Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі анансаваў дазвол рахункаў за мяжой. Пачатак фінансавай лібэралізацыі?


Нацыянальны банк

Нацыянальны банк Беларусі заявіў пра гатоўнасьць скасаваць абавязковы дазвол на адкрыцьцё фізычнымі асобамі банкаўскіх рахункаў за мяжой. Рашэньне можа ўступіць у сілу ўжо ў 2018 годзе. Гэтая тэма ўздымалася на пашыраным паседжаньні праўленьня НБРБ 31 студзеня.

У Нацбанку кажуць, што грашова-крэдытная палітыка на 2018 год прадугледжвае лібэралізацыю валютных адносін.

Як вынікае з паведамленьня на сайце Нацбанку, праект адпаведнага нарматыўнага акту цяпер праходзіць узгадненьні зь іншымі ведамствамі. Калі ён будзе ўхвалены, прыватныя асобы змогуць адкрываць замежныя рахункі для ажыцьцяўленьня разьлікаў без абавязковага дагэтуль дазволу ад Нацбанку.

Некаторыя выняткі што да магчымасьці мець рахункі за мяжой існавалі і дагэтуль, кажа Свабодзе кіраўнік Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін, але ў якой ступені беларускія ўлады гатовыя да лібэралізацыі ў гэтым кірунку, пакуль незразумела.

«Я б не сьпяшаўся радавацца ці жыць прадчуваньнем, — кажа экспэрт. — Трэба бачыць тэкст дакумэнту, каб разумець, якога выгляду рахункі, для каго і ў якіх выпадках. Часткова яны дазволеныя і цяпер. Калі чалавек вучыцца, працуе ў амбасадзе, муж ці жонка замежнікі. Фармальна мы станавіліся парушальнікамі, калі адкрывалі банкаўскія рахункі для іншых мэтаў: або выводзілі капіталы, або гулялі на рынках Forex.

Бо нельга без дазволу Нацбанку выводзіць сродкі для набыцьця нерухомасьці ці каштоўных папераў замежных эмітэнтаў. Калі такі крок будзе зроблены, тады падобна да працягу лібэралізацыі, якую нядаўна пачалі дэкрэтам аб лічбавай эканоміцы — цяпер яна будзе распаўсюджвацца і на звычайных грамадзян».

Андрэй Карпунін зьвяртае ўвагу на тое, што абавязаньні па лібэралізацыі сфэры валютнага рэгуляваньня кіраўніцтва Беларусі ўзяло перад Эўразійскім фондам стабілізацыі і разьвіцьця.

«Расейскі прэмʼер Дзьмітры Мядзьведзеў таксама вельмі актыўна выступіў за лібэралізацыю валютнага кантролю для сваіх грамадзянаў. Той жа аспэкт наяўнасьці рахункаў за мяжой, скасаваньне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці за разьлікі ў валюце», — кажа экспэрт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG