Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гонар мундзіра»: як магілёўская афэрыстка ў міліцэйскай форме «зарабіла» 370 тысяч даляраў


Ілюстрацыйнае фота @Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота @Shutterstock

Жыхарка Магілёва ў форме палкоўніка міліцыі цягам трох гадоў займалася ашуканствам. Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, ёй удалося завалодаць 720 тысячамі рублёў.

Цяпер зламысьніца пад вартай і справа супраць яе перададзеная ў пракуратуру для накіраваньня ў суд. Абвінавачанай, імя якой не называецца, інкрымінуецца махлярства, учыненае ў асабліва буйным памеры, падбухторваньне да дачы хабару і самавольнае наданьне званьня службоўца.

Жанчына запэўнівала ахвяраў, што ёй даступныя для продажу канфіскаваныя кватэры, аўтамабілі, бытавая тэхніка. Кошт такой маёмасьці яна наўмысна заніжала ў дзясяткі разоў. Акрамя таго, жанчына ў палкоўніцкім мундзіры падбівала даверлівых грамадзян на дачу хабару службоўцам з магілёўскага ДАІ, каб тыя паспрыялі ў атрыманьні пасьведчаньня кіроўцы, ці працаўладкаваньні ва Ўпраўленьне дзяржаўтаінспэкцыі.

Ці сапраўды вера ў сілу мундзіра і ўсёмагутнасьць дзяржаўнага службоўцы настолькі моцная, што людзі давалі ашуканцы ад 10 да 200 тысяч даляраў, спадзеючыся, што іхны інтарэс будзе вырашаны?

Усе прымаюць правіла: у нас можна вырашаць праблемы за грошы, і гэта надзейна

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе, сябра Абʼяднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў адзначае, што махлярства пад прыкрыцьцём формы супрацоўніка праваахоўных органаў — даволі распаўсюджанае злачынства. Як прыклад былы опэрупаўнаважаны па асабліва важных справах называе Расею.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Такія злачынствы ўласьцівыя карумпаваным рэжымам, — кажа ён. — Чым вышэйшая ступень карупцыі, тым болей магчымасьцяў у ашуканцаў».

Мікалай Казлоў адзначае, што ў Беларусі міліцэйская сыстэма — даволі закрытая структура, і часам высьветліць, хто міліцыянт, а хто не, ня проста. У такой сытуацыі, кажа ён, усё залежыць ад таленту і дзёрзкасьці злачынцы.

«Людзі не дапускалі, што жанчына ў такой сытуацыі можа паводзіць сябе настолькі дзёрзка, — выказвае свой пункт гледжаньня экспэрт. — Нікому ж у голаў не прыходзіла яе праверыць. А калі прафэсійных навыкаў няма, то высьветліць, ці самазванка яна, няпроста. Але галоўнае ў такой сытуацыі — усе прымаюць правіла, што ў нас можна вырашаць праблемы за грошы, і гэта надзейна».

Продаж канфіскату кантралююць спэцслужбы

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак кажа: у Беларусі на такі від ашуканства зламысьнікі адважваюцца ня часта, бо, на ягоны погляд, «рана, ці позна яны нарвуцца на прафэсіянала, які выкрые афёру».

Алег Воўчак
Алег Воўчак

Праваабаронца, аднак, зьдзіўлены, як жанчыне на працягу трох гадоў удавалася пазьбягаць выкрыцьця. Ён сумняваецца, што ў абвінавачанай не было саўдзельнікаў, бо зьдзелкі з канфіскатам заўжды адбываюцца пад кантролем спэцслужбаў. Экспэрт упэўнены, што сваіх памагатых затрыманая ня здасьць, каб пазьбегчы больш жорсткага пакараньня.

Алег Воўчак, абапіраючыся на досьвед стасункаў з прадстаўнікамі праваахоўных органаў зь іншых краінаў, робіць выснову, што такое злачынства магчымае ў дзяржаве з «дыктарскім рэжымам, дзе няма дэмакратыі».

«Такое дужа цяжка ўявіць у Брусэлі ці ў Злучаных Штатах Амэрыкі, — заўважае ён. — Мала таго, за прысваеньне званьня там можна сесьці не на два гады, а на дваццаць, бо гэта дужа сурʼёзнае злачынства».

Людзі ўпэўненыя: чым вышэйшая пасада службоўца, тым лягчэй яму абысьці законы

Генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб адзначае, што ў беларусаў склалася ўстойлівая ўпэўненасьць, што за грошы можна вырашыць усе пытаньні. Што да выкрытай ашуканкі, то былы супрацоўнік праваахоўных органаў заўважае: людзі, якія зьвярталіся да яе, сапраўды верылі, што перад імі сапраўды палкоўнік, які можа многае зрабіць, абышоўшы законы.

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

«У нас жа чым важнейшы чыноўнік, тым больш у яго магчымасьцяў абысьці любы закон і паспрыяць таму, хто мае ў гэтым патрэбу», — перадае настроі грамадзтва суразмоўца.

«Калі чалавек у форме бярэцца вырашыць справу за грошы, то людзі гэтаму пагатоў вераць, — адзначае ён. — За савецкім часам Канстытуцыя існавала сама па сабе, а жыцьцё само па сабе. Савецкая Канстытуцыя таксама гарантавала і правы, і свабоды, а жыцьцё было зусім іншым — як распараджаецца начальнік. На гэтым вырасла не адно пакаленьне людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG