Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пашпарт ня лепшы за батсванскі і ўсходнетыморскі. Рэйтынг


Краіны паводле «бязьвізавай сілы» пашпартоў у Global Passport Power Rank 2017

У Глябальным рэйтынгу сілы пашпартоў за 2017 год, што складае кампанія Arton Capital, беларускі пашпарт аказаўся на 58-й з 94 пазыцыяў. Лепей за беларускі пашпарт у рэйтынгу больш за сотню пашпартоў іншых краінаў.

Беларускі пашпарт дазваляе езьдзіць бязь візаў у 70 краінаў сьвету (у 37 зусім бязь візы, у 33 зь візай па прыбыцьці). Тым часам нямецкі і сынгапурскі пашпарты (першая пазыцыя ў рэйтынгу) дазваляюць езьдзіць бязь візаў у 159 краінаў.

Суседзі Беларусі па «бязьвізавым» рэйтынгу — Аман і Тайлянд (72 «бязьвізавыя краіны»), Батсвана і Наўру (71), Лесота, Саудаўская Арабія, Папуа — Новая Гвінэя і Казахстан (69). Горшыя за Беларусь у рэйтынгу шэраг краінаў Афрыкі і Азіі, а таксама часткова прызнанае Косава.

Геаграфічныя ж суседзі Беларусі вышэй у рэйтынгу: Польшча на 10-й пазыцыі са 150 «бязьвізавымі» краінамі, Літва і Латвія — на 11-й са 149 краінамі, Украіна — на 30-й са 119 краінамі, Расея — на 41-й са 106 краінамі.

Беларусь вітае бязь візы грамадзянаў 90 краінаў сьвету (большую частку — толькі на 5 дзён і толькі па прылёце праз Нацыянальны аэрапорт), паводле гэтага парамэтру яна на 50-й пазыцыі са 100 побач з Бразыліяй і Таджыкістанам. Самы «гасьцінны» сусед Беларусі паводле гэтага парамэтру — Украіна (46-я пазыцыя з 96 краінамі).

За год сытуацыя зь беларускім пашпартам амаль не зьмянілася: плюс тры бязьвізавыя краіны. Тым часам пашпарты ўкраінцаў дазволілі езьдзіць бязь візы ў яшчэ тры дзясяткі краінаў. З украінскім пашпартам ад 11 чэрвеня можна ехаць бязь візы ў краіны Эўразьвязу (акрамя Вялікай Брытаніі і Ірляндыі), але нельга, у адрозьненьне ад беларускага пашпарту, на Кубу, у Віетнам, Вэнэсуэлу, Гамбію і Манголію.

Украінскі эўрапейскі «бязьвіз» і Беларусь

Колішні пасол Украіны ў Беларусі Раман Бясьсьмертны не выключае ўвядзеньня Ўкраінай візаў для беларусаў: маўляў, у выпадку скасаваньня Ўкраінай бязьвізавага рэжыму для Расеі будзе неабходна перагледзець аналягічныя пагадненьні зь Беларусьсю ды Казахстанам.

Пашпарт Беларусі мае самы папулярны колер, сіні. Такога колеру пашпарты ў 77 краінаў сьвету. Яшчэ ў 68 краінаў сьвету пашпарты чырвоныя, у 43 — зялёныя, у 11 — чорныя.

Беларускі пашпарт у канцы траўня страціў адну са сваіх функцыяў у краіне паходжаньня: грамадзянам Беларусі дазволілі купляць валюту без прад’яўленьня пашпарта.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG