць, нягледзячы на набліжэньне лініі фронту, апавядае тэлеканал "Настоящее время".

Your browser doesn’t support HTML5

Как жители Запорожья пытаются выжить, несмотря на приближающуюся линию фронта

Маршрутка з пасажырамі пад’яжджае да прыпынку. Агнявая група з аўтаматамі сочыць за небам.

«Як толькі чуеш гук дрона — лепш схавацца. Лётаюць яны на розных хуткасьцях і вышынях. Бывае, што іншым разам раз яго і не ўдаецца заўважыць, а ён ужо залятае, і чуем выбухі», — апавядае паліцыянт Максім.

У Кушугумскай грамадзе — прадмесьці Запарожжа — захады бясьпекі ўзмацнілі пасьля гібелі кіроўцы на гэтым маршруце ад удару расейскага дрона.

«Кіроўца падʼехаў да стаянкі — і адразу ўляцела ў яго. Усё. Адразу насьмерць», — успамінае мясцовы жыхар Аляксей.

«Кіроўца пад’ехаў да стаянкі — і адразу ўляцела ў яго. Адразу насьмерць».

Раней канцавы прыпынак быў тут, але пасьля трагедыі маршрут значна скарацілі. Цяпер мясцовым жыхарам, каб сесьці на аўтобус, даводзіцца пешшу ісьці з аднаго пасёлку ў іншы.

«Дроны ўсюды лётаюць, што цяпер рабіць? Жыць жа трэба», — кажа мясцовая жыхарка Яўгенія

«У мяне бацькі тут жывуць, пажылыя людзі. Яны, вядома, ня дойдуць ніколі. Я пакуль у свае 60, дзякуючы спорту, не куру, ня п’ю, таму магу сабе дазволіць прайсьці два з паловай кілямэтры. Дроны ўсюды лётаюць, што цяпер рабіць? Жыць жа трэба. Я ж ня кіну бацькоў, яны ж ня будуць галодныя», — кажа мясцовая жыхарка Яўгенія.

На канцавым прыпынку маршрутка не затрымліваецца ні на хвіліну і нікога не чакае

На канцавым прыпынку маршрутка не затрымліваецца ні на хвіліну і нікога не чакае. Кіроўца Яўген тлумачыць, што стаяць на месцы — лішняя рызыка. Перавозьнікаў абавязалі езьдзіць з дэтэктарамі частот, каб своечасова заўважыць небясьпеку і пасьпець высадзіць людзей.

— Калі ўжо маршрутку дакладна відаць, трэба выскокваць з маршруткі.

— Даводзілася ўжо выскокваць?

— Даводзілася. Найперш у мяне людзі, а ўсё астатняе потым.

Кіроўца Яўген

У гэтай грамадзе здымачная група «Настоящего времени» была ў мінулым месяцы. Тады карэспандэнт здымаў наступствы ўдараў «шахедамі» і авіябомбамі. З атакамі FPV-дронаў сытуацыя была спакайнейшай.

«Раней, літаральна тыдні два-тры таму, да нас не даставалі сюды. Зрэдку было да цэнтру, да школы даставалі, а да нас не. А цяпер ужо ўсё. Тэхналёгіі новыя разьвіваюцца», — кажа мясцовы жыхар Аляксей.

Мясцовая жыхарка

Цяпер амаль у кожнага тутэйшага жыхара ёсьць свая гісторыя, зьвязаная з расейскімі бесьпілётнікамі.

«У мяне пляменьнік. Таксама так дрон прывязаўся, добра, што Русік угледзеў яго, яны выскачылі з бацькам. Машына разьбітая», — кажа Лідзія. «Ішоў пешшу, і дрон пайшоў насустрач мне. А потым вярнуўся і дагнаў гэтую машыну і жахнуў яе», — апавядае Віктар. «Дрэнна тое, што прывыкаеш. Гэта дрэнна», — кажа Аляксандар.

Нягледзячы на небясьпеку, якая можа ўзьнікнуць раптоўна, Марына кожную раніцу зьбірае ў двары вішню. Кажа, што марудзіць нельга — ягады ўжо сасьпелі:

«Летась менш было. Думалі, што будзем бязь ягады, але яна ёсьць. Сочыва зварым, а потым хлопцам перадаём, пасылкамі адсылаем. У мяне сын служыць, перадаём і туды».

Марына разважае, што фронт адносна далёка і не набліжаецца, а ад дронаў можна схавацца і перачакаць. І такіх, як яна, у грамадзе шмат.

Запароскія вішні

Тут працуюць некалькі крамаў. Праўда, з прычыны высокай рызыкі пастаўнікі прывозяць ня ўсё — хлеб, ваду і ласункі прадаўцам даводзіцца забіраць у суседнім пасёлку самастойна. Галоўнае, кажуць, што пакупнікі яшчэ засталіся.

«Хаджу на працу, як усе. Паўдарогі пешшу, а там пад’яжджаю. Ну страшна, усім страшна. А дзе зараз ня страшна? Не, не хачу, каб закрывалі. У мяне даўгавы сшытак на тысячу [грывень], бо людзі жывуць ад заробку да заробку, ад авансу да авансу. А вішню прадала, прыйшла, аддала мне ў краме доўг», — расказвае прадавачка Ганна.

Многія з тых, хто ўсё ж рашаецца зьехаць адсюль, селяцца непадалёк — на ўскраінах абласнога цэнтру. Праўда, неспакойна становіцца ўжо і там, расказвае Ганна.

На ўскраінах Запарожжа ўпершыню пачалі ўсталёўваць антыдронавыя сеткі. Мясцовыя ўлады гавораць, што гэта неабходная мера, бо расейскія FPV-дроны пачалі далятаць і сюды.

На ўскраінах Запарожжа ўпершыню пачалі ўсталёўваць антыдронавыя сеткі

На мінулым тыдні FPV-дрон атакаваў аўтобус і ў гэтым жа раёне пад удар трапіў легкавік. На шчасьце, тады, акрамя транспарту, ніхто не пацярпеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Запарожжы ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі больш за 20 чалавек, Украіна нанесла новыя ўдары па НПЗ у Расеі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Страшна, але робім сваю працу». Рэпартаж з Пакроўску, дзе УСУ супрацьстаяць расейскаму наступу. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамір’я на 9 траўня Расея ўзмацніла абстрэлы Краматорска, жыхары рыхтуюцца да эвакуацыі. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Горад трымаецца, як бы вораг ні спрабаваў яго спаганіць». Што кажуць кіроўца і пасажыры маршруткі ў прыфрантавым Славянску. ВІДЭА