Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзятараў «Арсэналу» даставяць у Барысаў зь міліцэйскім эскортам


Лёнданскі футбольны клюб "Арсэнал", архіўнае фота

Увечары 28 верасьня — вялікі футбол на «Барысаў-Арэне». Тут адбудзецца матч групавога раўнду Лігі Эўропы паміж футбольнымі клюбамі БАТЭ (Барысаў) і «Арсэнал» (Лёндан).

З улікам суровага нораву брытанскіх заўзятараў УУС Менскага аблвыканкаму, якое будзе забясьпечваць ахову грамадзкага парадку на стадыёне, папярэджвае пра захады бясьпекі.

У прыватнасьці, паведамляецца, што гледачоў будуць прапускаць праз чатыры асноўныя ўваходы, на кожным праваахоўнікі абсталююць па шэсьць прапускных пунктаў. З грувасткімі рэчамі і ручной паклажай пускаць ня будуць — іх трэба будзе здаваць у камэру захоўваньня.

Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі абяцаюць прапускаць «максымальна хутка», да кожнага заўзятара будзе «індывідуальны падыход». Арэна адчыніцца за дзьве гадзіны да пачатку сустрэчы, аматарам футболу раяць не цягнуць да апошняга, а прыходзіць загадзя.

На подступах да "Барысаў-Арэны"
На подступах да "Барысаў-Арэны"

А вось заўзятараў ангельскага клюбу даставяць у Барысаў з эскортам. Як удакладнілі ў абласной міліцыі, з улікам вялікай цікавасьці да футбольнага паядынку і масавай «мабілізацыі» фанатаў «Арсэналу» як з сумежных краінаў, так і з самой Вялікай Брытаніі, плянуецца цэнтралізавана сабраць прыхільнікаў гэтай каманды ў Менску і даставіць да стадыёну на аўтобусах.

Таксама супрацоўнікі праваахоўных органаў нагадваюць, што падчас «масавых мерапрыемстваў» забараняецца:

• мець пры сабе зброю, выбуховыя рэчывы і прадметы, выкарыстаньне якіх можа ўяўляць пагрозу жыцьцю і здароўю грамадзян;

• праносіць алькагольныя напоі, піва, за выключэньнем ахаладжальных напояў у празрыстай плястыкавай тары ёмістасьцю ня больш за 0,5 літра;

• праносіць буйнагабарытныя рэчы;

• знаходзіцца ў стане ап’яненьня;

• перашкаджаць працы супрацоўнікаў міліцыі і асобаў у цывільным, якія забясьпечваюць бясьпеку.

Служба Дзяржаўтаінспэкцыі таксама папярэджвае пра магчымае абмежаваньне руху транспарту перад матчам і пасьля яго.

XS
SM
MD
LG