Бязьвізавым уездам у краіны Эўразьвязу скарысталіся амаль 13 тысяч украінцаў

На ўкраінска-польскай мяжы

За тыдзень ад моманту дзеяньня бязьвізавага рэжыму паміж Эўрапейскім зьвязам і Ўкраінай магчымасьцю перасячэньня мяжы скарысталіся больш за 365 тысяч украінцаў. Як паведаміла прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, блізу 74 тысяч грамадзянаў падчас падарожжа выкарыстоўвалі новы від дакумэнту — біямэтрычныя пашпарты:

«12 875 чалавек скарысталіся менавіта перавагамі бязьвізавага рэжыму і перасякалі мяжу, маючы толькі біямэтрычны пашпарт», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Там удакладнілі, што траціна ад агульнай колькасьці скарысталіся авіяцыйным транспартам, астатнія — чыгуначным і аўтамабільным.
У паведамленьні Дзяржаўнай памежнай службы таксама гаворыцца, што ад пачатку ўвядзеньня «бязьвізу» у перасячэньні мяжы адмоўлена толькі 17 грамадзянам Украіны.

11 чэрвеня набыло моц рашэньне Рады Эўрапейскага Зьвязу, згодна зь якім грамадзяне Ўкраіны, якія маюць біямэтрычныя пашпарты, могуць наведваць краіны Эўразьвязу і Шэнгенскай зоны бязь візы. Выключэньнем застаюцца толькі Вялікая Брытанія і Ірляндыя.

Бязьвізавы рэжым паміж Эўразьвязам і Ўкраінай дазваляе ўкраінцам свабодна знаходзіцца і перамяшчацца па тэрыторыі Эўразьвязу на працягу 90 дзён за пэрыяд ня больш чым 180 дзён. У той жа час бязьвізавы рэжым не датычыць паездак, якія зьдзяйсьняюцца з камэрцыйнымі мэтамі альбо з працоўнымі. Для гэтага неабходна атрымаць адпаведную візу. Таксама віза спатрэбіцца для знаходжаньня на тэрыторыі Эўразьвязу на працягу больш чым 90 дзён запар.