На матчы БАТЭ з «Арсэналам» заўзятар выбег на поле зь бел-чырвона-белым сьцягам. ВІДЭА

У перапынку матчу БАТЭ з «Арсэналам» заўзятар выбег на поле зь бел-чырвона-белым сьцягам

Барысаўскі футбольны клюб БАТЭ 28 верасьня прымаў дома лёнданскі «Арсэнал» у межах Лігі Эўропы, прайграў 2:4.

Напрыканцы першага тайму заўзятар Аляксандар Вянгерскі выбег на поле «Барысаў-арэны» зь бел-чырвона-белым сьцягам і ў цішотцы з «Пагоняй», быў затрыманы супрацоўнікам стадыёну і «людзьмі ў цывільным».

Заўзятара, які выбег на поле «Барысаў-арэны» зь бел-чырвона-белым сьцягам, будуць судзіць за дробнае хуліганства

Перад гульнёй БАТЭ папярэджваў фанатаў: нельга выкарыстоўваць піратэхніку, скандаваць дыскрымінацыйныя лёзунгі ці выбягаць на поле. За гэта самаму клюбу пагражаюць санкцыі UEFA, у тым ліку штраф некалькі тысяч эўра. Адпаведна, клюб пагражаў, што ў выпадку парушэньняў разглядзіць выстаўленьне прэтэнзіяў парушальніку праз суд, каб кампэнсаваць шкоду — такое ў гісторыі БАТЭ ўжо было.

Зорка абодвух клюбаў, футбаліст Аляксандар Глеб хацеў згуляць у матчы за БАТЭ, але клюб адмовіўся падпісаць новы кантракт са сваім былым гульцом, які ў мінулым сьнежні ня стаў працягваць кантракт з БАТЭ, а сышоў у расейскія «Крылья Советов».

Аляксандар Вянгерскі на трыбуне (у цэнтры)

Вянгерскі паціскае руку брамніку «Арсэналу» Давіду Асьпіну

Паводле Інстаграму Вянгерскага відаць, што хлопец даўно з павагай ставіцца да нацыянальнай сымболікі, і што ён удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць расейскай вайсковай прысутнасьці ў Беларусі сёлета 8 верасьня.