Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бязьвізавы» цягнік да Пшэмысьля, хэштэг у сацсетках і напружанасьць у зоне АТО. Як Украіна сустрэла адмену візаў

  • АР
  • Паўло Зубʼюк

Пакуль больш за ўсё «бязьвізавых» украінцаў едзуць у Польшчу. На другім і трэцім месцах — Румынія і Вугоршчына.

Магчымасьць наведваць тэрыторыю Эўразьвязу (акрамя Ірляндыі і Вялікай Брытаніі) і краінаў-удзельніц Шэнгенскай дамовы ў грамадзян Украіны з’явілася апоўначы 11 чэрвеня. Новаўвядзеньне датычыць толькі ўладальнікаў біямэтрычных пашпартоў, знаходзіцца ў Эўразьвязе ўкраінцы могуць ня больш чым 90 дзён запар, таксама бязьвізавы ўезд не дазваляе легальна працаваць. Аднак нягледзячы на гэтыя абмежаваньні, Украіна сустрэла бязьвіз аптымістычна.

Бязьвізавы цягнік Кіеў — Пшэмысьль

​А 7-ай гадзіне раніцы 11 чэрвеня з Кіева адправіўся першы цягнік да польскага Пшэмысьля, пасажыры якога змогуць уехаць на тэрыторыю Эўразьвязу бязь візаў. Пасажырамі сымбалічнага «Бязьвізавага цягніка» сталі палітыкі, грамадзкія дзеячы, мастакі і журналісты.

У Кіеве цягнік праводзілі віцэ-премʼер Іванна Клымпуш-Цынцадзэ і амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Ян Пекло.

У цэнтры - віцэ-премʼер Іванна Клымпуш-Цынцадзэ і амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Ян Пекло
У цэнтры - віцэ-премʼер Іванна Клымпуш-Цынцадзэ і амбасадар Польшчы ва Ўкраіне Ян Пекло

У Пшэмысьлі цягнік будзе сустракаць амбасадар Украіны ў Польшчы Андрэй Дэшчыца. «Мяркую, вам трэба было даць бязьвізавы рэжым яшчэ тры гады таму», — сказаў падчас урачыстых провадаў цягніка польскі амбасадар Ян Пекло.

Большасьць едзе ў Польшчу

А 9-ай гадзіне раніцы былі апублікаваныя першыя зьвесткі пра колькасьць украінскіх грамадзян, якія перасеклі мяжу з Эўразьвязам бязь візы. 539 чалавек выехалі ў Польшчу, 151 — у Румынію, яшчэ 136 прыляцелі з Кіева ў Будапэшт.

З’яўляюцца і паведамленьні аб адмовах ва ўезьдзе. Перадусім гэта выпадкі, калі грамадзяніну Ўкраіны ўвогуле забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу альбо ў яго адсутнічае біямэтрычны пашпарт.

Рэакцыя сацсетак

Пазытыўныя допісы і камэнтары грамадзяне Ўкраіны пакідаюць у Твітэры і Фэйсбуку пачынаючы з апоўначы 11 чэрвеня.

«Мы ўступаем у іншую гістарычную эпоху. Гэтая падзея азначае канчатковы разрыў Украіны з Расейскай Імпэрыяй», — паведамляе афіцыйны твітэр прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.

У сацсетках нават зьявіўся асобны хэштэг #bezviz, зь якім украінцы дзеляцца фатаздымкамі і паведамленьнямі аб пасьпяховым перасячэньні мяжы з Эўразьвязам. Больш за іншыя папулярныя сэлфі, зробленыя ля памежных пераходаў з пашпартамі ў руках.

Артабстрэлы на ўсходзе

Тым часам на ўсходзе Ўкраіны ўвядзеньне бязьвізавага рэжыму супала з чарговым абвастрэньнем сытуацыі. У ноч з 10 на 11 чэрвеня ў выніку артылерыйскіх абстрэлаў загінулі 4 украінскія вайскоўцы, 7 чалавек атрымалі раненьні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG