Паўночная Карэя ня страціла надзеі на перамовы з ЗША

Кім Чэн Ын, архіўнае фота

У адказ на рашэньне прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа скасаваць саміт з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам КНДР заявіла, што ўсё роўна гатовая да перамоваў «дзе заўгодна і калі заўгодна», піша Reuters.

Афіцыйны Пхэньян заявіў, што так ці іначай хоча «вырашыць праблемы» з ЗША.

«Мы высока ацанілі намаганьні прэзыдэнта Трампа, не прынятыя іншымі прэзыдэнтамі, правесьці гістарычны саміт Паўночнай Карэі і ЗША, — перадало Цэнтральнае інфармацыйнае агенцтва КДНР словы міністра замежных справаў дзяржавы. — Мы яшчэ раз заяўляем Злучаным Штатам, што адкрытыя для вырашэньня праблемаў у любы час».

Дональд Трамп скасаваў саміт з Кім Чэн Ынам, які меркавалася правесьці 12 чэрвеня, праз «варожыя заявы» афіцыйнага Пхеньяна.

«Вы кажаце пра вашыя ядзерныя магчымасьці, але нашы ядзерныя магчымасьці такія вялікія і такія магутныя, што я малюся Богу, каб яны ніколі не былі ўжытыя», — пісаў Трамп у афіцыйным лісьце Кіму.

Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампэо дадаў, што Пхэньян апошнімі днямі не рэагаваў на запыты ЗША ў спробах сплянаваць лягістыку саміту.

Раней КНДР сама заяўляла пра магчымы зрыў перамоваў з Трампам. Абурэньне КНДР выклікалі заплянаваныя штогадовая вайсковыя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі «Max Thunder», якія, паводле Паўночнай Карэі, ёсьць «рэпэтыцыяй нападу» і «правакацыйнай вайсковай шуміхай».