Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ фігуруе ў працэсе аб дамоўных матчах


У залі суду
У залі суду

Адразу 15 былых футбалістаў і трэнэраў некалькіх беларускіх клюбаў, а таксама двух грамадзянаў Украіны і Расеі судзяць паводле абвінавачаньня ў арганізацыі дамоўных гульняў. Сярод такіх, лічыць сьледзтва, мог быць і матч барысаўскага БАТЭ зь мікашэвіцкім «Гранітам».

Падсудным пагражае да 3 гадоў зьняволеньня, а некаторым і 4 гады, калі будзе даказана, што махлярствам у футболе яны займаліся неаднаразова.

Працэс над меркаванымі футбольнымі махінатарамі праводзіцца Першамайскім раённым судом Менску, але ў памяшканьні Ленінскага суду — у старым будынку не знайшлося залі, якая б умясьціла адразу паўтара дзясятка падсудных, іх адвакатаў, іншых удзельнікаў працэсу, а да таго ж яшчэ і публіку.

Прозьвішчы падсудных, магчыма, вядомыя аматарам беларускага футболу, але наўрад ці што скажуць шырокай публіцы:

  • Іван Гаўрылаў (грамадзянін Расеі),
  • Яўген Гудэль,
  • Віталь Жалудок,
  • Іван Жураўлёў,
  • Вячаслаў Замара,
  • Аляксандар Лебедзеў,
  • Яраслаў Лемык (грамадзянін Украіны)
  • Уладзімер Макоўскі,
  • Вячаслаў Палазьнік,
  • Андрэй Парываеў,
  • Юры Рыжко,
  • Аляксей Саковіч.
  • Юры Сыраквашка,
  • Аляксандар Цішкевіч,
  • Сяргей Шуманаў.

З назваў клюбаў, якія фігуруюць у працэсе, самым гучным быў барысаўскі БАТЭ. А яшчэ — берасьцейскае «Дынама», клюбы ніжэйшых дывізіёнаў «Іслач», «Граніт», «Прамень», каманды з Баранавічаў, Ашмянаў, Гомля.

У абвінаваўчым заключэньні фігуруюць сумы грашовых узнагародаў, якія нібыта прызначаліся футбалістам і трэнэрам за загадзя дамоўленыя вынікі — 3000 даляраў, 2000 даляраў, 1600 даляраў.

Як можна зразумець з абвінавачаньня, самім футбалістам за «дагаварняк» магло перападаць па 200–300 даляраў, але іх паказаньні прагучаць пазьней.

Пакуль усе падсудныя, акрамя аднаго, Вячаслава Замары, прызналі сваю віну цалкам.

«У футбольнай лізе вельмі дрэнна плацілі, таму мы вырашылі паспрабаваць»

Замара таксама прызнаў віну, але адразу ўдакладніў, што не ўва ўсіх эпізодах ён згодны са сьледзтвам. Гэтак, падсудны ня змог згадаць, каму летась першаму прыйшла ў галаву ідэя арганізаваць дамоўны пройгрыш «Іслачы» зь Меншчыны берасьцейскаму «Дынама».

Гаворка пра гэта, паводле Замары, вялася ў красавіку 2016-га падчас сустрэч з Пузанавым, трэнэрамі Таптуновым і Макоўскім.

«Я іх зводзіў. Але грошы толькі перадаваў, сам за гэта нічога не атрымліваў. Ведаю, што Пузанаў сказаў, што трэба ня выйграць першы тайм гульні. Суму грашовай узнагароды для гульцоў „Іслачы“ тады ня ведаў, толькі потым».

Паводле сьледзтва, за патрэбны вынік гульцы і трэнэры «Іслачы» меліся атрымаць 10 тысяч даляраў.

Яшчэ адна дамоўная гульня адбылася паміж камандамі з Ашмянаў і Баранавічаў.

«Трэба было прайграць першы тайм і ўсю гульню. Неабходная была любая параза Ашмянаў зь любым лікам. Мне Крывашэеў перадаў 1 тысячу даляраў, а я перадаў хлопцам. Як яны разьмеркавалі, ня ведаю», — згадаў падсудны.

Хто замаўляў патрэбны вынік? Паводле падсуднага, гэта былі грамадзяне Ўкраіны. Падчас гульні ўкраінцы павінны былі даць сыгнал (падсудны Замара сказаў, што не запомніў, які дакладна), але яны далі адбой, і гульню спынілі.

«Такое бывае. З букмэкерскай канторы паведамілі, што ані рубля не паставілі на гэтую гульню, вось яна і стала непатрэбнай. Гульню спынілі. Але паколькі грошы ўжо аддалі хлопцам, дык вырашана было пакінуць ім», — сказаў падсудны Вячаслаў Замара.

Што такое «кідалава», паводле падсуднага

Таксама Замара расказаў пра арганізаваны пройгрыш «Праменя» камандзе «Чыгункатранс» з Гомля — за 8 тысяч даляраў.

«Грошы прызначаліся футбалістам, у тым ліку і мне, але якая непасрэдна сума належалася мне, я ня ведаю», — сказаў Замара.

Ён згадаў яшчэ тых, хто ўдзельнічаў у дамове: Шуманаў, Сыраквашка ды іншыя. Чаму былі ўпэўненыя, што футбалісты пойдуць на махлярства?

«На той момант у першай футбольнай лізе вельмі дрэнна плацілі заробкі, мы вырашылі паспрабаваць», — патлумачыў сваё перакананьне ў посьпеху Вячаслаў Замара.

«Але атрымалася, што тую дамоўную гульню „Прамень“ не зрабіў. Чаму — трэба пытацца ў футбалістаў. Хлопцы, якія меліся зарабіць грошы, прайграць 0-1, наадварот, згулялі выдатна, выйгралі 3-0. І ўсё скончылася праблемамі для мяне і Сыраквашкі. На нас павесілі доўг. На наступны дзень сабралі грошы з хлопцаў і перадалі ўкраінцам. А з хлопцамі мы пагаварылі, што гэтак нельга, гэта „кідалава“. Калі мы дамовіліся, то трэба выконваць», — казаў суду падсудны Замара.

Паводле Замары, паколькі ў іх атрымаўся доўг, яны вырашылі зарабіць на наступнай гульні «Праменя» з ашмянскай камандай.

«Дамовіліся, што першы тайм прайграе „Прамень“, але ўсю гульню — Ашмяны. З гульцамі Ашмянаў дамовіліся», — сказаў Замара і назваў імёны футбалістаў Жалудка і Саковіча.

Ганарар за дамову, паводле Замары, быў 1500 даляраў. Усяго зьдзелка каштавала б 4–6 тысяч даляраў.

«Але зноў другі тайм усё сапсаваў», — казаў на судзе Замара. Пры гэтым ён паведаміў, што перадаў гульцам за тую гульню ад украінца Яраслава Лемыка 2 тысячы даляраў.

Пракурор заўважыў, што паказаньні Замары, які ён даў цяпер у судзе і раней на сьледзтве, разыходзяцца. І зачытаў тыя паказаньні.

Аказалася, на сьледзтве Вячаслаў Замара выказваўся пра дамоўныя матчы больш пэўна. У прыватнасьці, казаў, што ініцыятарам такіх гульняў быў адзін з трэнэраў — Уладзімер Макоўскі.

Замару было вядома, што Макоўскаму прапаноўвалі 10 тысяч даляраў за гульню «Іслач» — «Дынама» (Берасьце), калі б «Іслач» прайграла ў першым тайме.

Каб забясьпечыць пройгрыш, форварды «Іслачы» павінны былі не забіваць, казаў на сьледзтве Замара. Паводле ягоных паказаньняў, 3 траўня 2016 году ён перадаў Макоўскаму 3 тысячы даляраў, а той яму пазьней сказаў, што гэтыя грошы раздаў гульцам каманды «Іслач», якія забясьпечылі патрэбны вынік, а сабе нічога ня ўзяў.

Тады Замара пералічыў Макоўскаму 100 даляраў. Навошта? Проста каб дапамагчы.

Эпізод з удзелам барысаўскага БАТЭ

Былы футбаліст, а цяпер таксіст Юры Сыраквашка расказаў пра гульню БАТЭ — «Граніт» (Мікашэвічы), якая адбылася ў 2015 годзе.

Паводле Сыраквашкі, ён ужо тады працаваў таксістам і неяк падвозіў у аэрапорт украінца Шмакава. Вось гэты чалавек і папрасіў знайсьці ў камандзе «Граніт» знаёмага футбаліста, які дапаможа правесьці дамоўную гульню з БАТЭ.

Ганарар абяцалі 18 тысяч даляраў, на яго і Івана Гаўрылава, сказаў Юры Сыраквашка.

«Там ва Ўкраіне сябры Шмакава паставілі на пройгрыш „Граніта“ і паабяцалі, што калі будзе лік 0-3, дык атрымаеце 18 тысяч даляраў».

Паводле Сыраквашкі, Іван Гаўрылаў як футбольны спэцыяліст агледзеў каманду «Граніт» і сказаў, што «там і рабіць нічога ня трэба, каманда ў дрэнным стане і абавязкова прайграе».

Гэтак і атрымалася: БАТЭ выйграла 5-0, але грошай Шмакаў так і не перадаў, сказаў падсудны Сыраквашка.

Але, паводле яго, праз год Шмакаў зноў прыехаў у Беларусь і зноў замаўляў дамоўныя гульні, але ўжо іншых клюбаў. І плаціў немалыя грошы.

У паказаньнях Юрыя Сыраквашкі фігуравалі сумы звыш 1000 даляраў. Пры гэтым пра БАТЭ больш у паказаньнях былога футбаліста нічога не было. Нікога з гульцоў ці трэнэраў БАТЭ падсудны не называў.

На працэсе ў Першамайскім судзе працягваюць даваць паказаньні іншыя падсудныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG