Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гайдукевіч: «Міліцыянт выкарыстаў зброю правамерна. Але ў яго слабая фізычная падрыхтоўка і няма досьведу»


Мянчук Андрэй Гаўрош, якога параніў міліцыянт у навагоднюю ноч, прызнаны ў судзе вінаватым, але ён ужо на волі. Ці былі правамернымі і законнымі дзеяньні сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва, які выкарыстаў табэльную зброю?

Андрэй Гаўрош прызнаны вінаватым у супраціве супрацоўніку міліцыі, спалучаным з гвалтам. Прысуд — 5 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў адмысловыя ўстановы, гэта так званая «хатняя хімія». Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суду.

Суд таксама прызначыў яму меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе, прысудзіў штраф у памеры крыху больш за 1 тысячу рублёў. Андрэй Гаўрош абавязаны стаць на ўлік у міліцыі і пастаянна адзначацца.

Не задаволены пазоў пацярпелага міліцыянта — адмоўлена ў кампэнсацыі за сапсаваную форму, якую сяржант ацаніў у 87 рублёў.

Прысуд можа быць абскарджаны.

Паводле закону Гаўрошу магло пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пракурор Алена Крупеніна прасіла прызначыць 3 гады зьняволеньня, але судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка прызначыла 5 гадоў абмежаваньня волі.

Адвакатка Юлія Станкевіч выказалася коратка: «Я задаволеная прысудам. Мой падабаронны будзе на свабодзе. Наконт абскарджваньня прысуду цяпер нічога сказаць не магу, мне трэба параіцца са сваім падабаронным».

Бацька Гаўроша: «Мой сын невінаваты. І я буду адмываць наш гонар, наша прозьвішча»

Апынуўшыся на волі, Андрэй Гаўрош адмовіўся адказваць на пытаньні журналістаў, выглядаў разгубленым. Сказаў толькі, што яшчэ пакуль ня ведае, ці будзе абскарджваць прысуд.

Бацькі Андрэя, Галіна і Алег Гаўрошы, пасьля абвяшчэньня прысуду не маглі стрымаць сьлёз. Маці расхвалявалася, бацька сказаў:

«Я вельмі рады, што ўбачу сына на волі. Па-другое, я ўсё адно не магу забыць тыя словы: „дэбашыр“, „падонак“, якія казалі на адрас майго сына. Гэта азначае, што яны адносяцца і да мяне, і да майго бацькі — вэтэрана і інваліда вайны. Мне гэта вельмі непрыемна, і я павінен буду адмываць наш гонар, наша прозьвішча. Пакуль не магу сказаць, ці будзем абскарджваць прысуд. Але, напэўна, будзем змагацца, каб сын быў прызнаны невінаватым. На сьледзтве было шмат доказаў, што ён невінаваты. Я ўважліва слухаў, глядзеў відэа допытаў, сьледчых экспэрымэнтаў і перакананы — сын невінаваты».

І ўсё ж ці былі правамерныя і законныя дзеяньні сяржанта міліцыі Руслана Салаўёва, які выкарыстаў табэльную зброю? Міліцыянт двойчы стрэліў у Гаўроша, параніў у нагу і ў сьпіну, адна куля трапіла ў ліфт. Пры гэтым папераджальнага стрэлу не было.

Ці мог міліцыянт уціхамірыць хлопца нападпітку бяз зброі, з дапамогай фізычнай сілы і спэцсродкаў — дубінкі, газавага балёнчыка? На гэтыя пытаньні Свабоды адказалі экспэрты.

«Міліцыянт не павінен адзін ісьці на выклік, гэта вельмі грубае парушэньне»

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Былы намесьнік начальніка Фрунзенскага РУУС Менску Алег Гайдукевіч адзначае два аспэкты:

«Міліцыянт выкарыстаў зброю правамерна, таму што ён абавязаны абараняць сваё жыцьцё, абавязаны абараняць сваю табэльную зброю. У іншых краінах паліцыя таксама дзейнічае вельмі жорстка.

Але ёсьць і некалькі парушэньняў з боку міліцыянта. Па-першае, чаму ён адзін пайшоў на выклік? Не павінен быў адзін ісьці, гэта вельмі грубае парушэньне. Думаю, была службовая праверка, сяржанта павінны былі пакараць.

На сямейныя, бытавыя разборкі міліцыянты павінны хадзіць удвух. Адзін прыкрывае, другі ідзе разьбірацца. Такі парадак строга прапісаны ў інструкцыях.

Калі б супрацоўнікі міліцыі былі ўдвух, спрацаваў бы чалавечы фактар: дэбашыр, убачыўшы двух міліцыянтаў, магчыма, і паводзіў бы сябе па-іншаму, быў бы страх перад двума супрацоўнікамі ў форме. А то адчыняе хлопец дзьверы — там адзін маладзенькі міліцыянт, 23 гады.

Міліцыянт Руслан Салаўёў
Міліцыянт Руслан Салаўёў

Мяркую, дзяжурны, начальнік РУУС павінен разабрацца, чаму так адбылося, што сяржант пайшоў адзін. Справа рэзанансная, у курсе яе кіраўнік дзяржавы, таму, канечне ж, праверка павінна была быць.

Але мы не павінны блытаць інструкцыі МУС і закон.

Калі кажуць, што трэба абмежаваць правы супрацоўнікаў міліцыі, я з гэтым нязгодны. Наадварот, як прафэсіянал кажу: правы міліцыі трэба пашырыць.

Непрафэсіяналізм і адсутнасьць вопыту навідавоку

Што да бытавых скандалаў, гадамі алькаголікі шумяць у падʼездах, кватэрах, тэрарызуюць семʼі, а міліцыя ня можа часам нічога зрабіць, бо не хапае паўнамоцтваў: ня можа ўначы ў кватэру трапіць, дзе шумяць. Таму на праблему трэба глядзець комплексна.

І другое. Слабая фізычная падрыхтоўка ў міліцыянта. Супрацоўнік МУС павінен граматна прымяніць фізычную сілу, прыёмы самаабароны, спэцсродкі без выкарыстаньня агнястрэльнай зброі. Непрафэсіяналізм і адсутнасьць вопыту навідавоку. Супрацоўнік міліцыі малады, слаба падрыхтаваны.

Тут пытаньні да кіраўніцтва: чаму супрацоўнікі непадрыхтаваныя? Натуральна, усе шараговыя супрацоўнікі ня могуць быць такой камплекцыі і падрыхтоўкі, як у АМАПе і спэцпадразьдзяленьнях, але даць адпор парушальніку павінны ўмець.

Што тычыцца прысуду — я лічу, што прысуд справядлівы, добра, што хлопца пакінулі на волі, не пасадзілі. Няхай працуе. Я думаю, што прычына такіх паводзін — алькаголь«.

«У сяржанта міліцыі не было досьведу, ён разгубіўся»

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Былы начальнік Упраўленьня ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму генэрал міліцыі Мечыслаў Грыб лічыць, што ў дзеяньнях міліцыянта быў цэлы шэраг парушэньняў унутраных інструкцый.

«На сямейныя, бытавыя канфлікты супрацоўнік міліцыі ня мае права выяжджаць адзін, толькі з напарнікам. Па-другое, у яго павінны быць, акрамя табэльнай зброі, іншыя спэцсродкі: гумовая дубінка, газавы балёнчык, наручнікі. Газавы балёнчык быў няспраўны.

Я матэрыялы справы не чытаў, толькі СМІ — і, паводле паказаньняў міліцыянта, падчас сутычкі пʼяны хлопец учапіўся за кабуру са зброяй, і сяржант бараніў свой пісталет, сваю зброю. Падчас гэтай барацьбы і прагучаў адзін стрэл. Як было на самой справе — цяжка меркаваць.

Але скажу з уласнага досьведу: калі разьбіраць гэты інцыдэнт пасьля, можна раскласьці па палічках: чаму міліцыянт гэта не зрабіў, чаму тое, ці была неабходнасьць прымяненьня зброі, ці мог ён без выкарыстаньня пісталета супакоіць гэтага пʼянага хлопца. Але ў рэальнай сытуацыі, калі ідзе такая сутычка, няма часу думаць, за што хапацца — што трапіць пад руку, тое і схапіў міліцыянт. У сяржанта не было досьведу, ён разгубіўся.

Дзякуй богу, не адбылося трагедыі, усе жывыя. Дый суд паступіў гуманна: хлопец застаецца на свабодзе, будзе працаваць», — кажа Мечыслаў Грыб.

Ці была праведзена службовая праверка па правамернасьці дзеяньняў сяржанта Руслана Салаўёва, высьветліць не ўдалося. Прэсавы сакратар Упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі адказаў Свабодзе:

«Я вельмі заняты, няма часу. І наагул, я ня буду камэнтаваць гэтую справу».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG