Беларускім банкам забаранілі рабіць падарункі ўкладчыкам

Ілюстрацыйнае фота

Нацыянальны банк Беларусі заявіў (PDF), што лічыць недапушчальнымі датэрміновыя выплаты ўкладчыкам, у тым ліку ў выглядзе бонусаў і падарункавых сэртыфікатаў.

Таксама Нацбанк зьвярнуў увагу на тое, што рэкляма павінна ўтрымліваць дакладныя зьвесткі пра памер адсоткаў па дэпазытах і ўнёсках, але ня можа ўтрымліваць іншыя выражэньні прыбытковасьці.

Як адзначае Tut.by, працяглае зьніжэньне ставак па дэпазытах вымушае банкі шукаць «нестандартныя» шляхі прыцягненьня ўкладчыкаў, як то прапановы «адкрыць уклад і сарваць джэкпот» або прапаноўваць кэшбэк.

У студзені Нацбанк таксама абмежаваў стаўкі па мікразаймах: зь 1 красавіка максымальны памер адсоткавай стаўкі па такім займах не можа перавышаць памер стаўкі рэфінансаваньня.

Цягам 2016–2017 гадоў у Беларусі паступова зьніжалася стаўка рэфінансаваньня — ад 25% у 2015-м да 10,5% на сёньняшні дзень. Паводле прадстаўніка Нацбанку Дзьмітрыя Мурына, стаўка да канца году можа зьнізіцца да 9,5%. Стаўка рэфінансаваньня вызначае працэнты, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад яе залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі. Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.