14 траўня расейскія войскі абстралялі дом у Кіеве ракетай Х-101. Гэта сьведчыць, што Масква працягвае атрымліваць патрэбныя кампанэнты ў абыход заходніх санкцыяў.
Пра гэта заявіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце.
«Паводле папярэдніх зьвестак, дом у Кіеве быў паражаны ракетай Х-101. Яна вырабленая ў другім квартале гэтага году. А гэта азначае, што Расея ўсё яшчэ імпартуе кампанэнты для вытворчасьці ракет, неабходныя рэсурсы і абсталяваньне ў абыход глябальных санкцыяў. І гэта павінна быць рэальнай мэтай усіх нашых партнэраў — спыніць расейскія схемы абыходу санкцыяў», — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.
Расейская стратэгічная крылатая ракета Х-101 крытычна залежыць ад замежных электронных кампанэнтаў, бо ўласная расейская прамысловасьць ня ў стане вырабляць высокатэхналягічную мікраэлектроніку, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Паводле зьвестак Службы бясьпекі Украіны (СБУ) і Галоўнага ўпраўленьня выведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны, адна такая ракета можа ўтрымліваць да 250 замежных дэталяў заходняй вытворчасьці. У прыватнасьці, у ракеце, якая ў ліпені 2024 году ўдарыла па кіеўскім шпіталі «Охматдит», было знойдзена 59 выразна ідэнтыфікаваных кампанэнтаў, вырабленых у ЗША, ЭЗ і іншых краінах.
Колькасьць загінулых у Кіеве ў выніку расейскага ўдару 14 траўня павялічылася да 12 чалавек, у іх ліку двое дзяцей, паведаміла Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны ўвечары 14 траўня. Колькасьць ахвяраў наўрад ці канчатковая, пошукі яшчэ працягваюцца.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што ў выніку нападу ў Кіеве параненыя 46 чалавек, у тым ліку дзіця. 20 зь іх у гарадзкіх шпіталях, дадаў мэр.
Кіеўскія ўлады вырашылі абвясьціць 15 траўня днём жалобы па ахвярах расейскага ўдару па сталіцы Ўкраіны 14 траўня.
Кіеў пасьля расейскай ракетнай атакі: разбурэньні і ратавальная апэрацыя. ФОТА
У дзевяціпавярховым доме ў Дарніцкім раёне Кіева, які быў часткова зруйнаваны расейскім ударам, разбурана 18 кватэраў. Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў раней паведамляла, што пасьля абвальваньня дому ў Дарніцкім раёне зьніклі бязь вестак ня менш за 20 чалавек. Паводле зьвестак Вайскова-паветраных сілаў Украіны, у ноч на 14 траўня расейскія войскі выкарысталі 56 ракет розных тыпаў і 675 ударных бесьпілётнікаў у масаванай атацы супраць Украіны, галоўнай цэльлю якой быў Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ракетная атака Расеі па Ўкраіне: шмат ахвяр, у Кіеве пацярпеў найбуйнейшы дзіцячы шпіталь. ФОТАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Кіеве ад расейскага ўдару абрынуўся пад’езд жылога дому, шмат ахвяр. Дроны з Расеі ляцелі празь БеларусьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.