Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя адмовілася правесьці перамовы з Паўднёвай, сустрэча Кіма з Трампам пад пытаньнем


Кім Чэн Ын, архіўнае фота

Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва Паўночнай Карэі KCNA распаўсюдзіла заяву аб скасаваньні перамоваў прадстаўнікоў КНДР з Паўднёвай Карэяй.

Паводле агенцтва, цяпер Злучаныя Штаты Амэрыкі павінны «сур’ёзна задумацца аб лёсе» заплянаванага саміту з удзелам прэзыдэнта Дональда Трампа і кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына.

Абурэньне КНДР выклікалі заплянаваныя штогадовая вайсковыя вучэньні ЗША і Паўднёвай Карэі «Max Thunder», якія, паводле Паўночнай Карэі, ёсьць «рэпэтыцыяй нападу» і «правакацыйнай вайсковай шуміхай».

У Белым доме заявілі, што будуць і далей «працаваць у цеснай каардынацыі са сваімі хаўрусьнікамі». Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША заявіў, што працягвае падрыхтоўку да «паўночнакарэйскага» саміту. Пэнтагон нагадваў, што мэты вучэньняў з Паўднёвай Карэяй выразна заяўляліся цягам многіх дзесяцігодзьдзяў: пашырэньне магчымасьцей альянсу па абароне Рэспублікі Карэя, узмацненьне бясьпекі і падвышэньне боегатоўнасьці».

Паўднёвая і Паўночная Карэі днём раней дамовіліся правесьці перамовы на высокім узроўні 16 траўня на паўднёвым баку Пахнмунджома, разьмешчанага ў дэмілітарызаванай зоне паміж дзьвюма краінамі. Гэта маглі быць першыя афіцыйныя перамовы пасьля сустрэчы лідэраў дзьвюх краінаў, Мун Чжэ Іна і Кім Чэн Ына, якая прайшла 27 красавіка 2018 году, якія сталі першай сустрэчай на найвышэйшым узроўні паміж КНДР і Паўднёвай Карэяй за больш чым 10 гадоў.

Трамп тыдзень таму паведаміў, што яго сустрэча з Кім Чэн Ынам адбудзецца ў Сынгапуры 12 чэрвеня. Як напісаў Трамп у твітэры, абодва лідэры паспрабуюць ператварыць сустрэчу ў «асаблівую падзею» для справы міру ва ўсім сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG