Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Блытаецца так, нібыта ў яго стралялі, а ня ён». Бацька не паверыў ніводнаму слову міліцыянта, які параніў ягонага сына


Андрэй Гаўрош у судзе

У Маскоўскім судзе Менска судзяць менчука Андрэя Гаўроша, якога ў навагоднюю ноч двойчы параніў міліцыянт Руслан Салаўёў.

Гаўроша абвінавачваюць у непадпарадкаваньні і зьбіцьці міліцыянта, чаго ён не прызнае цалкам.

У першы дзень працэсу даваў паказаньні пацярпелы. Міліцыянт распавёў пра абставіны сутычкі паміж ім і абвінавачаным ў навагоднюю ноч, пра тое, як і чаму страляў у Гаўроша з табэльнага пісталета, і што адбывалася зь ім у пад’езьдзе дому і ў міліцэйскім аддзяленьні пасьля інцыдэнту.

У судовай залі. У цэнтры бацькі абвінавачанага Андрэя Гаўроша
У судовай залі. У цэнтры бацькі абвінавачанага Андрэя Гаўроша

Як ацанілі бацькі Андрэя Гаўроша паказаньні міліцыянта Руслана Салаўёва? У перапынку паміж судовымі паседжаньнямі карэспандэнт Свабоды пагаварыў пра гэта з бацькам абвінавачанага Алегам Гаўрошам.

Салаўёў ва ўсім блытаецца, у ягоных паказаньнях няма нічога пэўнага, нават колькасьць стрэлаў не запомніў

​— Што сказаць? Галоўнае ўражаньне, што я не паверыў аніводнаму слову гэтага Салаўёва пра тое, як і праз што пачаўся канфлікт, што выліўся ў страляніну. Бо Салаўёў ва ўсім блытаецца, у ягоных паказаньнях няма нічога пэўнага, нават колькасьць стрэлаў не запомніў. Раней казаў, што страляў 2 разы, цяпер кажа пра 3 стрэлы; што быў папераджальны стрэл, цяпер — што не было. Чаму так блытаецца? Патлумачыў, што перажыў шок, хаця стралялі не ў яго, а страляў ён. Таму паказаньні мне падаюцца прыдуманымі. А як яшчэ іх ацаніць?

— Чаму ўсё ж міліцыянт страляў, на вашу думку?

— Мне гэта цяжка ўявіць. Я ведаю толькі, што сын наш ураўнаважаны, спакойны, ня стаў бы даводзіць справу да таго, каб стралялі. Што там адбылося — цяжка сказаць, яны лепш ведаюць. Паслухаем яшчэ сына.

— Раней зь ім было, каб учыняў гучныя сьвяткаваньні ды не лічыўся з суседзямі?

— Ня чуў пра такое. Ды і тут ня думаю, што адбывалася нешта незвычайнае, акрамя нармальнага адзначэньня Новага году. Глядзіце, суседзі па тамбуры нічога не казалі, ня скардзіліся на шум, а толькі маладой суседцы зьверху падалося, што нібыта занадта шумяць, і яна выклікала міліцыю. Але прыехаў міліцыянт Салаўёў і сам кажа ў судзе, што у пад’езьдзе было спакойна, шуму не было. Дык чаго палез да сына разьбірацца?

— Чым займаецца ваш сын, вучыцца ці працуе?

— На «Кераміне» 8 гадоў адпрацаваў наладчыкам. Да таго вучыўся 6 гадоў завочна, у кватэры рамонт сам зрабіў, старанны, працавіты. У верасьні летась у яго было вясельле, толькі жыць пачалі, дзяцей яшчэ не завялі. І вось табе! Але, лічу, мой сын ні ў чым не вінаваты. Можа толькі ў тым, што не запрасіў тады гэтага міліцыянта да сябе ды не наліў яму 100 грамаў, як паложана ў навагоднюю ноч.

Бацька Андрэя Гаўроша - Алег Гаўрош
Бацька Андрэя Гаўроша - Алег Гаўрош

Алег Гаўрош мяркуе, што ў міліцыю набіраюць недастаткова прыдатных для гэтай адказнай службы людзей, вось і здараюцца такія інцыдэнты, як зь ягоным сынам. «Вы ж глядзіце, усё заклеена аб’явамі пра запрашэньне ў міліцыю. А як і чаму іх там вучаць, гэта яшчэ пытаньне», — мяркуе бацька.

Маці Андрэя Гаўроша сказала, што, выслухаўшы паказаньні міліцыянта ў судзе, яшчэ больш пераканалася ў невінаватасьці свайго сына Андрэя: «Наш сын ні ў чым не вінаваты», — канстатавала яна.

Абаронца Андрэя Гаўроша Юлія Станкевіч зьвярнула ўвагу на хуткасьць, зь якой супраць яго падабароннага была заведзеная крымінальная справа. Пра гэта сьведчаць дадзеныя пратаколу першага допыту. Ужо каля 13 гадзін 1 студзеня, то бок праз 5 гадзін пасьля здарэньня, Салаўёў быў прызнаны пацярпелым і даў у гэтай якасьці паказаньні ў межах крымінальнай справы.

Андрэй Гаўрош у той момант знаходзіўся ў рэанімацыі шпіталя хуткай дапамогі, лекары вялі барацьбу за ягонае жыцьцё.

Падчас сьледзтва Андрэй Гаўрош знаходзіўся пад вартай у ізалятары на Валадарскага. «Сустрэчы зь ім былі, на ўмовы ці на штосьці іншае ня скардзіўся», — сказаў бацька падсуднага.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG