Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная і Паўднёвая Карэі вядуць перамовы. З чаго пачыналася пацяпленьне


Дэмаркацыйная зона паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй (зьнята з паўднёвага боку)
Дэмаркацыйная зона паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй (зьнята з паўднёвага боку)

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін сустрэўся зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам на дэмаркацыйнай лініі, якая падзяляе карэйскі паўвостраў. Ын стаў першым за 65 гадоў кіраўніком КНДР, ступіўшым на тэрыторыю Паўднёвай Карэі.

Кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў абмяняліся поціскамі рукі і сказалі вітальныя прамовы. Затым яны перасеклі пракладзеную па зямлі бэтонную памежную лінію, пасьля чаго Кім Чэн Ын нечакана папрасіў прэзыдэнта Паўднёвай Карэі перасекчы памежную лінію яшчэ раз, з поўдня на поўнач. Пасьля гэтага лідэры вярнуліся ў паўднёвую частку дэмілітарызаванай зоны і зноў пераступілі праз бэтонную лінію, шырынёй каля паўмэтра.

Перамовы праходзяць у Доме міру, на поўдзень ад мяжы ў вёсцы Пханмунджам.

Паўднёвая Карэя напярэдадні заявіла, што на саміце будуць абмяркоўвацца «дэнуклеарызацыя Карэйскага паўвострава, устанаўленьне пастаяннага міру на Карэйскім паўвостраве і разьвіцьцё міжкарэйскіх адносін».

Некалькімі днямі раней Сэул упершыню за два гады адключыў гучнагаварыцелі з прапагандай на мяжы з КНДР. Мінабароны Паўднёвай Карэі заявіла, што рашэньне прынятае з мэтай «зьніжэньня ваеннай напружанасьці паміж Поўднем і Поўначчу», а таксама стварэньня падыходнай «атмасфэры для мірных перамоваў».

У паўночнакарэйскую дэлегацыю ўваходзіць сястра лідэра КНДР Кім Ё Чжон, якая ў лютым прыняла ўдзел у цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у паўднёвакарэйскім Пхёнчхане.

Па словах кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Паўднёвай Карэі, лідэры двух дзяржаваў павінны пасадзіць сасну, якая ўпершыню прарасла ў 1953 годзе, калі Сэул і Пхеньян падпісалі пагадненьне аб перамір’і падчас Карэйскай вайны. На памятнай шыльдзе, якая будзе ўсталяваная побач з дрэвам, будуць словы: «Тут пусьцілі карані Мір і Росквіт».

Як пачыналася пацяпленьне?

Збліжэньне двух Карэяў пачалося пасьля звароту паўночнакарэйскага лідэра да нацыі на Новы год. Тады Ын абвясьціў, што 2018 год стане для карэйскага народа «вельмі важным», а таксама што Пхеньян адкрыты да дыялёгу з Сэулам і хоча адправіць сваю нацыянальную зборную на зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхан.

Пасьля нядоўгіх перамоваў у дэмілітарызаванай зоне Сэул і Пхэньян дамовіліся аб долі КНДР у зімовых Алімпійскіх гульнях сумеснай каманды па жаночым хакеі. Пазьней на саму Алімпіяду з Паўночнай Карэі прыехала дэлегацыя на чале з сястрой Ына.

Неўзабаве пасьля завяршэньня Гульняў зьявіліся першыя паведамленьні аб тым, што Кім Чэн Ын хоча пачаць перамовы з ЗША і Дональдам Трампам асабіста пра ператварэньне Карэйскага паўвострава ў бязьядзерную зону.

За гэтым рушыла ўсьлед таемная сустрэча дырэктара ЦРУ (а цяпер дзяржсакратара ЗША) Майка Пампэо з Кім Чэн Ынам ў Пхэньяне. Напярэдадні сёньняшніх перамоваў Белы дом апублікаваў фатаграфіі з гэтай сустрэчы.

У пачатку красавіка ўлады Паўночнай Карэі заявілі, што прыпыняюць ўсе ядзерна-ракетныя выпрабаваньні і закрываюць палігон, на якім яны праводзіліся. Кітайская прэса, праўда, выказала меркаваньне, што мірная ініцыятыва Пхэньяна тлумачыцца тым, што палігон пасьля чарговых выпрабаваньняў восеньню мінулага года быў разбураны.

Ядзерныя пагрозы і санкцыі

Але нечакана распачатаму дыялёгу папярэднічалі пагрозы ядзернага ўдару з боку і КНДР, і ЗША, пашырэньне міжнародных санкцыў, якія фармальна ўсталёўвалі блякаду для КНДР, і шэраг няўдалых выпрабаваньняў балістычных ракет і вадароднай бомбы Паўночнай Карэяй.

Тады, у сярэдзіне 2017, Кім і Трамп рэгулярна абменьваліся пагрозамі і абразамі. Але ўжо ў лютым спачатку Савет бясьпекі ААН, а потым і Вашынгтон пашырылі санкцыі супраць Пхэньяна (у першую чаргу зьвязаныя з пастаўкамі нафты і нафтапрадуктаў, а таксама вугалю).

ЗША таксама запатрабавалі захаваньня санкцый ад галоўнага саюзьніка КНДР Кітая, пагражаючы апошняму гандлёвай вайной, а Трамп адкрытым тэкстам прыгразіў прымяніць супраць КНДР ядзерную зброю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG